Скрыншот з аднаго з праўладных акаўнтаў у твітары, «Навіны Касцюковічы»

Скрыншот з аднаго з праўладных акаўнтаў у твітары, «Навіны Касцюковічы»

«Святлана Ціханоўская прапанавала забіваць палесцінскіх дзяцей вуснамі «чалавека з яе каманды» — такое пасланне праводзяць у Х (былым твітары) акаўнты, звязаныя з лукашэнкаўцамі.

Разлічаны гэты пост на чытача, які не ведае расейскай мовы і не ведае, хто такая Таццяна Мартынава. Эфект невялікі — у пастоў да пары соцень праглядаў і зусім няма рэакцый. А на саміх акаўнтах дзяржаўных прапагандыстаў — вобмаль падпісантаў.

Прыклады публікацый у твітары ад беларускіх праўладных рэсурсаў

Прыклады публікацый у твітары ад беларускіх праўладных рэсурсаў

Агулам такіх публікацый каля пары дзясяткаў, усе яны цалкам капіруюць першапачатковы тэкст «Жоўтых зліваў» — смеццевага канала, створанага для дыскрэдытацыі апанентаў Аляксандра Лукашэнкі. Асобна мы звярнулі ўвагу на каментары — амаль усе яны аднолькавыя і ад праўладных актывістаў.

Каментары пад публікацыяй «Жоўтых зліваў»

Каментары пад публікацыяй «Жоўтых зліваў»

Сярод каментатараў — кіраўніца барысаўскага БРСМ Уладзіслава Крагілева (яна запосціла тое самае і Укантакце), кіраўніца бярэзінскага БРСМ Кацярына Аўрамчык, галоўны рэдактар праўладнай газеты «Слонімскі веснік» Кірыл Ляшчэнка і кіраўнік аддзела ідэалогіі Гродзенскага гарвыканкама Уладзімір Сацюк, які да 2019-га быў намеснікам начальніка гродзенскай міліцыі.

Хто такая Таццяна Мартынава і што яна сказала?

Адзначым, што Таццяна Мартынава, якая з вясны 2020-га вядзе блог «Хопіць баяцца», аніякім чынам са штабам Святланы Ціханоўскай не звязаная. Ціханоўскага яна называла гопнікам, а Ціханоўскую — «п*****ц».

Таццяна Мартынава ў Беларусі была радыёвядоўцай і суўладальніцай бара «Пятніца». Увесну 2020-га яна стварыла палітычны блог «Хопіць баяцца» і праз пагрозу пераследу ў ліпені 2020-га адной з першых выехала з Беларусі.

Яна часта выказвае маргінальныя ідэі, якія цытуюць дзяржаўныя медыя. Асабліва часта — «Жоўтыя злівы».

Гэтым разам яна выказалася пра палесцінскіх дзяцей. Маўляў, яны адрозніваюцца ад ізраільскіх тым, што іх з дзяцінства вучаць ненавідзець габрэяў. «А ў 16 гадоў маці дае дзіцяці аўтамат і кажа: забі габрэя», падсумавала яна.

Пасля гэтага на Мартынаву звярнулі ўвагу турэцкія СМІ. Блізкае да Эрдагана медыя Ahaber апублікавала яе з загалоўкам «Гнюснае выказванне беларускай журналісткі пра палесцінскіх дзяцей». Падхапілі яго і іншыя медыя ў мусульманскіх краінах, яе выказванні цытуюцца ў сотнях публікацый.

Гэтая заява адлюстроўвае перакананні самой Мартынавай. Але аніводная беларуская структура яе не падтрымала.

Чытайце таксама:

У чым феномен ХАМАС? У чым іх ідэя і адкуль яны ўзяліся? Расказвае арабіст

Мірнае насельніцтва Газы практычна пазбаўлена магчымасці адтуль выбрацца, нават у Егіпет

Пасля розгаласу ў інтэрнэце з сайта «Мінскай праўды» выдалілі антыізраільскі артыкул

Клас
4
Панылы сорам
41
Ха-ха
12
Ого
1
Сумна
4
Абуральна
20