Фота ілюстрацыйнае

Фота ілюстрацыйнае

Святлана (імя зменена) працуе ў адной з мінскіх школ настаўніцай пачатковых класаў. Жанчына расказвае, што з 2020 года атмасфера ў школе стала больш прыгнятальнай.

«Пачынаюць мацней закручваць гайкі, але звальняцца пакуль я не збіраюся», — адзначае наша гераіня. Паводле яе слоў, усё не так ужо і кепска, пакуль у Беларусі застаюцца тыя, хто гатовы гадаваць новае пакаленне разумных людзей.

Пра адносіны з адміністрацыяй: «Звальнялася, але потым мяне ўзялі назад, таму што настаўнікаў не хапала»

— Падчас выбараў я сядзела ў выбарчай камісіі, але адмовілася падпісаць пратакол. З таго часу ў адміністрацыі школы да мяне прадузятыя адносіны. Колькі б я ні зрабіла важнага і патрэбнага для школы, у мяне заўсёды самая маленькая прэмія. На агульных сходах дырэктарка можа неяк звярнуць увагу на мяне ці падкрэсліць незадаволенасць маёй пазіцыяй.

Калі гэта было яшчэ адносна бяспечна, я выкладала фота з пратэстаў у інстаграме. Пасля гэтага мяне выклікалі на размову, але нават тады не звольнілі. Праз нейкі час я звольнілася сама. Гэта не было звязана з выбарамі, проста так адбылося. Аднак я разумела, што, магчыма, назад на працу мяне не возьмуць з-за ўдзелу ў пратэстах.

Я памылялася. Праз два месяцы пасля майго звальнення дырэктарка сама патэлефанавала і праз сілу, але прапанавала вярнуцца. Настаўнікаў настолькі не хапала, што на твае палітычныя погляды ўжо не глядзелі.

З таго часу асабліва нічога не змянілася. У школе вялікая цякучка кадраў. Да нас увесь час прыходзяць выпускнікі ўнівераў, але потым хутка звальняюцца. Ніхто не хоча працаваць за мінімальныя аклады. Застаюцца пажылыя настаўнікі, якія ўжо не хочуць нешта мяняць. Не звальняюцца і тыя, хто разумее, што без нармальнага рэкамендацыйнага ліста ад адміністрацыі іх таксама нікуды не возьмуць. Як у маім выпадку, напрыклад.

За ўвесь час пасля выбараў па палітычных прычынах у нас звольнілі літаральна пару чалавек: двух маладых спецыялістаў, якія вельмі актыўна выступалі супраць дзейнай улады. Напэўна, адміністрацыя падумала, што ад іх не шкада «пазбавіцца». А вось настаўнікамі, у якіх ужо ёсць сем’і, нашмат прасцей маніпуляваць. Мяркую, логіка пры выбары людзей для рэпрэсій была такая.

Не ведаю, як у іншых школах, але нашай дырэктарцы нібы падабаецца здзекавацца са сваіх падначаленых. Гэта яшчэ адна прычына, па якой мала каго звальняюць: калі пазбавіцца ўсіх тых, хто не згодны з рэжымам, то і кіраваць не будзе кім.

Пра настаўнікаў: «Мы проста не камунікуем з тымі, хто падтрымлівае рэжым»

— Сярод калег большая частка падтрымлівае апазіцыю. Раней мы шмат размаўлялі на гэту тэму, маглі абмеркаваць навіны. Цяпер проста перасталі пра гэта гутарыць. Маўчанне стала больш натуральным.

З настаўнікамі, якія адкрыта падтрымліваюць дзейную ўладу, я стараюся асабліва не кантактаваць. У 2020-м трэба было ўвесь час кантраляваць тое, што ты кажаш у іх прысутнасці. Цяпер і гэта ўсё роўна. Часцей за ўсё гэта вельмі сталыя людзі, таму я не бачу сэнсу спрабаваць ім нешта растлумачыць. Лепш гэту энергію скіраваць на дзяцей.

Усе настаўнікі, з якімі я абмяркоўвала сітуацыю ў Беларусі, вельмі стаміліся ад усяго. Я таксама. Я перастала чытаць і глядзець навіны. Мне здаецца, што адна я нічога не змяню. Нават усе разам мы наўрад ці нешта здолеем зрабіць з рэжымам.

Цяпер я хачу проста вучыць дзяцей правільным рэчам, казаць ім праўду. У гэтым я бачу сэнс. Мае калегі разважаюць гэтак жа.

Пра адносіны з бацькамі: «Адміністрацыя хоча, каб мы ведалі пра іх усё»

— Кантроль над бацькамі і дзецьмі быў заўсёды. Змянілася толькі тое, што цяпер адміністрацыя хоча, каб мы больш закручвалі гайкі: часцей хадзілі дадому да сем’яў, адсочвалі, хто чым займаецца, і перадавалі гэта далей. Гэта не працуе, таму што звычайна настаўнікам усё адно.

Справаздачы па тым, чым школьнікі занятыя на канікулах, былі і раней. Часта настаўнікі самі ўпісваюць нейкія актыўнасці сваім падапечным, проста каб адміністрацыя нічога ім не магла сказаць.

Заўважыла, што бацькі больш уважліва пачалі ставіцца да твайго асабістага часу. Яны не пішуць пасля васьмі вечара, не тэлефануюць пасля таго, як я іх папрасіла пра гэта. У чатах з імі абмяркоўваем толькі працоўныя пытанні. Я не чапаю іх, яны — мяне. Усе задаволеныя.

Наогул, у мяне быў даволі блізкі кантакт з бацькамі маіх вучняў. З некаторымі мы разам нават хадзілі на пратэсты. Не ўяўляю, што павінна здарыцца, каб я іх «здала» каму-небудзь проста па ўказцы дырэктаркі.

Як змяніліся вучні: «Калі хтосьці і зможа змяніць рэжым, то гэта пакаленне дзяцей з пятага па дзясяты клас»

— У школе ўсе выдатна разумеюць сітуацыю ў Беларусі, нават вучні малодшых класаў. Праўда, цяпер асабліва ніхто сваю пазіцыю не паказвае. Усе альбо стаміліся, альбо баяцца наступстваў. Пасля выбараў мне два гады на першае верасня дарылі кветкі толькі ў белых і чырвоных колерах. Гэтым разам такіх букетаў не было.

Другакласнікі, у якіх я выкладала ў 2020 годзе, адразу пасля пратэстаў адкрыта абмяркоўвалі маршы і ўсё, што адбывалася ў жніўні. Быў выпадак, калі на ўроку малявання дзецям трэба было размаляваць контур парасона. Колеры для сваіх прац яны павінны былі выбраць самі. Большая частка класа выбрала белыя і чырвоныя адценні.

Паступова, следам за дарослымі, дзеці перасталі пра гэта размаўляць. Было бачна, што бацькі тлумачылі ім, каб яны ў школе маўчалі на тэму палітыкі. Гэта тычыцца не толькі вучняў малодшых класаў, але і дзяцей са старэйшай школы. Вучні сталі больш асцярожнымі.

Малыя, якія прыйшлі пасля дзіцячага сада, цяпер зусім іншыя. Яны гучней за ўсіх крычаць гімн, у іх дакладнае разуменне, што дзяржаўны сцяг чырвона-зялёны. Яны з вялікім энтузіязмам стаяць на патрыятычных лінейках і зборах. Гэта таксама нармальна, але ім трэба будзе даведацца яшчэ шмат усяго.

Тыя, што цяпер перайшлі ў пяты клас, нашмат больш свядомыя. Думаю, што пакаленне, якое зможа нешта змяніць у Беларусі, — гэта дзеці, якія цяпер вучацца з пятага па дзясяты клас. Яны бачылі выбары, перажывалі змены ў краіне разам з бацькамі.

Што тычыцца старшакласнікаў, то, па маіх назіраннях, яны цяпер больш запалоханыя, як і многія дарослыя.

Пра навязаны патрыятызм: «Школьны дзень пачынаем з гімна, заканчваем ім жа»

— Патрыятызму і праўда ў школе стала нашмат больш. Сцэна ў актавай зале на любую падзею ўпрыгожваецца толькі ў чырвона-зялёных колерах. З’явіліся спецыяльныя дзеці-сцяганосцы. Іх задача — урачыста выносіць сцяг у пачатку любога свята. Раней такога не было.

Гімн стаў уключацца часцей. Раней ён гучаў толькі на лінейках першага верасня ці падчас выпускнога, цяпер яго пускаюць нават падчас агульнага бацькоўскага сходу. Бывае так, што дзень у школе пачынаецца з гімна, заканчваецца ім жа.

Часам даходзіць да абсурду. Нядаўна ўся школа выстраілася для таго, каб праспяваць гімн. Калі ўсё скончылася і дзеці пачалі разыходзіцца, прыбегла дырэктарка і прымусіла ўсіх паўтарыць выступленне. Аказалася, што першы раз быў у якасці рэпетыцыі. Другі раз нас зверху здымаў нейкі чалавек з камерай. Хадзілі чуткі, што потым гэта відэа дырэктарка адправіла ў адміністрацыю раёна. Усё каб паказаць, якая ў нас узорная школа.

Патрыятычныя факультатывы і класныя гадзіны таксама ўжо не навіна. Ёсць метадычка, па якой праводзяцца гэтыя заняткі. У цэлым можна перыядычна адхіляцца ад таго, што там прапісана: ніхто асабліва не сочыць. Аднак усё роўна практыка насаджэння любові да ўсяго дзяржаўнага злёгку палохае.

А што наконт выпускнікоў, якія паступаюць за мяжу?

— Я чула гісторыі пра тое, што ў Гродне звольнілі дырэктара, таму што многія выпускнікі яго гімназіі вырашылі паступаць за мяжу. Веру, што гэта праўда.

У нашай школе ўсё не так строга, аднак нядаўна нам хацелі памяняць дырэктарку і паставіць кіраўніка з іншага месца. Доўга важдаліся з дакументамі, а потым наогул перадумалі штосьці мяняць. Ходзяць чуткі, што прычына гэтага ў тым, што ў яго быў вялікі працэнт выпускнікоў, якія паступілі ў замежныя ВНУ.

У нас асабліва не адсочваюць, ездзіў нехта за мяжу ці не. Пра сваё асабістае жыццё настаўнікі асабліва не распаўсюджваюцца. Школьнікі таксама не дзеляцца сваімі планамі.

Што датычыць навін пра павелічэнне тэрмінаў размеркавання для выпускнікоў універаў, то мы ў школе гэта не абмяркоўвалі. Пагаварылі нядаўна з маёй калегай, у якой дачка вучыцца па мэтавым накіраванні. Я пыталася, ці не баіцца яна, што дачка назаўжды затрымаецца на тым жа месцы. «А што я магу зрабіць? Ну, адпрацуе, нікуды не падзенецца. Грошай на яе вучобу ў нас усё роўна няма», — адказ быў простым.

У Беларусі шмат праблем з адукацыяй: недахоп кадраў і навучальных рэсурсаў, праблемы з заробкамі і ўмовамі працы, шмат кантролю. Але пакуль што зрабіць з гэтым нічога нельга.

Так і працуем. Аднак я бачу, што магу прынесці карысць тут новаму пакаленню. Бачу, з якой цікавасцю дзеці слухаюць пра гісторыю і культуру Беларусі. Я ўжо змірылася з тым, што не змагу нічога сама змяніць у краіне. Аднак, прынамсі, магу закласці нешта дзецям, якія ў будучыні, магчыма, змогуць дамагчыся большага, чым я.

Чытайце таксама:

«Калі падняць заробак, гэта наўрад ці дапаможа ад выгарання». Хто хутчэй за іншых выгарае на працы і як ацаніць свой стан проста цяпер — тлумачыць псіхолаг

«Я хачу зліцца, а не правальвацца ў таксічны пазітыў кожны дзень». Беларусы — пра тое, што іх бесіць у суайчынніках

Клас
22
Панылы сорам
3
Ха-ха
3
Ого
2
Сумна
30
Абуральна
9