Цэнтр новых ідэй прадставіў даследаванне пра лічбавую трансфармацыю беларускага дэмакратычнага супраціву. У вялікай працы, зробленай пры падтрымцы фонда Фрыдрыха Эберта, ёсць дзве вартыя ўвагі часткі: апытанне беларусаў пра іх стаўленне да анлайн-ініцыятыў і параўнанне наратываў дэмакратычных і праўладных рэсурсаў.

Даследчыкі правялі апытанне пры дапамозе платформы «Народный опрос» у чэрвені 2023 года. У ім удзельнічалі 1200 карыстальнікаў, больш за 95% з іх, паводле сацыёлагаў, знаходзіліся ў Беларусі. 

Перш за ўсё, рэспандэнты адзначылі тыя грамадзянскія анлайн-ініцыятывы, з якімі яны знаёмыя. Лідзіруюць Полк Кастуся Каліноўскага (іх ведаюць 94,5% апытаных) і «Кіберпартызаны» (90,2%), на трэцім месцы «Вясна» (88,8%), пасля яе «Байпол» — 87,2% (адзначым, што якраз у чэрвені адбыўся раскол арганізацыі).

Далей ідуць тры ініцыятывы з падобным вынікам: план «Перамога» (74,8%), «Беларускі Гаюн» (72,8%) і «Байсол» (71,8%). Антылідар рэйтынгу — праект Каардынацыйнай рады «Рух большасці» (9,4%).

Самымі карыснымі для Беларусі ініцыятывамі апытаныя назвалі Полк Кастуся Каліноўскага (82,5%), праваабарончы цэнтр «Вясна» (81,5%), «Кіберпартызанаў» (81,4%), «Беларускі Гаюн» (66,1%), «Байсол» (56,4%) і «Байпол» (55,9%). Што да ўдзелу беларусаў у дзейнасці лічбавых праектаў, тут на першым месцы «Байсол» (20,1%), таксама высокі паказчык у плана «Перамога» (18,3%).

Амаль пятая частка рэспандэнтаў (19,8%) адмовілася адказваць на пытанне пра ўдзел. Асноўнымі формамі свайго ўдзелу карыстальнікі назвалі ахвяраванне грошаў (34,4%), распаўсюд інфармацыі пра ініцыятыву сярод сяброў і знаёмых (28%) і выкарыстанне інфармацыі ад ініцыятывы ў сваіх патрэбах (19,9%). 27% рэспандэнтаў адзначылі, што хаця раней яны і прымалі ўдзел у дзейнасці ініцыятываў, але ў апошнія пару месяцаў гэтага не робяць.

Таксама даследчыкі цягам 12 тыдняў (май — ліпень 2023-га) займаліся маніторынгам беларускіх рэсурсаў на дзвюх платформах — у тэлеграме і ў тыктоку. Пад увагу трапілі па 35 тэлеграм-каналаў прадэмакратычнай і праўладнай скіраванасці, 26 прадэмакратычных і 35 прарэжымных акаўнтаў у тыктоку, а таксама 50 хэштэгаў у тыктоку. 

Даследчыкі параўноўваюць наратывы абодвух бакоў. Вось асноўныя ідэі прадэмакратычных рэсурсаў:

  • Расія — вораг Беларусі.
  • Беларусы падтрымліваюць Украіну.
  • Сітуацыя ў эканоміцы пагаршаецца, людзі бяднеюць.
  • Лукашэнка — не гарант стабільнасці, а дыктатар, пагроза Беларусі і ваенны злачынца.
  • Будучыня Беларусі ў Еўропе, Захад падтрымлівае Беларусь. Беларусам патрэбны здаровы нацыяналізм.
  • Рэпрэсіі працягваюцца, іх дэмаграфія пашыраецца і расце ціск на палітычных вязняў.

А вось што кажуць сваёй аўдыторыі праўладныя рэсурсы:

  • Ядзерная зброя ўзмацняе пазіцыю Беларусі.
  • Заходнія краіны ў крызісе, яны цягнуць за сабой Украіну і маніпулююць ёй. Раней Украіна была з намі, але сёння яна сярод ворагаў.
  • Лукашэнка — гарант незалежнасці і стабільнасці.
  • Апазіцыя падзеленая, Захад фінансуе Ціханоўскую і праз гэта цісне на Беларусь.
  • БЧБ-сцяг не наш, гэта нацысцкі сцяг, і ўсё нацысцкае, накшталт лацінкі, мусіць быць знішчанае. Прыхільнікі БЧБ павінны быць у турме.
  • Расія — партнёр і старэйшы брат. Разам мы пройдзем праз санкцыі і вайну.

Дырэктарка Цэнтра новых ідэй Леся Руднік адзначыла яшчэ некалькі фактаў, знойдзеных падчас працы. Нечаканым для даследчыкаў было тое, што ў прарэжымных каналах моцна прысутнічаюць рэлігійныя наратывы, звязаныя з хрысціянствам і праваслаўем, з выхаваннем паводле рэлігійных каштоўнасцей. Таксама сацыёлагі адзначаюць, што ў дэмакратычных сіл багата старых відэа пра гісторыю беларускага супраціву і пратэстаў, БЧБ-сцяг і нацыянальныя наратывы. Праўладны сектар тыктоку супрацьстаўляе гэтаму відэа, якія рамантызуюць звязаных з рэжымам асобаў — напрыклад, ёсць багата адпаведных ролікаў з Мікалаем Лукашэнкам.

Як мяркуе юрыст Андрэй Сушко, большасць дэмакратычных лічбавых ініцыятываў, якія прагрымелі ў 2020-м, на сёння або перасталі працаваць, або страцілі сваю актуальнасць. Адбываецца спад у лічбавай актыўнасці грамадзянскай супольнасці. На думку эксперта, гэта звязана і з тым, што дзяржава як пастаянны супернік грамадзянскай супольнасці ў нейкім сэнсе знікла: «Перасталі існаваць эфектыўныя механізмы ўплыву на тое, як прымаюцца рашэнні ў дзяржаве. Мы бачым, напрыклад, змяншэнне колькасці петыцый, людзей, якія іх падпісваюць і/ці звяртаюцца ў дзяржаўныя органы. Хутчэй за ўсё, людзі не вераць у тое, што такім чынам магчыма нешта змяніць, а то і баяцца».

На думку аналітыка Арцёма Шрайбмана, беларускае грамадства змянілася пад уплывам рэпрэсій, расчаравання і прапаганды, таму яно ўспрымае анлайн-ініцыятывы апатычна. Таксама 2020-ты быў момантам максімальнага прытоку талентаў у некамерцыйны і палітычны сектары, і гэтыя людзі іх максімальна ўзбагачалі, а сёння людзі з гэтых сектараў сыходзяць.

«Думаю, у будучыні мы прыйдзем да таго, што лічбавы кампанент у грамадзянскай дзейнасці будзе прапарцыянальна меншы, чым сёння, нягледзячы на ўсе новыя цудоўныя інструменты, якія з'явяцца. Бо ўлада змяняецца ў афлайне, і калі мы вяртаемся ў палітычную сферу, гэта так ці інакш прыводзіць нас да пытання пра ўладу. Рана ці позна лічбавы актывізм, як яму і трэба, будзе надбудовай над афлайнавым грамадзянскім удзелам», — мяркуе Шрайбман.

Кансалідацыя без сцяга. Беларускае грамадства добра трымаецца перад расійскай прапагандай — даследаванні

Хто вінаваты, што беларусы не хочуць нараджаць дзяцей?

Вось як памянялася французскае грамадства. Тое самае чакае грамадства беларускае?

Клас
7
Панылы сорам
2
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
4
Абуральна
2

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?