Лілія Невяркевіч і яе шчупак. Фота: «Ашмянскі веснік»

Лілія Невяркевіч і яе шчупак. Фота: «Ашмянскі веснік»

Рыбалкай Лілія Невяркевіч захапляецца ўжо шэсць гадоў. За гэты час яна паспрабавала розныя снасці, даведалася ўсе асаблівасці і тонкасці гэтай справы, піша «Ашмянскі веснік».

— Адны зборы на рыбалку чаго вартыя! — кажа Лілія Мікалаеўна. — У залежнасці ад таго, ці летняя рыбалка, ці зімовая, неабходна правільна падабраць адзенне, снасці, буры, санкі, гарачы чай… Словам, для пачаткоўца дакладна цэлая навука. Але гэта таго варта! Час, які траціш на рыбалку, кампенсуецца эмоцыямі і адчуваннямі, якія сілкуюць цябе ўвесь наступны тыдзень. Рыбалка, камунікацыя з прыродай даюць сілы і энергію.

Рыбачыць Лілія Невяркевіч у розных месцах: на азёрах Швакшты, Нарач, але часцей у Астравецкім раёне. Свой рэкордны ўлоў яна злавіла на Віліі. І хоць, мяркуючы з рыбацкіх прыкмет, з раніцы дзень не задаўся, гэта не перашкодзіла жанчыне ў адзіночку выцягнуць шчупака.

— На такі ўлоў я, вядома, не разлічвала. Лавіць прыехала на жыўца, а было ў мяне ўсяго тры карасі. Яшчэ і вуда новая — рыбакі кажуць, на неправераныя снасці нічога не злавіць… А аказалася, зусім наадварот, менавіта новая моцная вуда дапамагла мне выцягнуць шчупака.

Праўда, давялося спусціцца ў ваду і сур'ёзна пазмагацца. Ледзь дастала яе на бераг, — падзялілася Лілія Мікалаеўна і дадала: «Не трэба верыць у прыкметы, трэба верыць у сябе!»

У жанчыны гэта другі сур'ёзны трафей. Некалькі гадоў таму ёй удалося злавіць карпа вагой каля 10 кілаграмаў. Былі яшчэ жэрах вагой 4,5 кілаграма, шчупак (3,7 кілаграма), белы амур (6,3 кілаграма).

Чытайце таксама:

«Рыбу звычайна шкадуем». Асаблівасці рыбалкі па-беларуску

Мінчук злавіў на Прыпяці сома даўжынёй больш за два метры. Але есці не стаў

У цэнтры Мінска рыбак вылавіў 15-кілаграмовага таўсталобіка

Клас
15
Панылы сорам
2
Ха-ха
0
Ого
3
Сумна
3
Абуральна
6