Ілюстрацыя: Медыязона

«Гэта быў цікавы шлях, як вяртанне дадому»

Музыка Крысціна нарадзілася ў Эстоніі, але з мужам і дачкой жыве ў Нямеччыне.

Ёй 32 гады, і захапленне беларускай мовай пачалося з дзяцінства. Бацькі часта адпраўлялі дзяўчынку ў вёску да бабулі з дзядулем — у Ляхавіцкім раёне.

«Уся вёска размаўляла па-беларуску, школа была беларуская, а мае бабуля і дзядуля былі ў ёй настаўнікамі. Дзядуля выкладаў гісторыю, а бабуля — беларускую мову і літаратуру».

Пасля была Эстонія, навучанне ў Лондане, і на нейкі час беларуская мова стала ў жыцці Крысціны на паўзу. Жаданне вывучаць мову продкаў з’явілася пасля ўніверсітэту.

«Вярнулася цікавасць да сваіх каранёў, і таму я вярнула беларускую ў свае жыццё. Пачала чытаць кніжкі па-беларуску. Гэта быў цікавы шлях, як вяртанне дадому. Я нават пачала лепей сябе адчуваць ментальна і псіхалагічна, бо прыйшло разуменне, адкуль я. Таму, напэўна, я такім чынам і засталася беларускай. Мне так лепей на душы».

Цяпер Крысціна жыве ў шматмоўным асяроддзі — беларуская, нямецкая, ангельская, эстонская. Рускую мову музыка разумее, але цалкам выключыла яе са свайго жыцця, бо лічыць, што «адна славянская мова, здараецца, у жыцці замінае іншай».

«Усе, што я магу — я чытаю па-беларуску. Нават пра нейкія жаночыя праблемы, пра догляд за скурай, нейкія філасофскія рэчы, мастацкую літаратуру. Цяпер калі трэба нешта сказаць па-расейску, мне цяжка, у мяне ўжо, здаецца, цягліцы так не працуюць, вымаўляць цяжка», — кажа яна.

Калі ў сям’і з’явілася дзіця, паўстала пытанне — на якой мове выхоўваць. Бацькі прыйшлі на высновы, што асноўнай мовай камунікацыі з мамай будзе беларуская.

Цяпер трохгадовая дачка Крысціны размаўляе па-беларуску, а таксама валодае эстонскай і ангельскай.

«Яна можа ўжыць у адным сказе словы з некалькіх моваў, і я прашу яе другі раз сказаць тое самае, толькі па беларуску».

У выхаванні такім чынам Крысціна час ад часу сустракаецца з праблемамі. Напрыклад, досыць часта выходзіць так: яна шукае заняткі ці нейкі летнік для беларускіх дзетак. Але калі знаходзіць, аказваецца, што заняткі там вядуцца па-расейску — а гэтай мовы дачка Крысціны не разумее.

«Знаходжу, радуюся — вось, нешта новае для беларусаў. А потым я прыходжу, а там усё па-расейску. І мяне гэта абурае, бо маё дзіця не разумее ні слова. Яе пытаюць: «Что ты делаешь?», а яна слова «делаешь» не чула, ёй трэба казаць — «што ты робіш». Вось тут шмат непаразумення».

Крысціна мяркуе, што праз тое, што мова не перадаецца ад бацькоў дзецям, само існаванне яе знаходзіцца пад пагрозай.

«Я ведаю бацькоў, якія самі добра валодаюць беларускай, але вырашылі выхоўваць дзяцей па-руску».

«На жаль, я лічу, што беларуская мова памрэ. Вось такія песімістычныя разважанні. Можа, яна памрэ нават з гэтым пакаленнем. Таму што я не адчуваю, што яна развіваецца. Трэба каб людзі, якія лічаць сабе беларусамі хаця б пачалі гэтую мову перадаваць дзецям. Мы можам пісаць прыгожыя вершы і ствараць медыяканалы, але няма ў гэтым сэнсу, калі мова не перадаецца наступнаму пакаленню», — лічыць яна.

Сама Крысціна пры гэтым размаўляць па-беларуску працягвае, кажа — лічыць сябе беларускай і не можа інакш. Таму працягвае сачыць за беларускімі навінамі («хаця яны такія, што час ад часу трэба рабіць перапынак, каб захаваць псіхіку»), і марыць аб паляпшэнні палітычнай сітуацыі, каб наведаць радзіму дзядулі і бабулі. А яшчэ — нават сама стварае песенькі і прымаўкі для сваёй дачкі.

«Кантэнту для дзяцей па-беларуску хапае, але калі раптам мне тэрмінова патрэбна якая небудзь песенька ці лічылка, я проста прыдумваю сама. Думаю, што калі мне спатрэбіцца для дачкі якая небудзь кніга, і яе не будзе па-беларуску, то я проста перакладу яе сама».

«Першае, што я паглядзеў па-беларуску, была свінка Пэпа»

У 2020 годзе Енджэй у Познані пазнаёміўся з беларускай, і пачаў вывучаць беларускую мову, каб прасцей паразумецца з ёй. Раней ён ніколі не размаўляў па-беларуску, але вывучаў рускую — на факультэце ўсходазнаўства ў Познаньскім універсітэце імя Адама Міцкевіча.

Зараз з той дзяўчынай Енджэй ужо не разам, але вучыцца на факультэце беларускай філалогіі, што нядаўна адкрылі ва ўніверсітэце.

Акрамя таго, дзядуля Енджэя паходзіць з Баранавіч, таму паляку было цікава навучыцца размаўляць на ягонай мове.

Вывучаць мову хлопец пачаў з чытання кніг і беларускага кантэнту на ютубе.

«Хаця, калі шчыра, першае, што я паглядзеў па-беларуску, была свінка Пэпа. А потым былі ўжо розныя блогеры, каналы з мемамі. Бо лепш за ўсё мова вучыцца праз смех».

Зараз Енджэй размаўляе па-беларуску з сябрамі з дыяспары ў Польшчы, а таксама на працы — з беларусамі, якія прыходзяць да яго па сваіх справах. Часцей за ўсё, праўда, яны размаўляюць па-расейску, але здараюцца і выключэнні.

«Я — паляк, размаўляю з імі па-беларуску, а яны адказваюць мне на расейскай, гэта дзіўна, канечне. Але бывае і так, што яны вельмі становяцца ўсцешаныя тым, што я размаўляю па-беларуску, і адказваюць мне па-беларуску таксама».

Па-за працай Енджэй сябруе з некалькімі беларусамі, разам яны наведваюць мерапрыемствы, якія дыяспара ладзіць у Познані.

«Напрыклад, была імпрэза, угодкі выбараў. Выступала шмат людзей, і ніхто не казаў па-расейску. Мне здаецца, гэта значыць, што можна сказаць, што Познань — беларускамоўны горад».

Паводле Енджэя, асабліва ў кампаніі беларусаў натхняюць тыя, хто пераходзіць на беларускую мову.

«Я знаёмы з людзьмі, якія, пераехаўшы сюды, у Польшчу, пачалі вывучаць і польскую, і беларускую. Атрымліваецца, што ў іх знаходзіцца на гэта і сілы, і час».

Некалькі разоў Енджэй бываў у Беларусі, адзін раз — праездам па дарозе ў Катынь, другі раз — на канферэнцыі ва ўніверсітэце і яшчэ адзін раз — адмыслова ездзіў на радзіму дзядулі ў Баранавічы.

«Я правёў там два тыдні. Такі цікавы горад, здаецца, там няма чаго пабачыць, але калі пачытаць, то даведваешся, якая ў яго цікавая гісторыя».

Енджэю хацелася б прыехаць у Беларусь яшчэ раз, але пакуль што ён не рызыкуе.

«Я вельмі хачу зноў паехаць у Беларусь, але сітуацыя там цяжкая. Напэўна я зраблю гэта, як толькі будзе бяспечна. Бо адчуваю, што мне туды трэба, там нарадзіўся мой дзядуля».

«Я — вялікая няспадзяванка для беларусаў: рускі, які вывучае беларускую»

Максім у свае 29 з’ехаў з Пецярбурга ў Грузію пасля пачатку вайны, а адтуль — на Кіпр.

Беларуская мова з’явілася ў жыцці Максіма ў 2019 годзе — тады ў сяброўкі яму трапілася кніга — зборнік вершаў Максіма Танка.

«Было цікава, я не карыстаўся ніякімі перакладчыкамі, спрабаваў здагадацца, пра што ж там было», — згадвае ён.

Да 2020 года беларускай у жыцці Максіма больш не было, але калі пачаліся пратэсты — ён пачаў чытаць навіны па-беларуску, і такім чынам вучыць мову. А ў Грузіі, дзе ён апынуўся праз вайну, хлопец пазнаёміўся з беларусамі.

«Раптоўна знайшлася суполка беларусаў, з якімі можна было паразмаўляць, пабавіць час. Гэта было цалкам пра беларускую культуру, былі нейкія гістарычныя лекцыі. І там я ўжо пачаў практыкавацца ў размовах, недзе з верасня 2022-га».

«Я быў вялікая няспадзяванка для беларусаў Сакартвэла — рускі, які вывучае беларускую», — кажа Максім.

Спачатку Максім размаўляў на, як ён сам кажа, трасянцы — калі не ведаў слова па-беларуску, замяняў яго расейскім адпаведнікам. Прасіў суразмоўцаў выпраўляць яго, калі кажа нешта няправільна, стараўся запомніць як мага больш новых слоў.

З часам падпісаўся на папулярныя акаўнты ў інстаграме — «Пакрысе», «Лёгкая мова», Лізу Ветраву і іншых.

Вывучэнне беларускай было для Максіма прыемнай справай — малады чалавек наогул цікавіцца мовамі і разам з беларускай на розных узроўнях валодае сямю мовамі.

Пры гэтым беларуская ў гэтым сэнсе дапамагла яму лепей зразумець і родную мову.

«Я зразумеў, што, ведаючы больш за адну славянскую мову, пачынаю і расейскую лепш разумець. Я на яе паглядзеў інакш, пачаў заўважаць, што, напрыклад, засталося ў беларускай ці польскай, але страцілася ў расейскай».

Пасля ад’езду на Кіпр беларускай мовы ў паўсядзённай камунікацыі Максіма стала менш. Размаўляць на ёй пакуль няма з кім, застаецца толькі перапіска з сябрамі з Грузіі ў месенджары.

Час ад часу Максім працягвае чытаць беларускія навіны і думае пра тое, каб зноў наведаць Беларусь. Раней ён на некалькі дзён прыязджаў у Мінск, і кажа, што гэтага вельмі мала, каб нешта зразумець пра горад і краіну.

«Я памятаю, бачыў тады толькі галоўныя праспекты — Незалежнасці, Пераможцаў, але гэтага недастаткова, каб атрымаць поўнае ўражанне. Тады, дарэчы, я толькі аднойчы пачуў на вуліцы беларускую — нейкая жанчына размаўляла па тэлефоне. Цяпер я, канечне, не паеду ў Беларусь, бо гэта небяспечна. А так — хацелася б павандраваць па яе вёсках і балотах».

Клас
31
Панылы сорам
0
Ха-ха
1
Ого
2
Сумна
2
Абуральна
1