блогер BalaganOFF blogger BalaganOFF Alexander Rykov Александр Рыков Аляксандр Рыкаў

Аляксандр Рыкаў, больш вядомы як BalaganOFF падчас інтэрв'ю. Скрыншот з malina_by / YouTube

Чаму ва Украіне да 2020 года падтрымлівалі Лукашэнку 

На думку Аляксандра Рыкава, нельга гаварыць пра падтрымку Лукашэнкі ва Украіне да 2020-га года:

«Гэта не падтрымка, а хутчэй няведанне, таго што там адбываецца, хаця быў да гэтага 10 гадоў назад у Беларусі…. Свая краіна даражэйшая. Ты з беларусамі мог сустрэцца дзесьці на моры. Вы адпачываеце дзесьці ў Турцыі ці Тайландзе. Вось беларус. Такі ж прыемны хлопец. Ты з ім камунікуеш. Ніякай розніцы не адчуваеш. «Ну як у вас?» — «Жывём неяк». Ну ездзяць жа ў Тайланд, Турцыю, значыць жывуць. Пратэстаў няма», —

тлумачыць BalaganOFF і дадае, што «ўся карцінка, якая да нас у навіны паступала, то гэта тое, што вас афіцыйны тэлевізар мог данесці. У вас не было такой магутнай апазіцыйнай медыйкі, якая б даносіла, што ў вас іншы свет. І людзі жылі ў карцінцы »гэты захаваў усё, нічога не разбурыў. А тут усюды алігархі. Усё раскралі. «І гэта на людзей уплывала».

«Да перамогі ўжо з вамі буду»

Блогер адзначае, што ў пэўны момант хацеў закінуць беларускую тэму, але на яго вялікае ўздзеянне аказалі водгукі беларусаў у каментарах пад відэа.

«Калі ты за дзень атрымліваеш пяцьсот каментароў «не кідайце нас, рабіце тое, што робіце», і я гавару ў эфіры «да перамогі ўжо з вамі буду». Перамога ў беларусаў трохі адцягваецца.

А калі вайна пачалася, я сам сябе лавіў на думцы, што гэта як сацыяльная нагрузка, як другое жыццё. Я разумеў, што проста трэба працаваць як звычайнаму чалавеку з беларускім грамадствам.

У першыя два-тры месяцы я атрымліваў шмат каментароў «раскажыце нам пра Данбас». Я пачаў здымаць відэа, дзе заходзяць рускія войскі, рэгулярная армія. 14-ты год. Як іх бяруць у палон. Гэтыя відэа добра глядзеліся беларусамі. Праўда, потым на іх былі скаргі і мне іх ютуб заблакаваў».

Дрон для палка Каліноўскага

Аляксандр расказаў, што цяпер ідзе збор грошай на трал для перавозкі гусенічнай тэхнікі медэвакуацыі, але за некалькі дзён да запісу інтэрвʼю ён звязваўся з Палком Каліноўскага.

«Я спантанна набраў, спытацца, што вам трэба. Мне кажуць, што хлопцы стаяць на Купянскім напрамку. За тыдзень згубілі ўсе дроны. Без гэтага шанцы памерці павялічваюцца каласальна. Я кажу: «Давайце тэрмінова набываць». Але як з Еўропы дастаць. Пазаўчора знайшлі ва Украіне ў пчаляроў, у якіх скончыўся сезон».

Дрон прыйшоў хутчэй, чым разлічваў блогер: «Мы думалі, што прыйдзе ў панядзелак. А ён прыйшоў сёння зранку. А грошай наяўных няма. Я паехаў да кума, узяў грошы. Прыехалі хлопцы з Палка, я ім перадаў наяўныя. Яны цяпер паехалі выкупляць».

BalaganOFF патлумачыў, што грошы на дрон не толькі яго: «Ёсць людзі, чалавек 20, яны спонсары канала. У месяц збіраецца каля 200 долараў. І плюс свае».

Як угаворваў Лебядка і Мацкевіча зʼязджаць

Блогер згадвае, што апошні раз угаворваў беларускага філосафа і метадолага Уладзіміра Мацкевіча, які атрымаў 5 гадоў калоніі ўзмоцненага рэжыму, калі той быў на стрыме, знаходзячыся ў Грузіі. Пасля стрыму блогер размаўляў з Мацкевічам:

«Я яго ўгаворваў: «Ляціце адтуль, калі ласка, да мяне. У мяне ёсць магчымасць вас пасяліць. Навошта вам гэта (вяртанне ў Беларусь — НН). Жывіце тут. А ён: «Не, мая радзіма. Ніяк не магу». Магчыма, ён яшчэ жыў з нейкай верай, што яго не пасадзяць. У яго працэнтаў трыццаць было, што яго не павінны пасадзіць. Я гаварыў, што пасадзяць».

BalaganOFF, згадвае, што пасля таго, як пасадзілі Мацкевіча, падобныя размовы ён вёў з беларускім вайсковым аналітыкам Ягорам Лебядком, якога таксама арыштуюць і асудзяць да пяці гадоў калоніі ўзмоцненага рэжыму: 

«Я яму гаварыў: «Едзь сюды. Усё будзе. Ты з голаду не памрэш. Я табе дапамагу. Проста едзь, жыві, рабі эфіры, рабі сваю аналітыку. Ты патрэбен людзям на свабодзе».— «Не, гэта мая радзіма. Я буду». Я кажу: «Пасадзяць». У адрозненне ад Мацкевіча, я яго разоў дзесяць прэсаваў. Я яму пісаў амаль што кожны вечар: «Ягор, зʼязджай. Ну навошта гэты гераізм? Каму ён патрэбен? Ну і ўсё…»

Як Васкрасенскі клікаў у Беларусь

Блогер згадвае, што за два тыдні да пачатку вайны на пошту свайго ютуб-канала ён атрымаў ліст ад Васкрасенскага. Да таго як прыйшоў гэты ліст, Аляксандру пісалі невядомыя: «Хіба што ўсе службы мяне прабілі, бо спачатку запалохвалі. Адзін раз я атрымаў ліст: «Навошта табе гэта ўсё трэба? У цябе ўжо ўсё ў жыцці ёсць». Ну а потым хіба што вырашылі праз прапаганду па-людску «падкаціць». Бачаць, што ў мяне гэта шчыры парыў душы».

Па словах Рыкава, Васкрасенскі запрашаў яго прыехаць у Беларусь:

«Ён кажа прыкладна ў такім плане: «Прыязджай. Ты памыляешся. У нас іншая краіна. Ты зусім стаў зашораны з прапагандай бэчэбэшнікаў. Мы табе пакажам усю краіну. Паедзем, куды захочаш. Няхай табе змагары напішуць, куды табе трэба паехаць. Вось туды паедзеш і паглядзіш, як жывуць людзі. І ў цябе свет перавернецца. Мы не такія страшныя».

На такое запрашэнне, як сцвярджае блогер, ён адказаў: «Ты варʼят. Хочаш узяць мяне ў закладнікі». Пасля гэтага BalaganOFF распавёў аб гэтым выпадку ў адным з сваіх стрымаў. Але Васкрасенскі не спыніўся.

«Ніякай ноткі гневу. Піша другі ліст: «Аляксандр, мы табе даём гарантыі кіраўніцтва краіны. Прыязджай. Паглядзі нашу родную Беларусь». Ну гэта кашмар. Я пішу: «Не веру вам». Ён дасылае трэці ліст (а можа гэта было ў другім): «Прышлі любога журналіста з Украіны, якому асабіста ты давяраеш і асабіста ведаеш. І скажы, каб ён праехаў там і там і паглядзеў нашу краіну. І тае па-людску раскажа, што пабачыў».

Ну яму гавару: «Ты закладніка хочаш узяць? Каб я перажываў за чалавека. Ты перасадзіў столькі людзей, у якіх я браў інтэрвʼю. Зараз я адпраўлю чалавека з Украіны і яго яшчэ арыштуюць. І потым пачнецца вайна паміж пасольствамі: «Адпусціце нашага». — «А ён тэрарыст». А я буду крайнім».

Блогер адзначае, што перапіска скончылася з пачаткам вайны. «Васкрасенскі пачаў спяваць, што ён Z-патрыёт, «заваюем Украіну».

Рэакцыя на прызнанне экстрэмістам

Блогер згадвае, што калі першы раз ён быў прызнаны ў Беларусі экстрэмістам, у яго быў гонар:

«Значыць мяне прызнаюць як уплывовага блогера. Тады ж прызналі Гардона, у якога два з паловай ці тры мільёны падпісчыкаў. І ён усё жыццё гэтым займаецца. Арастовіч, які ўвогуле «парваў» медыя. І тут я. Дзе я і дзе яны. Ну добра.

А ўжо калі два месяцы назад мяне прызналі «групоўкай па звяржэнні рэжыму» (экстрэмісцкім фарміраваннем — НН), я разумею, што ва Украіне такі я адзін, і думаю, што вось гэта ўзровень. Я сам запісваў відэа. У мяне нават адміністратараў няма. Вы хворыя людзі. Я ад гэтага рагатаў», — распавядае Аляксандр Рыкаў і адзначае:

«Яны могуць мяне толькі падштурхнуць рабіць нашмат лепш, чым я магу. Бо да іх рашэння ў мяне за два тыдні выйшла адно відэа. У мяне ўжо куча працы. Бізнесы недзе ажываюць. Недзе прадаём, недзе будуемся. Зноў пачынаецца гэты бізнес-рух. І тут яны такое прызнаюць. Я кажу: «Ну тады чакайце. Месяц вам марафону».

Кожны дзень эфіры. Я кожны эфір пачынаю (са звароту — НН): «Желтые слівы», глядзіце? КДБ, глядзіце? Вось сёння ў нас такі госць. Запісвайце. Заўтра чакаю справаздачу на «Желтых слівах». І яны нейкі кавалак спікера выразаюць. Я кажу: «Цяпер вы нават у выходныя будзеце працаваць. У дзесяць вечару ў суботу, нядзелю чакайце эфіру. Выразайце». Усё глядзяць. Да дробязі, да кожнага слова чапляюцца»

Блогер распавядае, што «Желтые слівы» яго толькі два разы «жорстка, у стылі Азаронка паспрабавалі паабзываць» і дадае, што быў вельмі здзіўлены, калі частку яго эфіру паказалі на БТ: «На галоўным тэлеканале паказалі. Не памятаю, каго яны выразалі. Я ўбачыў сябе на БТ-1. Наўпрост мой стрым. Пры тым жа можна ўзяць акенца толькі таго, хто побач стаіць. Але мяне круцяць па БТ. Прышпільна».

Клас
17
Панылы сорам
2
Ха-ха
2
Ого
2
Сумна
3
Абуральна
4

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?