Фота: Georgia Borgia / AP

Фота: Georgia Borgia / AP

Ватыканская дыкастэрыя дактрыны веры (ДДВ, найстарэйшая з шаснаццаці Дыкастэрый Рымскай курыі, у задачу якой уваходзіць назіранне за чысцінёй веравучэння ў Каталіцкім касцёле) апублікавала дакумент, які пацвярджае, што каталікам забаронена быць масонамі, піша Бі-бі-сі.

Як гаворыцца ў новым дакуменце за подпісам Папы Францішка і кардынала Віктара Мануэля Фернандэса, які ўзначальвае ДДВ, каталіцкая дактрына і масонства несумяшчальныя.

Гэты дакумент стаў адказам на запыт аднаго з філіпінскіх біскупаў, які выказаў занепакоенасць з нагоды росту каталікоў у яго дыяцэзіі, што становяцца масонамі, і папрасіў парады, як яму як пастыру рэагаваць на гэта.

У адказе Дыкастэрыі ад 13 лістапада ўтрымліваецца заклік выпрацаваць пры ўдзеле ўсіх сяброў Канферэнцыі каталіцкіх біскупаў Філіпін скаардынаваную стратэгію па данясенні «ва ўсіх парафіях прычын непрымірымасці паміж каталіцкай верай і масонствам».

Масоны — найбуйнейшае ў свеце таемнае таварыства. Масонства прапагандуе ідэі і рытуалы, несумяшчальныя з каталіцкай верай, у тым ліку пастулат аб тым, што чалавек незалежна ад яго веравызнання можа быць аднолькава даспадобы Богу.

У дакуменце Ватыкана пацвярджаецца, што тыя, хто фармальна і свядома ўступіў у масонскія ложы і прыняў масонскія прынцыпы, падпадаюць пад палажэнні «Дэкларацыі аб масонскіх асацыяцыях» Каталіцкага касцёла ад 1983 года.

Гэтая дэкларацыя, падпісаная кардыналам Ёзэфам Ратцынгерам, калі ён узначальваў Кангрэгацыю дактрыны веры (яна ж Святая інквізіцыя), заяўляе, што каталікі, якія ўступаюць у масонскія асацыяцыі, «знаходзяцца ў стане цяжкага граху і не могуць прымаць святую камунію».

Новы дакумент ДДВ падрабязней тлумачыць гэтую дэкларацыю, паказваючы на тое, што вышэйпералічаныя меры таксама прымяняльныя да любых святароў, якія ўступілі ў масонства.

Дыкастэрыя прапанавала філіпінскім біскупам разгледзець магчымасць публічнай заявы з нагоды вучэння каталіцкай царквы аб масонстве.

«Пытанне масонства на Філіпінах вельмі важнае, паколькі да яго адносяцца не толькі тыя, хто фармальна знаходзіцца ў масонскіх ложах, але, у больш шырокім сэнсе, вялікая колькасць спачуваючых і аднадумцаў, асабіста перакананых у тым, што не існуе супярэчнасці паміж прыналежнасцю да каталіцкай царквы і да масонскіх ложаў, — гаворыцца ў дакуменце ДДВ. — Але на ўзроўні дактрыны неабходна памятаць, што актыўнае сяброўства ў масонстве вернікаў забароненае праз несумяшчальнасць паміж Каталіцкай дактрынай і масонствам».

Забарона на масонства ўзыходзіць яшчэ да папы Клімента XII, які афіцыйна асудзіў масонства ў Папскай буле ў 1738 годзе.

Чытайце таксама:

Дубавец: Масонства паляпшае якасць, дакладней, чалавечнасць грамадства

У Італіі выйшла кніга пра цяжкія адносіны паміж двума Папамі

Клас
3
Панылы сорам
2
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0