Зарына Канапацкая. Фота: яе старонка ў фэйсбуку

Зарына Канапацкая. Фота: яе старонка ў фэйсбуку

Зарыне Канапацкай 45 гадоў. Яна дачка Ібрагіма Канапацкага, аднаго з лідараў беларускіх татараў. 

Зарына скончыла БДПУ, засталася там працаваць і там жа абараніла кандыдацкую дысертацыю. Да 2021-га працавала там па сумяшчальніцтве, выкладаючы гісторыю Беларусі. Пасля працавала старшым навуковым супрацоўнікам Інстытута гісторыі НАН і рыхтавала манаграфію пра беларускіх татараў, якая мае неўзабаве выйсці.

Сфера яе навуковага інтарэсу — беларускія татары і іхняя культуры і гісторыя. Зарына Канапацкая — навуковец з сусветным іменем.

Канапацкай у відэа ГУБАЗіК закідаюць тое, што яна была падпісана на незалежныя каналы і рабіла рэпосты, рабіла фота з беларускай нацыянальнай сімволікай, выходзіла на пратэсты і зарэгістравалася ў чат-боце плана «Перамога». Заяўляць пра апошняе сілавікі часта змушаюць нават тых затрыманых, якія ніколі не былі зарэгістраваныя ў тым боце.

«Навуковаму супрацоўніку краіна стварыла ўсе ўмовы для даследаванняў, — гаворыцца ў канале, звязаным з Міністэрствам унутраных спраў. — Яна дагэтуль! (курсіў у арыгінале, захоўваем таксама стылістыку — НН) чытала і распаўсюджвала … экстрэмісцкія матэрыялы, удзельнічала ў беспарадках, незаконных акцыях з нацысцкай бчб-анучай … Пры гэтым не было ніводнай падпіскі на прадзяржаўныя каналы, а асабістыя фота з забароненай сімволікай яна выкладвала ў сацсетках у 2023 годзе. Чаму на гэта не звярталі ўвагу яе калегі?» — піша канал.

«Экстрэмісцкімі матэрыяламі» лукашысты называюць інфармацыю незалежных СМІ. «Нацысцкай бчб-анучай» — беларускую нацыянальную сімволіку. «Прадзяржаўнымі» — каналы, якія абслугоўваюць лукашэнкаўскі рэжым. А «беспарадкамі» — мірныя і законныя акцыі пратэсту супраць фальсіфікацыі выбараў і беззаконня.

Чытайце таксама: Ясінскія, Луцкевічы, Александровічы і ўсе нашы татары

Калі вы ведаеце пра тое, што здарылася, больш, пішыце рэдактару «Нашай Нівы» ў ТГ ці на [email protected].

Альбо пішыце асабіста тым журналістам і рэдактарам «Нашай Нівы», якіх вы ведаеце і якім давяраеце (лепш — у сігнал ці тэлеграм).

Нагадаем, што масавыя палітычныя рэпрэсіі ў Беларусі працягваюцца з 2020 года, калі Аляксандр Лукашэнка, мяркуючы па звестках з участкаў, дзе выбарчыя камісіі дазволілі назіральнікам сачыць за падлікам галасоў, прайграў Святлане Ціханоўскай, але не аддаў уладу. 

Лукашысты пераследуюць усіх, хто публічна выступаў супраць іх кіравання і супраць расійскага кантролю над Беларуссю.

З 2022 года, пасля нападу Расіі на Украіну, беларусаў пачалі пераследаваць таксама за антываенныя выказванні або сімпатыі да Украіны.

Згодна з падлікамі праваабаронцаў, за гэты час у краіне адбылося не менш за 55 тысяч палітычна матываваных затрыманняў. Па інфармацыі пракуратуры, заведзена не менш за 12 тысяч крымінальных спраў «экстрэмісцкай скіраванасці», гэта значыць, палітычнага характару. 

Клас
3
Панылы сорам
2
Ха-ха
0
Ого
1
Сумна
7
Абуральна
71