ААЭ

Дубай даступны беларусам чатыры разы на тыдзень, усяго каля шасці гадзін — і вы ўжо ў Эміратах. Квіткі на найбліжэйшыя даты практычна разабраныя, а палёты ў лістападзе абыдуцца ад 1020 рублёў з Мінска ў Дубай і ад 1160 — назад.

Тройчы на тыдзень «Белавія» лётае і ў Шарджу — час палёту амаль такі ж, як і ў Дубай, а цэны вышэйшыя: ад 1230 рублёў туды і ад 1520 — назад. Гэта квіткі без багажу.

Азербайджан

Каб даляцець з беларускай сталіцы ў азербайджанскую, трэба ад 440 рублёў і амаль чатыры гадзіны лёту. Назад — ад 545 рублёў і той жа час. Туды і назад ёсць рэйсы чатыры дні на тыдзень.

Арменія

Злётаць у Ерэван больш дарагое задавальненне — ад 700 рублёў, вярнуцца — ад 750. Гэта ўсё тарыфы без багажу. У дарозе прыйдзецца правесці ад чатырох гадзін. Вылеты, як і ў Азербайджан, чатыры разы на тыдзень.

Грузія

Прамыя рэйсы ёсць у тры грузінскія гарады — Тбілісі, Батумі і Кутаісі. Каб у найбліжэйшыя тыдні патрапіць у сталіцу Сакартвэла, трэба мець мінімум 965 рублёў, каб вярнуцца — 1050, рэйс штодзённы. Час у дарозе — каля чатырох гадзін. На больш познія даты квіткі будуць таннейшымі амаль удвая.

З Батумі сітуацыя лепшая: ад 530 рублёў туды і ад 640 назад на найбліжэйшы час, на палёты зімой цэны прыкладна такія ж. Рэйс Мінск — Батумі ў нетурыстычны сезон выконваецца чатыры разы на тыдзень, час палёту — чатыры гадзіны туды і плюс 15 хвілін пры вяртанні ў Мінск.

У невялікі гарадок Кутаісі квіткі на найбліжэйшыя даты каштуюць ад 650—680 рублёў у адзін бок. Ляцець чатыры гадзіны. Калі зараз купляць квіткі на зіму, то будзе танней прыкладна на 150 рублёў у адзін бок.

Казахстан

Астана таксама трапляе ў катэгорыю «лакшэры», бо самы танны квіток туды каштуе 740 рублёў, гэта на найбліжэйшыя тыдні і без багажу. Каб вярнуцца ў Беларусь, трэба выдаткаваць мінімум 710 рублёў. Дарога, як і для многіх іншых кірункаў, займае ў сярэднім чатыры гадзіны. Зімой цэны не надта меншыя, на 20—50 рублёў.

Індыя

Рэйс Мінск — Дэлі — Мінск «Белавія» адкрыла ў жніўні. Цяпер самалёты лётаюць у Індыю раз на тыдзень, а ў лістападзе будуць двойчы. Аднак адтуль у Беларусь будзе ў найбліжэйшы час па-ранейшаму адзін рэйс — прынамсі, пра тое кажа каляндар на сайце беларускага авіяперавозчыка.

Каб апынуцца ў Індыі, трэба правесці 6 гадзін і 40 хвілін у дарозе і выдаткаваць мінімум 1100 рублёў (без багажу), назад прыкладна такая ж цана, але ж шлях зойме 7 гадзін і 15 хвілін.

Туркменістан

Для тых, каму бракуе дыктатуры, ёсць цудоўны кірунак — горад Туркменбашы. «Белавія» лётае туды з Мінска раз на тыдзень. На найбліжэйшыя даты квіткоў няма, але іх можна купіць на лістапад — ад 1400 рублёў туды і ад 1450 назад. Шлях зойме чатыры гадзіны і дзесяць-дваццаць хвілін.

Турцыя

Самалёты ў Стамбул адпраўляюцца штодня, часам і двойчы на дзень. Дарога ў турыстычны турэцкі горад займае пяць з паловай гадзін, каштуе гэтае задавальненне ад 1160 рублёў, дарога назад абыдзецца мінімум у 1440 рублёў, столькі ж з ручной паклажай і на найбліжэйшыя тыдні. Зімой будзе танней: ад 850 рублёў за квіток.

Узбекістан

«Белавія» лётае ў Ташкент двойчы на тыдзень, дарога займае чатыры гадзіны і 20 хвілін туды і пяць гадзін назад. Квіткі на найбліжэйшыя даты абыдуцца ад 770 рублёў туды і ад 830 — назад, зімой будуць трошкі таннейшымі.

А што наконт цэн з Польшчы і Літвы?

Злётаць у хуткім часе з Варшавы ў Тбілісі і вярнуцца будзе каштаваць ад 871 рубля ў абодва бакі (гэта на 1100 танней за маршрут Мінск — Тбілісі — Мінск). Дарога зойме столькі ж часу, як і з беларускай сталіцы, — амаль чатыры гадзіны. Гэта не лаўкост, такія квіткі прапануе польская авіякампанія LOT.

Падарожжа з Варшавы ў індыйскі Дэлі ў лістападзе каштуе мінімум 1650 рублёў (ад 726 туды і ад 930 назад). Гэта на 550 рублёў танней, чым падарожжа з Мінска, час у дарозе — каля 8 гадзін.

Тая ж сітуацыя з іншымі краінамі. Казахстан будзе таннейшым з Польшчы на 400 рублёў. Турцыя дарагаватая (ад 1500 з Варшавы ў Стамбул і назад, што ўсё роўна на тысячу рублёў танней за такі ж маршрут з Беларусі), але лаўкостамі будзе каштаваць каля 800 рублёў у абодва бакі. Злётаць з Варшавы ў Дубай у лістападзе будзе каштаваць ад 1000 рублёў, што прыкладна на тысячу рублёў меней за цану пералёту з Мінска.

Злятаць з Вільні ў грузінскі Кутаісі ў лістападзе можна ад 250 рублёў у абодва бакі (дзякуючы лаўкосту Wizzair эканоміце 1200 рублёў у параўнанні з «Белавіяй»), у Тбілісі — ад 751 рубля (мінус 1250 рублёў).

Маршрут Вільнюс — Стамбул — Вільнюс у лістападзе абыдзецца ад 620 рублёў (і гэта на 2000 танней за пералёт з Мінска і назад).

Дубай з літоўскай сталіцы таксама таннейшы — ад 1200 рублёў у абодва бакі, розніца з «Белавіяй» — тысяча рублёў.

Клас
5
Панылы сорам
4
Ха-ха
5
Ого
8
Сумна
1
Абуральна
3