Фота: @Tsihanouskaya / x.com

Фота: @Tsihanouskaya / x.com

Вара жыве ў Чэхіі ўжо сем гадоў, пераехала туды з маці. Яшчэ раней, перад выбарамі-2015, у краіну перабраўся яе бацька Георгій Шылін. Дзяўчынка вучыцца ў школе і хоча стаць стаматолагам. 

Некалькі гадоў таму Вара набыла дрон, каб з яго дапамогай здымаць краявіды горада, дзе жыве. Частку грошай ёй падарылі бацькі, а частку яна назбірала сама.

Беларуска з сям’ёй жыве ў Зручы-над-Сазавай — гарадку, у якім жыве пяць тысяч чалавек, заснаваным у XIV стагоддзі. У горадзе ёсць свой замак, рэканструяваны гадоў пятнаццаць таму, назіральная вежа і багата каларытнай архітэктуры.

Калі пачалася вайна, дзяўчынка з бацькам шмат абмяркоўвалі падзеі ва Украіне і захацела нешта зрабіць для ўкраінцаў. Вырашыла аддаць на карысць украінскай арміі дрон. 

«Калі мы збіраліся ехаць перадаваць дапамогу, яна папрасіла спакаваць свой дрон. Паколькі гэта яе рэч, мы ёй і слова не сказалі, тым больш што справа патрэбная», — тлумачыць Георгій.

Дзяўчынка згадвае, што разам з бацькам яна прыехала ў Прагу. Там яны сустрэліся з валанцёрамі, якія збіралі дапамогу для Украіны, перадалі ім дрон, татаў бінокль, бялізну і скрынку снікерсаў. А таксама беларуска намалявала Івана «Брэста» Марчука і напісала кранальны ліст.

«Вітаю! Мяне завуць Вара. Я адпраўляю вам свой любімы дрон. Ён вам больш патрэбны. Хачу, каб вы ўсе былі жывыя. Калі ласка, калі прагоніце ўсіх фашыстаў з Украіны, вызваліце потым і маю Беларусь».

Фота: @kirillpartizan / x.com

Фота: @kirillpartizan / x.com

Чаму дзяўчынка палічыла важным згадаць у лісце і сваю Радзіму? Яна тлумачыць: «Беларусь — мая краіна, яна для мяне важная. Я там расла недзе да сямі гадоў, я люблю сваю краіну».

Фота з дронам і лістом дзяўчыны запосціў у сеціве Кірыл Якімовіч — кіраўнік Praga Support Team, валанцёрскай ініцыятывы, праз якую Вара перадала дрон. Твіт са здымкам атрымаў больш за дзесяць тысяч лайкаў, і бацька дзяўчынкі Георгій прызнаецца, што такога рэзанансу ён з роднымі і не чакаў. Пазней, кажа ён, шмат блогераў прапаноўвалі выкупіць Варын дрон назад, але сама дзяўчынка адмовілася і папрасіла ахвотных дапамагчы ахвяраваць грошы на яе наступную ініцыятыву. «Спадзяюся, ён чымсьці дапамог», — так дзяўчына кажа пра той дрон.

Вясной 2022-га беларуска разам з татам арганізавалі збор грошай на падраздзяленне аэравыведкі, якое пазней увайшло ў склад палка Каліноўскага. Той збор «Байсола» сабраў больш за 60 тысяч еўра: не толькі на дроны, але і на два джыпы, штабную камандную машыну і два камплекты для спадарожнікавага інтэрнэту Starlink.

Таксама сям’я давала прытулак украінскім уцекачам.

Восенню 2023-га Вара збіралася мяняць пашпарт праз беларускае пасольства ў Чэхіі — ён у яе заканчваецца якраз днямі. Дзяўчынка аказалася адной з тых беларусаў, хто не паспеў атрымаць пашпарт — цяпер, як вядома, за мяжой іх не выдаюць.

«Мы стаялі ў чарзе [на замену пашпарта] у пасольства, адразу пасля ўказа [№278 аб пашпартах] нам пазванілі адтуль і сказалі, што пашпарт мяняць не будуць. Праз пару дзён мы паехалі ў чэшскую міграцыёнку. Удакладніў некаторыя пытанні ў беларускай народнай амбасады, але збольшага знайшоў патрэбную інфармацыю на сайце Міністэрства ўнутраных спраў, і ў міграцыёнцы нам усё патлумачылі.

Адзінае, давялося пісаць ад рукі тлумачэнне, чаму мы не можам памяняць пашпарт. З дапамогай народнай амбасады напісаў, што Вара збірала на дроны і хадзіла на мітынгі, я напісаў кнігу, надрукавалі некалькі скрыноў з артыкуламі пра Вару. Мы чакалі два месяцы замест аднаго — відаць, міграцыёнка вырашала, што рабіць. Але потым нам пазванілі і сказалі прыязджаць», — тлумачыць Варын тата.

Георгій удакладняе, што пашпарт іншаземца выдаюць не бясплатна — праўда, збор за яго невялікі. Каб аплаціць збор за дакумент, трэба купіць падатковую марку і падаць яе з усімі паперамі. Для дарослага чалавека паслуга каштуе 500 чэшскіх крон, для дзіцяці — 100 (адпаведна 20,5 і 4 еўра).

Пашпарты іншаземцаў выдаваліся Чэхіяй і раней, але Вара адна з першых, хто яго атрымаў, пасля таго як Лукашэнка забараніў беларускім консульствам мяняць пашпарты. Дзяўчынка атрымала чэшскі дакумент на 5 гадоў, да свайго паўналецця. Пра пашпарты замежнікаў у Чэхіі можна прачытаць таксама тут.

Чытайце таксама:

«Танчык! Кладзіся! Мы ў акружэнні, па нас я****ць танкамі!» — Рэжысёр Сянцоў паказаў відэа бою пад Аўдзееўкай

Зяленскі: Вайна не завершыцца так хутка, як хочацца

Камандзірка эвакуацыі пакідае полк Каліноўскага

Клас
27
Панылы сорам
0
Ха-ха
2
Ого
3
Сумна
0
Абуральна
5

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?