«1084. На мяжы» — ужо другі фестываль ва Украіне, ініцыяваны Беларускім асветніцка-сацыяльным грамадскім аб’яднаннем «Звяно». 1084 кіламетры — працягласць агульнай мяжы суверэнных Беларусі і Украіны. Арганізатары спрабуюць задумацца пра будучыню стасункаў абедзвюх краін і абмеркаваць сучасную сітуацыю, адносіны простых людзей, а таксама падтрымку беларусамі ўкраінскага народа ў барацьбе з акупантамі і тэрорам.

Сёлета фестываль пройдзе ў пяці гарадах Украіны: Адэсе (з 9 па 11 лістапада), Луцку (з 18 па 20 лістапада), Бучы (18, 25-26 лістапада), Тэрнопалі (у снежні) і Кіеве (у студзені 2024 года).

Падрабязней расклад па кожным горадзе глядзіце тут.

У праграме фестывалю прадстаўленыя стужкі такіх незалежных беларускіх кінематаграфістаў, як Андрэй Куціла («Вадохрышча»), Вольга Прусак («Новае неба над новай краінай: прагулкі з Пушкіным»), Ганна Бадзяка і Аляксандр Міхалковіч («Motherland/Радзіма»), Аляксей Палуян («Кураж»), а таксама польскага рэжысёра Анджэя Фідыка («Беларускі вальс»). Пасля некаторых паказаў плануюцца сустрэчы з рэжысёрамі і абмеркаванне.

Акрамя таго, у межах фестывалю 11 лістапада ў Адэсе адбудзецца канцэрт украінскага гурта «Колір», які стварыў некалькі песняў па беларускіх творах (Р.Барадуліна, А.Аляксандрава) і падрымаў беларускіх палітвязняў.

А з 18 па 25 лістапада ў Луцку распачнецца выстава антываенных плакатаў беларускага мастака і дызайнера Уладзіміра Цэслера, частка прац пад назвай Hitlerkaputin прысвечана беларускай рэчаіснасці і тэме поўнамаштабнага ўварвання Расіі ва Ўкраіну.

Уваход на ўсе мерапрыемствы па free donation. Сабраныя сродкі будуць пералічаныя на закуп расходных матэрыялаў для VAC-тэрапіі ран ва ўкраінскіх ваенных і грамадзянскіх шпіталях.

Клас
2
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0