Фрагмент постара серыяла

Фрагмент постара серыяла

Назва серыяла ўзятая ад аднайменнага апавядання The Fall of the House of Usher 1839 года, але толькі завязка і канцоўка серыяла, а таксама імёны і роднасныя сувязі старэйшых Ашэраў перагукваюцца з ім. «Падзенне дому Ашэраў» — гэта сапраўдная скарбонка адсылак да творчасці і жыцця Эдгара По. Дзесьці стваральнікі звяртаюцца толькі да знаёмых імёнаў, дзесьці пераносяць сюжэтныя лініі, дзесьці ўплятаюць цалкам верш пісьменніка, а дзесьці ствараюць на гэтай глебе штосьці цалкам новае. 

Нягледзячы на шматлікасць і разрозненасць крыніц, стужка выглядае надзейна сплеценым адзіным палатном, а не лапікавай коўдрай, як часта бывае ў выпадку такіх творчых кампіляцый.

Гісторыя сям’і Ашэраў распачынаецца са смерці маці Родэрыка і Мэдылайн, якая, аднак, вырываецца з таго свету, са сваёй магілы, каб скончыць важную справу — адпомсціць свайму палюбоўніку і бацьку яе дзяцей, свайму жорсткаму начальніку. Яна паспявае задушыць яго на парозе ўласнага дома, перш чым зноў вярнуцца ў замагільны свет.

Маладыя Мэдылайн і Родэрык Ашэры ў лёсавызначальны для сябе момант, які прывядзе іх да ўзвышэння, а пасля і да падзення. Кадр з серыяла

Маладыя Мэдылайн і Родэрык Ашэры ў лёсавызначальны для сябе момант, які прывядзе іх да ўзвышэння, а пасля і да падзення. Кадр з серыяла

Родэрык узбіраецца па кар’ернай лесвіцы ў фармацэўтычнай кампаніі «Фартуната фармасьютыклз», якой калісьці кіраваў ягоны біялагічны бацька, а сястра становіцца моцнай, незалежнай жанчынай, якая прасоўвае камп’ютарныя тэхналогіі. Разам яны хочуць змяніць гэты свет і выбудоўваюць сваю бізнэс-імперыю. Мы бачым іх праз шмат гадоў ужо на піку магутнасці і толькі пад канец серыяла раскрываецца праўда пра тое, як яны ўсяго дамагліся і чым за гэта давялося заплаціць.

Родэрык (Брус Грынвуд) пакінуў дваіх дзяцей ад шлюбу, а таксама яшчэ чатырох пазашлюбных. Фанабэрыстая Мэдылайн (Мэры Мак-Донел), якая не мае ўласнай сям’і, прысвяціла сябе ўмацаванню магутнасці бізнэсу і сям’і брата. Памятаючы стаўленне свайго бацькі да іх з сястрой і маці ў складаны час, Родэрык не адмаўляе ў сваім багацці і ўладзе ніводнаму са сваіх байструкоў. Але ягоныя дзеці — гэта літаральна «гнілое насенне», да крайнасці разбэшчаныя грашыма, уладай, наркотыкамі, сэксам і беспакаранасцю сям’і Ашэраў, якая, здаецца, шмат у чым грунтуецца на геніяльнасці сямейнага адваката Артура Піма (Марк Хэміл). 

Дом Ашэраў у поўным складзе на судовым пасяджэнні. Кадр з серыяла

Дом Ашэраў у поўным складзе на судовым пасяджэнні. Кадр з серыяла

Сям’ю шмат гадоў пераследуе супрацоўнік федэральнай пракуратуры Агюст Дзюпэн (Карл Ламбі), які хоча даказаць, што фармацэўтычная імперыя Ашэраў пабудавана на залежнасці пацыентаў ад іхніх таблетак пад назвай лігадын, якія заяўляліся як бясшкодныя болепатольныя, але загубілі сотні тысяч, а можа, і мільёны жыццяў ва ўсім свеце. Дзюпэн на судзе закідае, што сведкам з боку абвінавачвання гатовы выступіць адзін з Ашэраў, але, баючыся помсты з боку сям’і, ён не можа назваць імя інфарманта.

Сямейны банкет Ашэраў. Кадр з серыяла

Сямейны банкет Ашэраў. Кадр з серыяла

Сямейнае застолле, тэрмінова скліканае, каб абвесціць кошт за галаву інфарматара, выкрывае факт, што сям’я Ашэраў застаецца адзінай толькі праз тое, што ўсе дзеці Родэрыка баяцца быць выкрасленымі з тастамента бацькі. «Шчаслівага палявання!» — абвяшчае старэйшы Ашэр, але паляваць у серыяле будуць зусім не ягоныя дзеці, а на іх.

Ад нас з першых хвілін не хаваюць, што Родэрык пахавае ўсіх сваіх шасцярых дзяцей. Галава сям’і бачыць знявечаныя прывіды сваіх дзяцей на адным з пахаванняў. Урэшце Родэрык вырашае распавесці свайму даўняму ворагу Дзюпэну ўсю праўду пра сваю сям'ю, выбіраючы для гэтага закінуты дом сваёй маці, адкуль усё і пачалося.

Пракурор Дзюпэн слухае аповед Родэрыка Ашэра ў яго родным доме. Кадр з серыяла

Пракурор Дзюпэн слухае аповед Родэрыка Ашэра ў яго родным доме. Кадр з серыяла

Дзеці гінуць па чарзе, амаль кожны дзень, пачынаючы з наймаладзейшага Пэры (Праспера) Ашэра. Гэты персанаж і гісторыя гібелі спісаныя з апавядання По «Маска Чырвонай смерці», дзе расказваецца, як прынц Праспера зладзіў баль-маскарад, на які заявіўся незнаёмец у масцы памерлага ад «чырвонай смерці», у спробе перашкодзіць якому гіне і прынц, і ўсе госці.

Незнаёмка ў серыі «Маска Чырвонай смерці». Кадр з серыяла

Незнаёмка ў серыі «Маска Чырвонай смерці». Кадр з серыяла

Дзеці Ашэраў і іхнае жыццё нагадваюць алегорыі на «смяротныя грахі», але хутчэй сучасныя, чым хрысціянскія: пажаднасць, кантроль, славалюбства, «дасягальніцтва», прага да ўлады, нарказалежнасць ды іншыя. Кожны з гэтых персанажаў пазычаны з розных адпаведных твораў По: Каміла Л’Эспанэ (Кейт Сігел), якая адказвае за інфабяспеку сям’і і збірае на ўсіх кампрамат, з апавядання «Забойства на вуліцы Морг», Напалеон «Леа» (Рахул Колі), наркаман, які распрацоўвае гульні, з апавядання «Акуляры», Віктарына Лафуркад (Т’Нія Мілер), якая праводзіць сумнеўныя эксперыменты на малпах, каб правесці выпрабаванне свайго сардэчнага прыстасавання, з «Заўчаснага пахавання», Тамерлан Ашэр (Саманта Слоян), якая хоча запусціць з мужам свой фітнэс-брэнд, з верша пра мангольскага заваёўніка «Тамерлан», старэйшы Фрэдэрык Ашэр (Генры Томас), спадчыннік бацькі, які не займаецца нічым, з апавядання «Метцэнгерштайн», былая жонка Родэрыка Анабэль Лі (Кейці Паркер) і нявестка Марэла (Крыстал Балінт) — таксама з аднайменных твораў.

Калі ў пачатку серыяла агіду выклікаюць цяжкія пакуты сямейнікаў Ашэраў, якія гінуць адзін за адным, то ўжо ў сярэдзіне серыяла агіду выклікаюць самі сямейнікі, ды такую, што ты пачынаеш спачуваць той сіле, што выкараняе пад корань гэты род. Гэтая д’ябальская, няўлоўная і непахісная сіла, якая жорстка гуляе на нізкіх чалавечых пачуццях, праяўляе больш чалавечнага, чым большасць Ашэраў. 

Літаральная кожная дэталь серыяла: назва серыі, імя, сітуацыя ці нават нумар дома — адсылаюць да жыцця і творчасці Эдгара Алана По. Ёсць тут, вядома, і неад'емны сімвал амерыканскага аўтара — крумкач. Ён з’яўляецца ў фільме як птушка, ён з’яўляецца як закадравае чытанне знакамітага верша «Крумкач», на які таксама адсылае імя ўнучкі Лінор (Кайлі Каран), ён жа анаграмай уплецены ў імя загадкавай гераіні Верны (Verna — Raven).

Загадкавая Верна ў выкананні Карлы Гуджына. Кадр з серыяла

Загадкавая Верна ў выкананні Карлы Гуджына. Кадр з серыяла

Верна з’яўляецца ў жыцці кожнага з Ашэраў у розных іпастасях, прадракаючы немінучую пагібель, і толькі Родэрык і Медэлайн напраўду ведаюць, хто яна такая і чаго хоча. Гэтая роля — сапраўдны поспех актрысы Карлы Гуджына, якая з’яўлялася ва ўсіх апошніх стужках рэжысёра. Яе пераўвасабленні настолькі прафесійныя, што часам не заўважаеш, што новы персанаж, які з’яўляецца ў кадры, — гэта ўсё яшчэ яна. Прыгожы твар, глыбокі позірк вачэй і шырокая ўсмешка жанчыны з аднаго боку прывабліваюць, а з іншага — маюць нешта незямное, інфернальнае, што адпужвае без якіх-небудзь дадатковых спецэфектаў.

Постар да серыяла

Постар да серыяла

Саюз майстра кінажахаў Майка Флэнагана, вядомага па такіх фільмах, як «Окулус», «Прывід дома на ўзгорку», і майстра літаратурных жахаў Эдгара По можна назваць цалкам удалым. Міні-серыял, які пагружае нас у цёмныя глыбіні эліты, іх бездухоўнасць і разбэшчанасць, жаданне жыць і багацець вечна, з’яўляецца павучальнай прыпавесцю пра тое, што багацце і ўлада яшчэ нікому не прыносілі шчасця. Нешматлікія станоўчыя героі сярод сямейства Ашэраў праходзяць праз боль, пакуты і самаахвяраванне, каб зрабіць гэты свет лепшым. Ашэры таксама спачатку імкнуліся да гэтага, але выбралі зусім не той шлях – ісці па галовах іншых і не спыняцца ні перад чым.

Флэнаган, для якога гэта ўжо трэці серыял жахаў на Netflix пасля «Клуба паўночнікаў», «Паўночнай імшы» і «Прывідаў маёнтка Блай», умела вытрымлівае раўнавагу паміж жудаснымі смярцямі, крывавасцю, скрымерамі і выдатным гатычным і амаль дэтэктыўным апавяданнем. Вашае сэрца на працягу васьмі серый будзе біцца часцей, вас будзе адварочваць ад гвалту і персанажаў, але роўна настолькі, каб вам захацелася даведацца гэтую гісторыю цалкам.

Чытайце таксама:

Новы «Знахар», рымейк суперхіта 1980-х. Што ў ім?

Беларускія чыноўнікі ў новым серыяле едуць у Берлін — вязуць туды традыцыйныя каштоўнасці

Рэжысёр Кашперскі — пра новы серыял, «Беларусьфільм» як хорар і жонак кітайскіх міністраў

Клас
8
Панылы сорам
2
Ха-ха
3
Ого
2
Сумна
1
Абуральна
3

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?