Фота: flickr.com

Фота: flickr.com

Jamais vu сустракаецца нашмат радзей, чым свой вядомы антыпод. Пад гэтым французскім выразам маюць на ўвазе адчуванне, калі нешта, што вы вельмі добра ведаеце, падаецца незнаёмым. Напрыклад, вы сустракаецеся з калегам, з якім працуеце шмат гадоў, або мусіце напісаць слова, якое да таго пісалі ўжо багата разоў. У выпадку з jamais vu вы зразумееце, што вы бачылі раней гэтага чалавека ці гэтае слова, але ў той жа час яны вам пададуцца зусім новымі і незнаёмымі. Такое адчуванне звычайна доўжыцца некалькі секунд ці хвілін, можа быць непрыемным і палохаць.

Вось што пішуць пра jamais vu карыстальнікі сацсеткі Reddit:

«Я адчуў jamais vu, калі ЦАЛКАМ праігнараваў двухпавярховы дом на маім шляху на трэнерскія заняткі. Кожны дзень я карыстаюся адным і тым жа маршрутам, і раблю гэта ўжо больш за год. За гэты час дом пачалі будаваць, скончылі, а цяпер з невядомых мне прычын зносяць. А я нават не памятаю, каб бачыў гэты дом. Заўважыў яго толькі 4-5 тыдняў таму, калі гуляў разам з сябрам. Гэта было дзіўнае адчуванне».

«Гэта нашмат больш пужае, чым déjà vu. Ты проста тусуешся з сябрамі, і тут усё вакол цябе раптам робіцца незнаёмым. Я ўсё яшчэ памятаю іх імёны, іх характар, але яны падаюцца вельмі аддаленымі ад мяне. Пасля jamais vu я адчуваю сябе разгубленым, і гэта мяне трывожыць».

«Гэта можа быць прыкметай (разам з іншымі сімптомамі) скроневай эпілепсіі. Не кажу, што ўсе, хто такое перажываў, маюць эпілепсію — але гэта было важнай прычынай, чаму я наведаў неўролага, які пазней мне яе дыягнаставаў. Замест адчування, што я ўжо нешта рабіў у незнаёмым месцы, падчас jamais vu я знаходжуся ў вельмі знаёмым месцы, але няздольны нічога пазнаць. Напрыклад, вуліца, па якой я штодзень ездзіў на працу… Я ведаў, што еду на працу, але не мог зразумець дакладна, дзе я ці дзе мне паварочваць».

Ёсць яшчэ і трэці выраз, падобны да déjà vu i jamais vu. Гэта presque vu, ці, як мы больш звыкліся казаць, «на кончыку языка» — сітуацыя, калі чалавек не можа згадаць добра вядомае слова, але пры гэтым згадвае частку інфармацыі пра яго.

Часам jamais vu можна справакаваць з дапамогай шматлікіх паўтарэнняў аднаго матэрыялу. Уявіце, што вы рыхтуецеся да экзамену па замежнай мове і паўтараеце, як пішацца тое ці іншае складанае слова. На экзамене вы пішаце слова так, як лічыце патрэбным, і пры гэтым шмат сумняваецеся, быццам бачыце яго ўпершыню. Гэта і ёсць jamais vu.

Можна выклікаць такі феномен у лабараторных умовах. Напрыклад, можна папрасіць групу людзей 30 разоў за хвіліну напісаць слова «дрэва» ці іншае добра знаёмае людзям слова. У такім выпадку большасць удзельнікаў групы адчуюць jamais vu — на нейкім этапе слова падасца ім незнаёмым.

Навукоўцы мала ведаюць пра гэтую з'яву.

Адна з тэорый, адкуль узялося jamais vu, звязаная з перагрузкай свядомасці інфармацыяй, ажно пакуль тая не страціць сэнс. Іншая магчымая прычына — часовае парушэнне ў працы нервовых шляхоў, якія звязваюць успрыняцце інфармацыі і памяць. Або рэч можа быць у стрэсе ці стомленасці.

А вось французскі кагнітыўны нейрапсіхолаг Крыс Мулен, адзін з галоўных экспертаў па гэтай з'яве, лічыць, што рэч можа быць у працы скроневай долі галаўнога мозга. Гэтая вялікая частка мозга, якая знаходзіцца за вушамі, і яна грае важную ролю ў тым ліку ў працы памяці.

Масавая культура не прайшла міма гэтай з'явы — напрыклад, сусветна вядомы паўднёвакарэйскі гурт BTS выпусціў песню Jamais vu. А пасля выхаду стужкі «Матрыца: Уваскрашэнне», апошняга на сёння фільма са знакамітай франшызы, пачаліся дыскусіі, ці не з'яўляюцца déjà vu і jamais vu прыкметамі «збояў у матрыцы». Нарэшце, Шнобелеўскую прэмію — 2023 у галіне літаратуры прысудзілі за даследаванне адчуванняў, што маюць месца ў людзей, якія шмат разоў паўтараюць слова «шмат» — і гэта якраз jamais vu.

Ці турбавацца, калі ў гэтым тэксце вы пазналі сябе? Не, калі толькі jamais vu не ўплывае негатыўна на ваша жыццё. Здольнасць перажываць такі досвед — добры знак, і варта хвалявацца, толькі калі jamais vu робяцца частай з'явай ці іх суправаджаюць іншыя сімптомы. У больш сур'ёзных выпадках jamais vu можа сведчыць пра ментальныя хваробы, а таксама пра разлады ў працы мозга (напрыклад, пра мігрэнь ці дэменцыю).

Шэсць спосабаў абараніць сябе ад дэменцыі

Ключ да прафілактыкі Альцгеймера можа быць у здаровым харчаванні — навукоўцы

Чаму самы просты выбар часта ўганяе нас у ступар? Гэтаму ёсць і тлумачэнне, і рашэнне

Клас
2
Панылы сорам
2
Ха-ха
2
Ого
9
Сумна
5
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?