«Горад-герой. Горад-сімвал. Горад-надзея. Горад нашых людзей, якія не падпарадкаваліся варожай сіле і натхнялі сваім супрацівам усіх нас і ўвесь свет. Гэта нашы сіня-жоўтыя сцягі, якія зноў і зноў даводзілі на херсонскіх вуліцах і ў многіх дамах і кватэрах, што Украіна — адзіная. Уся — ад паўночнай мяжы да нашага мора», — сказаў ён.

Зяленскі падкрэсліў, што херсонцам давялося правесці месяцы без сувязі, без інфармацыі, але «з верай ва Украіну». Ён таксама падкрэсліў, што горад быў вызвалены намаганнямі многіх людзей, якія ратавалі, дапамагалі і набліжалі гэтую падзею.

«І, вядома, гэта эмоцыі — гэта асаблівыя эмоцыі, калі бачыш, як свае вяртаюцца, і калі ведаеш, што Украіна гэтак жа, як пра Херсон, не забывае пра свае гарады і вёскі, якія занятыя ворагам», — дадаў прэзідэнт Украіны.

Па ягоных словах, увесь поўдзень Украіны летась пераканаўся, што Расія ніколі не прыходзіць «назаўжды», колькі б разоў яна гэта не паўтарала, а Украіна заўсёды вяртаецца.

«Калі ведаем нашу мэту. Калі гэта агульная мэта. Калі мы ў адзінстве. І калі аб'ядноўваем іншых вакол украінскай мэты. Сёння адна з гадавін, якія фармуюць нашу ўкраінскую ўпэўненасць, што мы можам», — удакладніў Зяленскі.

Ён таксама нагадаў, што дзякуючы Херсонскай аперацыі правы бераг Дняпра быў ачышчаны ад акупантаў, а УСУ тады вызвалілі значную частку Херсонскай вобласці, дадалі абароны Мікалаеву, Адэсе, іншым гарадам і сёлам на поўдні і замацавалі поспех Украіны ў бітве за Чорнае мора.

«Крым тады ва ўсмешках херсонцаў, у словах радасці — калі сустракалі нашых воінаў, — Крым адчуў і сваю будучыню, убачыў, наколькі мы побач», — сказаў кіраўнік дзяржавы.

Зяленскі таксама дадаў, што ганарыцца ўсімі ўкраінскім ваярамі, якія змагаліся летась, і ўсімі, хто цяпер вядзе Украіну такім цяжкім, пакутлівым, але жыццёва патрэбным марафонам да гарантаванай свабоды.

«Незалежнасць, якая мае сілу пераходзіць ад пакалення да пакалення, набываецца менавіта ў баях, чэрпае энергію ў адзінстве народа і загартоўвае свой дух менавіта тады, калі чуе падзяку вызваленых ад ворага людзей — тых, хто чакаў Украіну, і чыя вера спраўдзілася», — адзначыў ён.

Зяленскі падкрэсліў, што Расія ўвесь гэты год помсціць за свабоду Херсону і іншым вызваленым гарадам. 

«Балістыка супраць Кіева, дроны і ракеты супраць Адэскай, Харкаўскай. Свядомыя здзекі ад ворага. Кожны дзень! Але ніводнага дня нашага адчаю! Ніхто з нас не павінен легкадумна ствіцца да ворага, што супраць нас. Украіна ведае, што вораг не слабы. Але Украіна ўмее яго пераадольваць», — сказаў Зяленскі.

Украінскі лідар заклікаў украінцаў сёння падзякаваць усім, хто сваю сілу і сваё жыццё паставіў на абарону Украіны і ўкраінцаў, хто ваюе цяпер, хто трэніруецца, каб папоўніць баявыя брыгады, і хто працуе цяпер, каб у воінаў былі снарады і зброя, браня і авіяцыя, СПА і РЭБ.

«Наша жыццё, якое абавязкова атрымае перамогу. Слава Украіне», — падсумаваў ён.

Чытайце таксама (навіны за 11 лістапада 2022 года)

У цэнтры Херсона ўжо збіраюцца жыхары, чакаюць вызваліцеляў

Украінскія войскі ўвайшлі ў Херсон

Херсон сустрэў украінскія войскі кветкамі і сцягамі. У Расіі прыгнечанасць і сумневы

Клас
9
Панылы сорам
0
Ха-ха
2
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
1