Ілюстрацыйная выява. Фота: Matt Henry Gunther / Getty Images

Ілюстрацыйная выява. Фота: Matt Henry Gunther / Getty Images

Галандскі бізнэсмен Эгберт Эдэльбрук зараз кіруе кампаніяй SpaceBorn, якая займаецца пытаннямі рэпрадукцыі і нараджэння дзяцей у космасе.

Бізнэсменам рухае ідэя, што ў будучыні для стварэння чалавечых калоній за межамі Зямлі трэба спачатку вырашыць пытанне магчымасці размнажацца ва ўмовах космасу.

Падрабязнасці такіх намаганняў раскрыла агенцтва Euronews.

«Пакуль што SpaceBorn United намагаецца дасягнуць толькі штучнага зачацця эмбрыёна ў космасе. Кампанія мае вопыт працы з мышамі, але навукоўцы ўжо стварылі спецыяльны дыск для адпраўкі ў космас чалавечых сперматазоідаў і яйцаклетак, дзе і будзе адбывацца іх змешванне.

Запуск біяматэрыялаў мышэй плануецца на канец наступнага года, а праз гадоў 5-6 даследчыкі плануюць запусціць і чалавечае семя з яйцаклеткай», — піша Euronews са спасылкай на SpaceBorn United.

Створаны такім чынам чалавечы эмбрыён будзе падвергнуты крыягеннай замарозцы і высланы назад на Зямлю. Крыягенная замарозка спыніць яго развіццё і забяспечыць ягонае бяспечнае вяртанне.

Па словах Эдэльбрука, тут таксама паўстае этычнае пытанне аб тым, як гэты эмбрыён будзе імплантаваны ў арганізм жанчыны.

Калі яна паспяхова вынасіць і народзіць, гэта будзе першае ў гісторыі дзіця, зачатае ў космасе.

Эдэльбрук лічыць гэта «далікатнай тэмай», бо ўразлівыя чалавечыя клеткі і эмбрыёны будуць падвергнутыя небяспечным касмічным умовам, для якіх тыя ўвогуле не прызначаныя.

Менавіта таму вялікія касмічныя агенцтвы, як NASA, не праводзяць падобныя эксперыменты, а дазваляюць рабіць гэта прыватным кампаніям, адзначае Euronews.

«Галоўная мэта SpaceBorn United на дадзеным этапе — гэта стварэнне чалавечага эмбрыёна ў космасе, але ў кампаніі спадзяюцца, што змогуць прыйсці і да натуральнага зачацця і родаў у космасе, хоць да такога прагрэсу шлях, канешне, будзе вельмі доўгі», — прызнае кампанія.

Тое, што вадкасці ў арганізме на Зямлі будуць імкнуцца ўніз, а ў космасе пры адсутнасці гравітацыі, наадварот, наверх, з'яўляецца адной са шматлікіх праблем на шляху да поспеху праекту, перадае Euronews. Акрамя таго, дарослы чалавек будзе прасцей пераносіць нагрузкі ў космасе, у той час як ненароджанае дзіця ці немаўля будуць вельмі ўразлівыя ў такіх умовах.

Эгберт Эдэльбрук спачатку разлічваў, што першае зачацце ў космасе адбудзецца «ужо ў бліжэйшы час», але маштабы праблем і выклікаў вымусілі яго крыху знізіць свае вялікія амбіцыі. Пры гэтым 48-гадовы бізнэсмен дагэтуль спадзяецца, што першае дзіця ў космасе народзіцца яшчэ пры ягоным жыцці.

«Я збіраюся дажыць да 100 гадоў, таму нам павінна хапіць дзесяцігоддзяў на дасягненне нашай мэты», — выразіў упэўненасць Эдэльбрук.

Чытайце таксама:

З'едуць ад бацькоў пазней, шматзадачныя і творчыя. Што сацыёлагі кажуць пра цяперашніх дзяцей

Новая тэорыя, якая звязвае эвалюцыю і фізіку, збянтэжыла навукоўцаў

Гэтае вынаходніцтва дазволіць чалавецтву жыць вечна. Расказваем, як яго пабудаваць

Клас
4
Панылы сорам
6
Ха-ха
2
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
5