Андрэй Зайкоў. Фота: ягоная старонка «УКантакце»

Андрэй Зайкоў. Фота: ягоная старонка «УКантакце»

Затрыманы — гамяльчук Андрэй Зайкоў. Яму 36 гадоў. На 2020-ы працаваў у агенцтве нерухомасці «Паверхі», магчыма, цяпер перайшоў у іншае. У мужчыны ёсць малая дачка.

ГУБАЗіК кажа, што ён сам напісаў у Чорную кнігу Беларусі і прапанаваў скідваць адрасы сілавікоў, замяшаных у рэпрэсіях. Ён расказаў, што працуе ў агенцтве нерухомасці. Андрэй не ведаў, што на тым баку яму адказвае супрацоўнік ГУБАЗіК Артур Гайко.

Андрэя затрымалі каля трох дзён таму. Цяпер яму пагражае да 12 гадоў зняволення.

Як мы яго адшукалі?

Мужчына карыстаўся адным і тым жа акаўнтам з 2019 года. З яго ён «зліваў» інфармацыю ў Чорную кнігу Беларусі, з яго ж пісаў каментары ў адкрытых чатах і групах. У відэа паказваюць ягонае архіўнае імя карыстальніка з базы бота ЧКБ, якую захаваў Артур Гайко. Праз яго мы адшукалі актуальнае імя тэлеграм-акаўнта і ID.

Праз бот «Вока Бога», якім карыстаюцца і губазікаўцы, мы адшукалі нумар Андрэя праз ID ягонага акаўнта. Па злітых базах кліентаў беларускіх банкаў і Белдзяржстраху адразу атрымалася праз нумар адшукаць поўныя даныя мужчыны — як прозвішча, імя і імя па бацьку, гэтак і адрас прапіскі разам з нумарам сацыяльнага страхавання.

Бачна, што да нас акаўнт Андрэя правяралі праз бот як мінімум тройчы. Імаверна, гэта і былі губазікаўцы, якія скарысталіся такім жа шляхам.

Скрыншот акаўнта Андрэя з бота «Вока Бога»

Скрыншот акаўнта Андрэя з бота «Вока Бога»

Нагадваем, мы не рэкамендуем карыстацца «Вокам Бога» для праверкі ўласных акаўнтаў, асабліва калі вы ў Беларусі. Стваральнікі супрацоўнічаюць з расійскімі і, імаверна, беларускімі спецслужбамі (дэкларуюць гэта на старонках сэрвісу) і збіраюць ваш нумар пры запуску бота. Калі вы «бясплатны» карыстальнік, то пасля ён будзе бачны пры запыце па айдзі або імені карыстальніка вашага тэлеграм-акаўнта.

Калі вы сумняваецеся наконт бяспекі вашага акаўнта, то выдаліце вашы каментары, выдаліце акаўнт і стварыце новы на віртуальны нумар (тут — гайд па тым, як трымаць яго ананімным, а тут — па тым, як знаходзяць людзей у тэлеграме). Але не існуе гарантыі таго, што вас не адшукаюць — калі ён быў дрэнна абаронены раней, то, імаверна, патрапіў у базы сілавікоў і да вас усё роўна могуць прыйсці.

Мы рэкамендуем рэгулярна пераглядаць вашы меры бяспекі і клапаціцца пра яе пастаянна. Гэта важна, нават калі вы за мяжой.

Чытайце таксама:

За каментары затрымалі айцішніка, які выдаліў тэлеграм-акаўнт паўтара года таму. Вось як яго знайшлі

Затрымліваюць людзей, у якіх адшукалі фота з пратэстаў у Google Photos. Як абараніць сябе — пакрокавы гайд

Як надзейна вычысціць фоты з вашых смартфонаў — падрабязны гайд

Клас
7
Панылы сорам
7
Ха-ха
3
Ого
4
Сумна
12
Абуральна
52