Кадр з рэпартажу тэлеканала ITV London за 2003 год, на якім, верагодна, паказаны Бэнксі. Фота: ITV News

Кадр з рэпартажу тэлеканала ITV London за 2003 год, на якім, верагодна, паказаны Бэнксі. Фота: ITV News

Аўдыяінтэрв'ю 20-гадовай даўніны пад назвай «The Lost Banksy Story» («Зніклая гісторыя Бэнксі»), выкладзенае сёння на BBC Sounds і прысвечанае сусветна вядомаму мастаку Бэнксі, змяшчае ў сабе ўрывак, у якім мастак пацвярджае здагадку пра сваё сапраўднае імя.

Адбылося гэта падчас адказу на пытанне, якое задаў мастаку ўжо былы журналіст Бі-бі-сі Найджэл Рэнч, які сустрэў Бэнксі на яго першай выставе ў Лондане ў 2003 годзе.

Рэнч спытаў, ці можа ён падчас інтэрв'ю звяртацца да Бэнксі па яго сапраўдным імені, якое на той момант ужо было агучана выданнем The Independent.

Рэнч: Ці ты не супраць, што я буду называць цябе па імені? Я маю на ўвазе тое, якое раней агучвала The Independent?

Бэнксі: Не супраць.

Рэнч: Ты Роберт Бэнкс?

Бэнксі: Проста Робі.

Рэнч: Робі. Добра, Робі.

Нагадаем, што Бэнксі — гэта самы вядомы графіці-мастак у свеце. Хто хаваецца за псеўданімам, дакладна невядома. У 2017 годзе брытанскі дыджэй Goldie прагаварыўся пра сапраўднае імя Бэнксі і таксама назваў яго Робертам.

За год да гэтага брытанскі журналіст Крэйг Уільямс высунуў тэорыю аб тым, што Бэнксі — гэта заснавальнік трып-хоп групы Massive Attack (і сябар дыджэя Goldie) Роберт Дэль Ная. Уільямс высветліў, што многія працы Бэнксі з'яўляліся ў тых месцах, дзе ў гэты ж час выступалі Massive Attack. Дэль Ная пачаў займацца графіці ў 80-х гадах, ён уваходзіў у графіці-гурт The Wild Bunch з Брысталя. Сам музыкант некалькі разоў заяўляў, што Бэнксі — ягоны блізкі сябар.

У той жа час навукоўцы з Лонданскага ўніверсітэта каралевы Марыі сцвярджалі, што ананімны мастак — гэта жыхар Брысталя Робін Канінгем. 

Дарэчы, як адзначае выданне The Independent, менавіта гэтае імя фігуруе ў нядаўнім судовым пазове супраць Бэнксі і яго кампаніі Pest Control Ltd, у якім брытанскі прадпрымальнік Эндру Галагер абвінавачвае мастака ў паклёпе. Робін Канінгем быў пазначаны ў пазове як першы адказчык у справе.

Чытайце таксама:

Беларускага мастака-графіціста падазраюць у размалёўцы вагонаў метро ў В'етнаме

Бэнксі пацвердзіў аўтарства сямі работ, створаных у вядомых месцах Украіны

Карціна Бэнксі самазнішчылася пасля таго, як яе прадалі за $1,1 мільёна ВІДЭА

Клас
12
Панылы сорам
3
Ха-ха
4
Ого
6
Сумна
0
Абуральна
3