Ілюстрацыйнае фота: Julia M Cameron / pexels.com

Ілюстрацыйнае фота: Julia M Cameron / pexels.com

Цяпер Руслан, сын Веранікі, вучыцца ў шостым класе, неўзабаве яму будзе 13 гадоў. Ягоная маці кажа, што ў пачатковай школе хлопчык быў на хатнім навучанні.

«Мы вучылі сына самастойна, разам з яго бацькам. Проста падзялілі тыя прадметы, якія былі — хто што больш разумее, ведае і любіць. І так сумесна навучалі дзіця. Мы разышліся, таму сын частку часу жыў са мной, частку — у свайго таты. Так мы падзялілі і навучанне, і выхаванне на дваіх.

У пяты клас Руслан пайшоў у афлайн-школу. Бо мне было страшна, што мы не зможам вучыць яго нейкім спецыфічным навукам, кшталту хіміі і фізікі, якія самі не дастаткова добра ведаем. Але, як паказала практыка, гэта не так складана ў школьнай праграме, што існуе. Пра гэта яшчэ раскажу пазней.

І вось, лёс склаўся так, што ў мінулым годзе мы з сынам з’ехалі ў Грузію. Паўстала пытанне — як абраць яму школу?»

Вераніка кажа, што на першы позірк у Грузіі школьнае пытанне падаецца простым, бо ёсць рускамоўны сектар, куды можна пайсці дзецям, і для іх гэта не будзе надта вялікім стрэсам. Але з іншага боку — гэтых школ не так шмат.

«Цяпер у Грузіі для малых ствараецца даволі шмат класаў і пачатковых школак. А для старэйшых — не, таму ў цябе ёсць варыянт пайсці ў дзяржаўную рускамоўную школу, без аніякага выбару. То-бок, ты проста ідзеш туды, дзе ёсць месцы. Школа можа не пасаваць табе тэрытарыяльна, ці сам будынак можа не падабацца, але выбару ніякага няма — ты проста ідзеш у рускамоўны сектар школы, дзе ёсць месцы», — тлумачыць Вераніка. 

На якія фактары звяртала ўвагу жанчына, калі першапачаткова абірала афлайн-школу? Па-першае, яна знаёмілася з адукацыйнай праграмай, наколькі яна можа быць гнуткай, і ці будуць у дзіцяці веды.

«Аднак было яшчэ шмат «але», — заўважае Вераніка. — Гэта фізічная дасягальнасць школы, бо мне хацелася, каб сын сам мог туды хадзіць, і каб гэта не займала ў яго шмат часу. Таксама я заўсёды гляджу на будынак школы, каб у ім было камфортна дзіцяці, бо ў яго ёсць асаблівасці ў здароўі. Для яго асабліва важна, каб у школе не было вільготна, халодна. Гэта, безумоўна, важна для ўсіх, але калі ў цябе няма выбару, ты пагаджаешся на тое, што ёсць. А для мяне такія сітуацыі надта дыскамфортныя.

Вядома, можна пайсці вучыцца платна, але такія школы вельмі дарагія. І тут для мяне паўстала пытанне: калі ёсць магчымасць абіраць платнае навучанне, то чаму мы не можам навучацца недзе ў іншай краіне, напрыклад, у брытанскай анлайн-школе?»

Вераніка пачала шукаць варыянты і цікавіцца, ці могуць беларусы абіраць платнае анлайн-навучанне ў іншых краінах, акрамя рускамоўных. І яна сутыкнулася з праблемай, што нават калі шукаеш інфармацыю пра еўрапейскія ці амерыканскія анлайн-школы, там вельмі шмат расійскіх пасярэднікаў.

«Атрымліваецца, што ты ўсё адно праходзіш праз расійскую сістэму паступлення. А мне хацелася б, каб існавалі беларускія пасярэднікі, з якімі можна паступаць у замежныя школы.

У выніку мы так і не знайшлі добры варыянт. Таму для мяне зараз вельмі актуальныя ўсе гэтыя пытанні — хто б мог дапамагаць у падобных сітуацыях, якая арганізацыя — беларуская ці еўрапейская», — разважае суразмоўніца.

Зараз сын Веранікі навучаецца анлайн — у беларуска-ўкраінскай школе.

«Ёсць шмат пытанняў да гэтай школы, але з іншага боку — гэта той варыянт, які зараз для нас больш ці менш зручны. Там ёсць веды і даволі камфортная сітуацыя для сына. Яму не трэба некуды далёка ездзіць на заняткі, бо вучыцца анлайн, няма дадатковага стрэсу.

Адзначу, што Руслан падлетак, у якога зараз вельмі складаны час, ён не мае магчымасці бачыцца з бацькам — бо той палітзняволены ў Беларусі. І сын мае праз гэта вялікія перажыванні, якія моцна на яго ўплываюць. Таму мне хацелася зрабіць як мага больш, каб лішні раз не траўмаваць яго.

А што тычыцца адукацыйнай сістэмы — яны адрозніваюцца ў розных краінах. Цяжка казаць, што тут яна лепей. Мне падаецца, не зусім слушна параўноўваць.

Тут, хутчэй, асноўнае пытанне ў тым, чаго мы хочам для нашых дзяцей? Напрыклад, каб беларуская мова была асноўнай у навучанні ды пераходзіла ў акадэмічны асяродак? Ці мы хочам каб дзіця навучалася па-ангельску, і далей у яго было больш магчымасцяў? То-бок залежыць ад таго, чаго мы хочам.

І калі мы прыязджаем у іншую краіну, ці можам атрымаць тую адукацыю, якую хочам? Ці — можам пазбегнуць усіх гэтых межаў, калі ёсць анлайн?»

  Ілюстрацыйнае фота: Karolina Grabowska / pexels.com

Ілюстрацыйнае фота: Karolina Grabowska / pexels.com

 Вераніка разважае, чаму, калі ёсць магчымасць працаваць аддалена, не можа ўзнікнуць і новая сістэма анлайн-адукацыі? Каб дзеці, без залежнасці ад таго, у якой краіне знаходзяцца, маглі вучыцца ў добрых школах. Атрымліваць адукацыю і дыпломы іншых краін.

«У мяне шмат пытанняў і думак на гэты конт. І асноўнае — чаму мы павінны абіраць толькі нейкія рускамоўныя школы ў анлайне, а не ангельскамоўныя. Чаму наагул не можа з’явіцца пэўная міжнародная адукацыйная сістэма, куды маглі б прыходзіць дзеці, якія хочуць так вучыцца?

Зразумела, гэта будзе пасаваць не для ўсіх. Бо вельмі важна для кожнага дзіцяці вырашаць індывідуальна, як яно будзе навучацца — анлайн ці афлайн. Сямейная гэта будзе ці класічная сістэма адукацыі.

Таму для мяне больш важна не параўноўваць сістэмы адукацыі, а мець магчымасць выйсці па-за сістэму нейкай краіны і самастойна выбудоўваць свой адукацыйны план.

Бо надалей для нас з сынам паўстае яшчэ больш пытанняў: дзе вучыцца далей, які будзе дыплом, куды ён з ім зможа пайсці? Ці гэта зноў будуць абмежаванні праз тое, што не вучыліся ў пэўнай краіне ў агульнаадукацыйнай сістэме. Але гэта ўсё для мяне пытанні на будучыню…

Пакуль мы зрабілі выбар на карысць спакою, псіхалагічнага і эмацыйнага камфорту. Цяпер больш сілаў можа сыходзіць на дадатковую адукацыю ды самаадукацыю», — адзначае Вераніка.

Суразмоўніца разважае на тэму ранейшых страхаў перад анлайн-адукацыяй.

«Раней я казала, што баялася спецыфічных прадметаў — хіміі, фізікі. Але на практыцы ўсё аказалася прасцей, і калі ў сына нешта ў анлайне не атрымліваецца, мы проста сядаем побач, шукаем патрэбныя заняткі на ютубе, праглядаем, разам абмяркоўваем. Сёння сапраўды хапае тэхналогій, якія дазваляюць гэтую школьную праграму вывучаць самастойна. Зараз больш пытанняў да матывацыі, будовы індывідуальнага падыходу. І наагул каб дзеці разумелі, навошта яны вучацца, што яны хочуць вывучаць, дзе ім будзе цікавей развівацца, і гэтак далей.

Абапіраючыся на перажыты вопыт, яшчэ раз адзначу, што мне вельмі хацелася б стварыць нейкую іншую адукацыйную сістэму. Якая не будзе прывязвацца да краіны, а больш — да розных варыянтаў адукацыі. Каб яна магла быць на любой патрэбнай мове, а вучні самі абіралі пэўныя прадметы.

Накшталт універсітэтаў, якія больш пашырылі магчымасці, і сёння ў анлайне ты можаш атрымоўваць вышэйшую адукацыю ў розных краінах.

Чаму так не робяць школы? Калі ты можаш абіраць сабе любую з іх, без прывязкі да краіны.

Я шмат думаю пра такую сістэму адукацыі, без межаў. Гэта цікава і гэтым маглі б нават беларусы заняцца. Бачу, як шмат робіцца ў кірунку фармальнай, нефармальнай, дадатковай адукацыі — і для падлеткаў і для дарослых, то-бок, патэнцыял ёсць.

Адзінае, што я з сумам заўсёды адзначаю, як дзеці нашы хутка растуць і не ўсе паспеюць павучыцца ў новай сістэме адукацыі. І я разумею, што сын хутчэй скончыць школу, чым нешта ў гэтай сферы зменіцца», — рэзюмуе суразмоўніца.

Чытайце таксама:

Гісторык: Падручнікі ад пракурораў — яшчэ адно звяно ланцужка дэградацыі беларускай сістэмы адукацыі

Беларусь прыкметна паднялася ў рэйтынгу валодання англійскай мовай

«Каля 60% заняткаў ідзе па-расейску, 2% — па-беларуску». Спыталі рэктара ЕГУ пра харасмент, стыпендыі і дэмакратыю

Клас
2
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
2
Абуральна
2