Кадр з фільма «Сэрца творцы»

Кадр з фільма «Сэрца творцы»

13-га лістапада «Паўночнае ззянне — 2023» пачнецца з фільма «Сэрца творцы»

Дакументальны баёпік знаёміць гледача з мастачкай Сігрун Гунарсдоцір. Ёй 73 гады. Яна нарадзілася і жыве ўсё жыццё ў вёсачцы Айі, якая быццам размясцілася ў кінасусвеце Уэса Андэрсана, але папраўдзе знаходзіцца на другім па велічыні востраве Фарэраў. Сігрун пастаянна ў руху, пастаянна ў працы: малюе, шпацыруе з сабакам, гуляе з мужам у пінг-понг. 

Жанчыну натхняе ўсё, што ёсць вакол яе: людзі, птушкі і горы, — дзякуючы чаму яна стварыла ўласны жывапісны сусвет. А персанажы мудрагелістых карцін Сігрун ажываюць на экране дзякуючы шатландскай арт-дырэктарцы Кэці Беверыдж, якая працуе з Volkswagen, Burberry і Marc Jacobs.

Завершыцца 9-ы кінафестываль «Паўночнае ззянне» 26 лістапада фільмам сумеснай вытворчасці Даніі і Швецыі пра двухсотгадовыя стасункі чалавека і камеры — «І сказаў кароль: што за цуд-машына!».

«І сказаў кароль: што за цуд-машына!» — гэта вытканая з сотняў знойдзеных у інтэрнэце матэрыялаў дасціпная хроніка, якая ахоплівае амаль 200-гадовую гісторыю выявы: ад вынаходства камеры-абскуры і паказу першай рухомай карцінкі жакея на кані да з'яўлення вэб-камер і першых вірусных відэаролікаў. 

Рэжысёры — Аксель Даніэлсан і Максімільен Ван Эртрык — міксуюць гістарычныя кадры з каранацыі Эдуарда VII (да яе адсылае мудрагелістая назва фільма) і фрагменты прапагандысцкіх стужак Трэцяга рэйха з дзясяткамі знойдзеных на YouTube дамашніх відэа, тэлевізійнымі рэпартажамі з месцаў ваенных дзеянняў, кліпамі аматараў вострых адчуванняў, якія звісаюць з дахаў хмарачосаў, ды запісамі стрымаў Бэль Дэльфін.

 

Уся праграма кінафестывалю будзе даступная бясплатна ў фармаце online. Беларускую праграму «Паўночнага ззяння» часткова можна будзе паглядзець у кінатэатрах у Таліне і Вільні. Больш інфармацыі пра гэта з’явіцца зусім скора.

Для беларусаў, якія будуць глядзець фільмы з Беларусі, рэгістрацыя праходзіць аўтаматычна. Для беларусаў замежжа доступ да фестывальнай платформы выдаецца ўручную. Падрабязная інструкцыя для рэгістрацыі ёсць на афіцыйным сайце кінафестывалю.

Тыя, хто рэгістраваўся на платформе раней для прагляду фільмаў «Паўночнага ззяння» або набываў доступ хаця б да аднаго фільма анлайн-кінатэатра VODBLISK, могуць зайсці ў акаўнт без паўторнай рэгістрацыі. 

Падтрымаць кінафэст можна данатам

Клас
6
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
1