Фота: інстаграм «Бусліка»

Фота: інстаграм «Бусліка»

26 кастрычніка польская кампанія CDRL, якой належыць 90% у беларускім ТАА «ДПМ» і якая кіруе крамамі пад брэндам «Буслік», выпусціла справаздачу. Там сярод іншага паведамлялася, што Альфа-Банк даў ТАА «ДПМ» 10 сутак на пагашэнне валютнага крэдыту 3,95 мільёна даляраў з правам забраць маёмасць кампаніі ў залік доўгу. 

Такім чынам банк спрабаваў гарантаваць сабе першае месца ў чарзе крэдытораў, угледзеўшы прыкметы неплацежаздольнасці «Бусліка»: падзенне выручкі ад анлайн-гандлю на 44,5%, а таксама падзенне выручкі на 18% у афлайн-гандлі супраць паказчыкаў на год раней. 

Палякі канстатавалі, што на фоне эканамічнай палітыкі беларускіх уладаў і нявыгадных курсавых розніц ім застаецца спісаць дэбіторскія запазычанасці і кошт акцый сваёй даччынай кампаніі ў страты.

Прайшоў месяц, «Буслік» яшчэ жывы. Што адбываецца з кампаніяй?

Па інфармацыі «Нашай Нівы», Альфа-Банк даў ТАА «ДПМ» адтэрміноўку 4 месяцы. «Буслік» яшчэ троху працягне. Але з нюансамі і разлікам на цуд. 

Кампанія напалову скарачае свае плошчы ў Беларусі — пад нож ідуць стратныя ці найменш прыбытковыя крамы разам з персаналам у спробе скараціць свае аперацыйныя выдаткі. 

Дагэтуль у «Бусліка» было 40 крам па ўсёй краіне. Зараз добра калі застанецца 20, кажуць крыніцы, знаёмыя з сітуацыяй. 

Асноўныя праблемы кампаніі, па словах былых супрацоўнікаў «Бусліка», якія пагаварылі з «Нашай Нівай», пачаліся год таму — пасля прыняцця сумнавядомага Указа №713 аб абмежаванні нацэнак на тавары. 

Запасу трываласці «Бусліку» хапіла, каб працягнуць год. 

«Калі палякі куплялі «Буслік» у 2018-м, яны куплялі лідара рынку, у які да іх інвеставаў ЕБРР (Еўрапейскі банк рэканструкцыі і развіцця). Усё ішло добра, але нядоўга: абвал рубля, вайна, 713-ты ўказ.

Калі CDRL яшчэ неяк пагадзілася застацца ў Беларусі пасля пачатку вайны, змірыўшыся і з рэпутацыйнымі рызыкамі, і з падзеннем прыбыткаў на фоне курсавых розніц, то 713-ты ўказ робіць далейшую прысутнасць практычна немэтазгоднай. 

Ты не можаш прадаваць выгадна. А нівеляваць падзенне выручкі колькасцю прададзенага таксама не можаш, таму што, каб пашырацца, патрэбна інвеставаць. А які дурань будзе сёння на іх месцы інвеставаць у Беларусь? Яны лепш у яшчэ адзін заводзік у Польшчы ўкладуцца, чым засунуць грошы ў Беларусь», — сказаў нам былы супрацоўнік «Бусліка». 

Суразмоўцы звяртаюць увагу, што, нягледзячы на часовую палёгку, кампанія знаходзіцца, кажучы альпінісцкай тэрміналогіяй, у «зоне смерці». 

«Гэта як у гарах, дзе ёсць вышыня, пасля якой адаптацыя ўжо немагчымая, і арганізм у кожным разе загіне, але колькі пратрымаецца — залежыць ад рэсурсу.

Сёння многія бізнэсы ў «зоне смерці», і на гадавіну прыняцця 713-га ўказа мы пахавалі «Востраў чысціні» і, вось, «Буслік». І многіх яшчэ пахаваем, бо сітуацыя ва ўсіх тых, хто фарміруе цану ў Беларусі, аднолькавая. 

Як я разумею, кіраўніцтва кампаніі спадзяецца, што іхняга рэсурсу хопіць дажыць да адмены ці, у нейкай форме, змены 713-га ўказа. І ўдаўка паслабее, ізноў пойдуць грошы». 

«На цуд спадзяюцца ўсе, але ўсур'ёз ніхто яго ў бізнэс-планы не закладае», — кажа іншы суразмоўца «Нашай Нівы».

Рэальнасць у тым, што са смерцю «Бусліка» для спажыўца мала што зменіцца, проста яго месца канчаткова зоймуць рускія. Сітуацыю заўважаць толькі клеркі, праз якіх праходзяць лічбы падатковых паступленняў. Таму што

«Дзіцячы свет» і «Вайлдберыз», якія працуюць у той жа нішы, фарміруюць і пакідаюць прыбыткі не ў Беларусі — у адрозненне ад «Бусліка». З 713-м указам атрымліваецца, што свае павыміраюць, а манаполія ў частцы рытэйлу, як мінімум дзіцячых тавараў у Беларусі, узнікне ў рускіх», — дадаў наш суразмоўца. 

Апытаны «Нашай Нівай» супрацоўнік банкаўскага сектара патлумачыў розніцу мадэляў «Бусліка» і асноўных канкурэнтаў — расійскага «Дзіцячага свету» і «Вайлдберыз». 

«Трэба разумець увесь ланцужок. Расіяне маюць магчымасць фарміраваць цану на сваіх матчыных кампаніях у Расіі, дзе няма абмежаванняў, а потым пастаўляць тавары сваім дочкам у Беларусь, дзе прадаюць тавар ужо з дазволенай нацэнкай. Трэба разумець, што яны зарабляюць не на гэтай нацэнцы, а на разліку паміж сваімі кампаніямі.

А нават калі нашы органы возьмуць і задумаюцца, каму яны тут расчышчаюць дарогу і як так атрымліваецца, што рускія рубяць бабло ў абыход 713-га ўказа, то выявіцца рэч яшчэ цікавейшая — што цану тыя сфарміравалі і пакінулі яшчэ на сваіх пракладках у Кітаі, з якіх адгружаюць сабе ў Расію, а потым у Беларусь. 

І наколькі прыбытковай у лічбах будзе іх беларуская дачка, па сутнасці, іх хвалюе менш за ўсё.

Але фармальна ўсё выглядае класна: і «Дзіцячы свет», і «Вайлдберыз» — узорныя выканаўцы ўказаў Саўміна, і абіваць ганкі адміністрацый, пісаць лісты, прасіць памяняць заканадаўства, як цяпер гэта робіць Місячэнка (Сяргей Місячэнка — стваральнік і кіраўнік «Бусліка», якому належыць 10% акцый. — НН) яны не будуць», — сказаў нам адзін з беларускіх банкіраў. 

Чаму б такімі ж схемамі не займацца і «Бусліку»? Нашы суразмоўцы лічаць, што гэта нерэальна. 

«Не ўсё, што прадаецца ў «Бусліку», прадаюць палякі. Яны разглядалі сваю беларускую інвестыцыю як канал продажу ўласнага брэнду дзіцячага адзення і абутку Coccodrillo. Але «Буслік» прадае не толькі гэта. Добра, калі доля непасрэдна польскіх тавараў у наменклатуры сеткі сягала 15%. Цяпер пастаўляць свае тавары палякі ўвогуле адмовіліся. 

Іншыя тавары закупляюцца ў іншых пастаўшчыкоў, і пра гэтыя цэны ў «Бусліка» пытаюцца органы, бо з яе яны робяць нацэнку», — кажа суразмоўцы. 

На думку былога супрацоўніка «Бусліка», «у CDRL вялікі бізнэс. Чым ствараць мутныя схемы праз Расію і Кітай, ім прасцей забыць пра беларускую гісторыю і спісаць яе. Што яны і зрабілі, уласна». 

Чаму Альфа-Банк пайшоў на саступкі «Бусліку» і што з гэтага атрымлівае, невядома. 

На момант выстаўлення патрабавання 10-дзённага пагашэння крэдыту ў мінскіх бізнэс-колах меркавалі, што Альфа-Банк, карыстаючыся тэрмінальнай стадыяй кліента, вырашыў згуляць сваю гульню і перапрадаць «Дзіцячаму свету» свайго даўжніка даражэй, не дапусціўшы прамога выкупу расіянамі. 

Калі вам важна тое, што робіць «Наша Ніва», падтрымайце нас капейкай праз Патрэон па спасылцы ніжэй.

Чытайце таксама:

Быў Элькінд, стаў Скітаў. Гісторыя дырэктара «Бабушкінай крынкі» і закуліссе імперыі кіраўніцтва спраў Лукашэнкі

Лукашэнкаўскі «бізнэсмен удачы» Верабей трапіў у прыцэл сілавых структур

«Знялі з яго няслаба». Банкруцтва пагражае «Востраву чысціні»

Клас
8
Панылы сорам
5
Ха-ха
3
Ого
3
Сумна
16
Абуральна
19