Краіны Еўрасаюза адкрыта купляюць угнаенні з Беларусі. Паводле звестак Еўрастата, за шэсць месяцаў гэтага года туды імпартавалі больш за 7,8 тыс. тон карбаміду з Беларусі на суму €3,7 млн.

Колькі ў гэтай статыстыцы прадукцыі падсанкцыйнага беларускага прадпрыемства «Гродна Азот», мы не ведаем. Але ведаем, што кампанія знайшла шлях, як замаскаваць паходжанне прадукцыі. БРЦ высветліў, што «Гродна Азот» абыходзіць санкцыі, выдаючы свой карбамід за ўзбекскі і выкарыстоўваючы фірмы-пракладкі.

Прадстаўнік ініцыятывы «Рабочы рух» Юрый Рававы ў размове з журналістамі БРЦ адзначыў, што «Гродна Азот» — гэта адзінае прадпрыемства ў Беларусі, якое вырабляе карбамід.

«Вельмі дорага пабудаваць такую вытворчасць. І яна [«Гродна Азот»] пабудавана больш за 50 гадоў таму ў Горадні яшчэ пры Савецкім Саюзе. І нідзе такіх заводаў на тэрыторыі Беларусі больш няма».

У санкцыйны спіс Еўрасаюза адно з найбуйнейшых прадпрыемстваў Беларусі трапіла ў снежні 2021 года за звальненні працаўнікоў, якія ўдзельнічалі ў пратэстах пасля прэзідэнцкіх выбараў 2020 года. У пастанове аб увядзенні санкцый Рада ЕС называе «Гродна Азот» «крыніцай значных даходаў для рэжыму Лукашэнкі», а таксама «адказным за рэпрэсіі супраць грамадзянскай супольнасці». Тады ж экспарт карбаміду з Беларусі ў ЕС пачаў зніжацца і пачалі расці пастаўкі з Узбекістана.

У Сербію праз Узбекістан

У 2021 годзе, у час паміж увядзеннем санкцый ЗША і ЕС супраць «Гродна Азота», Узбекістан упершыню з мая 2017-га паставіў карбамід у Еўрасаюз. Паступова ўзбекскія пастаўкі дасягнулі аб'ёмаў паставак з Беларусі да ўвядзення санкцый. Аднак толькі на паперы. БРЦ высветліў, што карбамід з Узбекістана мае беларускае паходжанне. 

Дзякуючы «Рабочаму руху», журналісты атрымалі дакументы, якія паказваюць, як «Гродна Азот» абыходзіць санкцыі, выдаючы свой прадукт за ўзбекскі. У распараджэнне БРЦ трапіў кантракт, згодна з якім беларускае дзяржаўнае прадпрыемства «Грыком» прадае айчынны карбамід узбекскай фірме Wakler Exim.

«Грыком» вядомы па лютаўскім расследаванні як адна з фірмаў-пракладак, з дапамогай якіх «Гродна Азот» абыходзіць еўрапейскія санкцыі.

Дадатак да гэтай дамовы тлумачыць, навошта беларускі карбамід прадаваць ва Узбекістан, дзе з 2017 года існуе праграма развіцця хімічнай прамысловасці, у межах якой планавалі інвеставаць у гэтую галіну больш за $3 млрд, а два гады таму запусцілі два новыя заводы па вытворчасці азотнай кіслаты, аміяку і карбаміду. У ім канчатковым атрымальнікам беларускага карбаміду пазначана сербская фірма Wakler.

Згодна з актам прыёму-перадачы тавару па гэтым кантракце ад 2022 года, амаль тры тысячы тон карбаміду, якія прадаў «Грыком», загрузілі ў вагоны на чыгуначнай станцыі Аульс побач з «Гродна Азотам». За гэтую партыю Wakler Exim заплаціў каля €885 тыс.

Кантракт з Wakler Exim падпісаў Віктар Русак, які займаў пасаду дырэктара «Грыкома».

Пасля лютаўскага расследавання БРЦ змоўнікі яшчэ больш заблыталі сляды і перайменавалі ўзбекскі Wakler Exim у Dunger — «угнаенне» па-нямецку. 

Мы звярнуліся па каментар да ўзбекскай Dunger (былой Walker Exim) і сербскай Walker DUO, але на момант публікацыі адказаў не атрымалі.

Украінскі след 

Расследавальнікі БРЦ высветлілі, хто стаіць за фірмай, якая дапамагае «Гродна Азоту» абыходзіць санкцыі. Узбекская кампанія Dunger (былая Wakler Exim), як і сербская Wakler DOO, была зарэгістраваная вясной 2022 года. Бенефіцыяр першай — украінскі бізнэсовец Аляксандр Караніцын (санкцыі супраць «Гродна Азота» ўвяла і Украіна). Яму ж належыць 45% Wakler DOO. Ён валодае кампаніямі ці доляй праз эмірацкую Wakler FZE.

Былы дырэктар узбекскага Dunger Алімжон Саідаў узначальвае фірму Dunger Navoiy. Паводле дакументаў, якія апынуліся ў распараджэнні «Рабочага руху», гэтая фірма таксама рэгістравала пастаўкі ад «Грыкома». Прадметам здзелкі быў гідраксіламінсульфат (ГАС) — запатрабаваны ў хімпраме рэактыў. 

Каля чвэрці Dunger Navoiy належыць заводу Navoiyazot, які ўваходзіць у структуру дзяржаўнага хімічнага прамысловага холдынга Узбекістана «Узкімёсанаат». Тры чвэрці — кампаніі «СБПМ», след якой праз некалькі ўкраінскіх фірмаў і эмірацкую Mainstay Capital FZС вядзе да таго ж украінскага бізнэсоўца Аляксандра Караніцына і яго партнёра Яўгена Вераб'ёва.

У рэдакцыю БРЦ прыйшоў ліст ад «СБПМ», у якім гаворыцца, што пасля публікацыі лютаўскага расследавання БРЦ, «кіруючыся дзелавой этыкай і дзеля абароны дзелавой рэпутацыі, … спынілі ўсе кантакты з КУП «Грыком».

«Адносна асобных угод нашай групы з кампаніяй «Грыком» інфармуем, што ў адпаведнасці з прадстаўленымі дакументамі, тавары, што пастаўляюцца, вырабленыя ў Рэспубліцы Беларусь, вытворца тавараў — КУП «Грыком», — напісана ў паведамленні. — Тавары, закупленыя па гэтых кантрактах, пастаўляліся на рынкі Узбекістана, Сербіі і Турцыі, якія не ўвялі санкцыйнай забароны на беларускіх вытворцаў і іх прадукцыю».

Мы звярнуліся па каментар да беларускага «Грыкома», эмірацкага Mainstay Capital FZС, узбекскага Dunger Navoiy і Navoiyazot, але на момант публікацыі адказаў не атрымалі. Спробы звязацца з Аляксандрам Караніцыным і Яўгенам Вераб'ёвым не прынеслі выніку.

Азотныя ўгнаенні з калійнага завода

Іншыя кампаніі, якія набываюць забаронены тавар з Беларусі, хаваюць яго паходжанне значна горш. БРЦ выкрыў яшчэ адну схему кантрабанднага экспарту. 

Партыю ўзбекскага карбаміду закупіла літоўская кампанія Milca Baltija. Яе ўласнік — 23-гадовы беларус Раман Семяненя. Прадпрыемства, вядомае скаргамі супрацоўнікаў на нявыплаты заробку і байкатаваннем вытворчасці, сёння ёсць банкрутам.

Акрамя таго, у Рамана Семянені ёсць кампаніі ў Польшчы і Нямеччыне. 

У мытнай дэкларацыі на набыты Milca Baltija карбамід пастаўка аформленая з дзяржаўнага ўзбекскага Дэхканабадскага калійнага завода. На ім не вырабляюць азотных угнаенняў. У сертыфікаце якасці замест «масавай долі біўрэту» — гэта кіслата з элементаў азоту — напісана «масавая доля бюрэткі». Бюрэтка — лабараторны посуд для дакладнага вызначэння невялікіх аб'ёмаў газаў і вадкасцяў. 

Такая памылка, на думку экс-супрацоўнікаў «Гродна Азота» з «Рабочага руху», можа ўказваць на тое, што чалавек, які запаўняў дакумент, не знаёмы з вытворчасцю азотных угнаенняў. Да таго ж месцам адгрузкі ў арыгінале накладной для атрымальніка значыцца горад Ліда. 

Мы звярнуліся па каментар да Milka Baltija і яе ўладальніка Рамана Семянені, а таксама да Дэхканабадскага калійнага завода, але на момант публікацыі адказаў не атрымалі.

Новыя звёны ў ланцужку

Мы звярнулі ўвагу на яшчэ адну падазроную пастаўку. У маі гэтага года ўзбекскі карбамід у Літву везла беларуская фірма «Славянскі альянс 2020». Яна належыць былому супрацоўніку Камітэта дзяржкантролю Аляксею Нікіціну, якога раней асудзілі да турэмнага тэрміну за махінацыі пры супрацы з дзяржаўным прадпрыемствам.

«Славянскі альянс 2020» займаецца аптовым гандлем яйкамі, малочнымі і іншымі харчовымі прадуктамі. Атрымальнікам партыі ўзбекскага карбаміду была кампанія UAB Gerta Baltic у Літве. Афіцыйна яна займаецца продажам мяса. 

У тэлефоннай размове, у якой журналіст назваўся супрацоўнікам кансалтынгавай кампаніі, кіраўнік фірмы распавёў, што ведаў пра пастаўку ўгнаенняў, але не адказаў на іншыя пытанні, звязаныя з ёй. Мы накіравалі афіцыйны запыт на адрас «Славянскага альянсу 2020», але на момант публікацыі адказу не атрымалі.

Верагодна, «Гродна Азот» выкарыстоўвае і іншыя беларускія кампаніі-пракладкі, каб экспартаваць свае ўгнаенні. За шэсць месяцаў гэтага года Польшча імпартавала больш за шэсць тысяч тон карбаміду з Беларусі на агульную суму амаль €3 млн. Літва — тысячу тон на паўмільёна еўра. 

Як і ў выпадку з «узбекскімі ўгнаеннямі», калі карбамід экспартуецца з Беларусі ў Еўрасаюз, у ланцужок паставак дадаецца яшчэ адно звяно. 

Праз два месяцы пасля ўвядзення санкцый ЕС супраць «Гродна Азота», у лютым 2022-га, у Беларусі зарэгістравалі новую кампанію «ГлобалДэТры». У лютым 2023-га яна правезла ў Літву партыю карбамідна-аміячнай сумесі (скарочана КАС) на амаль €137,5 тыс. Краінай паходжання тавару ўказана Беларусь. Юрый Рававы адзначае, што ўсё, што звязана з аміякам, у Беларусі вырабляецца толькі на «Гродна Азоце». 

«І карбамідна-аміячная сумесь, і аміячная салетра, і карбамід сам робіцца з аміяку, — пералічвае прадстаўнік «Рабочага руху». — І вось гэтае, такое добрае вадкае ўгнаенне, яго ў Беларусі вырабляе таксама толькі «Гродна Азот». Вось якраз яго немагчыма ні з чым там больш асабліва змешваць. Гэта выключна «Гродна Азот» робіць гэтую рэч у Беларусі».

Дзякуючы «Рабочаму руху» мы атрымалі дакументы, якія сведчаць, што «ГлобалДэТры» закупляў КАС у «Гродна Азота». У адным з лістоў прадпрыемства дзякуе «ГлобалДэТры» за ўзаемавыгадную супрацу ў галіне паставак КАС-32.

Мы патэлефанавалі дырэктару «ГлобалДэТры», каб даведацца, хто вырабляе КАС, якую яны гатовыя экспартаваць у краіны ЕС. Дзмітрый Пятрунін запэўніў, што яго прадпрыемства вырабляе гэтую прадукцыю самастойна, а «Гродна Азот» ніякага дачынення да гэтага не мае. Нават складнікі для КАС яны купляюць у іншых дастаўнікаў. 

«У нас свая ўстаноўка па змешванні інгрэдыентаў, знаходзіцца яна ў вёсцы Брузгі, гэта на мяжы з Польшчай. Там вытворчая пляцоўка, там у нас устаноўка і там адбываецца змешванне», — распавёў БРЦ Пятрунін.

Мы таксама звярнуліся па каментар да «Гродна Азота», але на момант публікацыі адказу не атрымалі.

Надзейныя бізнэс-партнёры

Ацэньваючы ўплыў санкцый на працу «Гродна Азота» праз амаль паўгода пасля іх увядзення, генеральны дырэктар прадпрыемства Ігар Ляшэнка сказаў

«Павялічыліся тэрміны дастаўкі тавару кліентам, змянілася геаграфія паставак, але стабільная якасць вырабленай прадукцыі, узаемавыгадная супраца і цвярозы розум нашых надзейных бізнэс-партнёраў дазваляюць знаходзіць новыя магчымасці для працы ў бягучых эканамічных умовах».

Наша расследаванне не толькі пацвярджае яго словы, але і раскрывае некаторых «партнёраў з цвярозым розумам». 

Прадукцыю «Гродна Азота» ў Еўропе нібыта замяніў карбамід з Узбекістана. Але частка гэтых паставак насамрэч — беларускія ўгнаенні з падсанкцыйнага «Гродна Азота». Гэтай кантрабандай займаюцца як прафесіяналы, напрыклад, «Грыком», пры дапамозе ўкраінскіх трэйдараў, якія свядома абыходзяць санкцыі і Еўрасаюза, і Сербіі, і Украіны, так і гульцы кшталту Milca Baltija, якая па дакументах купляе азотныя ўгнаенні ў калійнага завода. Усё гэта пакрываюць дзяржаўныя прадпрыемствы Узбекістана. 

Юрый Рававы лічыць, што праз недахоп кантролю частка санкцый ператвараецца ў паўмеры. 

«Дзесяць і нават больш супрацоўнікаў «Гродна Азота» цяпер знаходзяцца ў месцах зняволення па палітычна матываваных прычынах. І калі не ствараць ніякага рычага ціску, то гэта ўсё будзе працягвацца. Калі закрываць вочы і даваць абыходзіць гэтыя санкцыі, то злачынец, атрымліваецца, не нясе ніякага пакарання. Калі рашэнне прынята, значыць, мы дзейнічаем у гэтым кірунку і ідзём да канца». 

Каб прадухіліць абыход санкцый, можна ўвесці дадатковыя меры, якія абмяжуюць магчымасці паставак прадукцыі «Гродна Азота» на еўрапейскі рынак, лічыць Павел Латушка. У якасці прыкладаў кіраўнік Народнага антыкрызіснага ўпраўлення прыводзіць «санкцыі ў дачыненні да ўсяго віду гэтай прадукцыі» і кватаванне: «напрыклад, пастаўляць тавар у аб'ёмах, які існаваў да вайны».

Гэты матэрыял падрыхтаваны ў партнёрстве з Літоўскім расследавальніцкім цэнтрам Siena пры падтрымцы ініцыятывы «Рабочы рух», Цэнтра расследавальніцкай журналістыкі Сербіі CINS і «Кіберпартызанаў».

Матэрыял створаны пры падтрымцы Journalismfund Europe

Клас
3
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
1
Абуральна
9