У дзень нараджэння галоўнага рэдактара разгромленага ўладамі партала tut.by Марыны Золатавай, якая адбывае 12-гадовы тэрмін зняволення і 6 лістапада сустрэне там 46‑ы дзень нараджэння, міжнародная арганізацыя «Рэпарцёры без межаў» мае намер перадаць у беларускія амбасады ў некалькіх краінах лісты і паштоўкі ў яе падтрымку, піша «Позірк».

Акцыя стартавала 6 верасня. Пасланні на адрас Золатавай збіралі аддзяленні «Рэпарцёраў без межаў» у Германіі, Аўстрыі, Швецыі, Швейцарыі, Вялікабрытаніі, ЗША, на Тайвані, а таксама галаўны офіс у Парыжы.

«Цяпер як ніколі важна мабілізавацца на падтрымку прадстаўнікоў беларускіх СМІ, такіх як Марына Золатава», — заяўляў у сувязі з пачаткам акцыі выканаўчы дырэктар нямецкага аддзялення «Рэпарцёраў…» Крысціян Мір.

Аддзяленне заклікала прыйсці 6 лістапада да беларускай амбасады ў Берліне і запатрабаваць вызвалення Золатавай.

Марына Золатава і гендырэктар Tut.by Людміла Чэкіна падчас вынясення прысуду. Фота: Tut.by

Марына Золатава і гендырэктар Tut.by Людміла Чэкіна падчас вынясення прысуду. Фота: Tut.by

Марына Золатава была затрыманая 18 мая 2021 падчас пагрому Tut.by. У сакавіку 2023-га прыгаворана да 12 гадоў пазбаўлення волі па абвінавачанні ў нявыплаце падаткаў, распальванні варожасці і прычыненні шкоды нацыянальнай бяспецы. У кастрычніку 2022 года ўключана ў пералік асоб, якія маюць дачыненне да «тэрарыстычнай дзейнасці», у жніўні 2023 года — у пералік асоб, якія маюць дачыненне да «экстрэмісцкай дзейнасці». Праваабарончая супольнасць прызнала Золатаву палітзняволенай.

У месцах пазбаўлення волі найбольш вядомых палітвязняў нярэдка абмяжоўваюць у ліставанні. Праваабаронцы выказваюць заклапочанасць, што пра шмат якіх палітвязняў інфармацыі няма месяцамі.

Клас
0
Панылы сорам
1
Ха-ха
1
Ого
0
Сумна
3
Абуральна
0