Фота: «Гомельскія ведамасці»

Фота: «Гомельскія ведамасці»

12 верасня на сайце Міністэрства культуры Рэспублікі Беларусь з'явілася абвестка пра пачатак грамадскага абмеркавання канцэпцыі развіцця нацыянальнай культурнай прасторы ва ўсіх сферах жыцця грамадства на 2024—2026 гады.

Яно працягнецца да 1 кастрычніка.

Неабходнасць распрацоўкі канцэпцыі, на думку аўтараў, абумоўлена пэўным негатыўным уплывам палітычных, маральных, эстэтычных поглядаў і каштоўнасцей замежнага паходжання і створаных на іх аснове культурных прадуктаў, вынікаў інтэлектуальнай і творчай дзейнасці на светапогляд, маральнасць, сацыяльныя паводзіны грамадзян, якія ўяўляюць патэнцыяльную пагрозу.

Адзначаецца, што, з аднаго боку, з-за геаграфічнага становішча і гістарычных асаблівасцей фарміравання Беларусь з'яўлялася месцам барацьбы за духоўны і культурны ўплыў з боку буйнейшых суседзяў, якія насаджалі сваю культуру, а з іншага — працэс глабалізацыі, узмацненне ўплыву на беларускае грамадства заходняй культуры, якая «сцвярджае каштоўнасці індывідуалізму, неабмежаванай свабоды творчасці, прапаганды ненатуральных адносін паміж паламі і ў сям'і». 

Замежная культурная прадукцыя, якая мае пераважна англійскае і амерыканскае паходжанне, на думку ідэолагаў, транслюе гэтыя каштоўнасці, актыўна спажываецца моладдзю і ўспрымаецца ёю як модны і сучасны ўзор для пераймання. Гэта быццам замінае выпрацоўцы ў іх «устойлівай грамадзянскай пазіцыі».

Культурнае імпартазамяшчэнне: лацінскі правапіс беларускай мовы замяняюць на рускую мову

Культурнае імпартазамяшчэнне: лацінскі правапіс беларускай мовы замяняюць на рускую мову

Канцэпцыя складаецца з пяці раздзелаў. Першы змяшае «асновы культурнага імпартазамяшчэння». 

Аўтары сцвярджаюць, што «складовай часткай гістарычнай і культурнай спадчыны беларускага народа з'яўляецца традыцыйнае беларуска-рускае двухмоўе». Якім чынам і дзякуючы каму яно стала «традыцыйным», дакумент не ўдакладняе. Беларусы перайшлі на рускую мову ў выніку савецкай русіфікацыі толькі ў другой палове ХХ стагоддзя. 

Праблемай бытавання беларускай мовы названа скарачэнне яе выкарыстання ў жывой гаворцы грамадзян, а разам з рускай мовай яе «засмечваюць» замежныя неалагізмы, іншамоўныя найменні (пераважна англамоўныя) і нават іхнія скарачэнні ў назвах устаноў. Прыкладаў не прыводзіцца, але, мабыць, гаворка пра тое, каб замест «бойз-бэнд» пісаць «мужчынскі вакальна-інструментальны ансамбль». Прапануецца скарачаць ужыванне замежных слоў.

У савецкі час таксама змагаліся з усім заходнім, так, напрыклад, памылкова раскруцілі міф пра тое, што сапраўднае імя Францыска Скарыны — Георгій

У савецкі час таксама змагаліся з усім заходнім, так, напрыклад, памылкова раскруцілі міф пра тое, што сапраўднае імя Францыска Скарыны — Георгій

Культурнае імпартазамяшчэнне прапануюць будаваць на старажытнарускай спадчыне, супраціве польскай асіміляцыі, зараджэнні беларускай літаратурнай мовы і культуры ў канцы XIX — пачатку XX стст., стварэнні БССР і Вялікай Айчыннай вайне. За выключэннем абвяшчэння суверэнітэту Беларусі, гэта цалкам савецкі падыход да беларускай гісторыі, з якога да таго ж выкінулі паўстанне супраць царызму 1863—1864 гадоў, якое ўслаўлялі ў савецкі час.

Для забеспячэння роўнасці дзяржаўных моў прапануюць выданне нарматыўных прававых актаў і ўкараненне ў дзейнасць СМІ. 

Прапануюць адмовіцца ад святаў замежнага паходжання (Дзень Святога Валянціна, Хэлоўін), а замест іх пашыраць народныя і сучасныя беларускія святы (пад апошнімі, відаць, маюцца на ўвазе даты кшталту Дня народнага адзінства).

Другі раздзел прысвечаны захаванню традыцый беларускай культуры. 

Пасля пераліку дасягненняў акцэнт робіцца на кінематографе, дзе сеансы фільмаў беларускай вытворчасці нібыта складаюць ад 4 да 18,5%. Нават гэтыя лічбы гучаць як выдумка. Напэўна, гаворка пра расійскія кінастужкі, якія былі створаныя на базе «Беларусьфільма». 

Прарасійскія актывісткі на паказе расійскага прапагандысцкага фільма ў Мінску. Фота: тэлеграм-канал Вольгі Бондаравай

Прарасійскія актывісткі на паказе расійскага прапагандысцкага фільма ў Мінску. Фота: тэлеграм-канал Вольгі Бондаравай

У дакуменце заўважаецца, што адмова сямі галівудскіх кінакампаній ад продажу правоў паказу фільмаў фактычна прывяла да прыпынення працы кінатэатраў у 2022 годзе.

Недастаткова актыўна ўключаюцца ў турыстычны абарот гісторыка-культурныя каштоўнасці — чыноўнікі бачаць праблему ў малой колькасці парковак і рэстаранаў, а не ў тым, што ў Беларусі шмат што не ўзята пад ахову і хутка проста не будзе на што глядзець у гістарычных гарадах. 

У 2022 годзе з экспазіцыі Нацыянальнага гістарычнага музея прыбралі фігуры Вітаўта Вялікага і караля Ягайлы

У 2022 годзе з экспазіцыі Нацыянальнага гістарычнага музея прыбралі фігуры Вітаўта Вялікага і караля Ягайлы

Бібліятэкі перастануць закупляць замежную літаратуру, а ва ўмовах «сучаснай гістарычнай праўды», як напісана ў дакуменце, патрабуе перагляду змест музейных экспазіцый, прысвечаных перыяду Вялікага Княства Літоўскага і Рэчы Паспалітай.

З пазітыўнага можна адзначыць толькі згаданую алічбоўку музейных фондаў — у гэтай сферы Беларусь на дзесяцігоддзе адстае ад усіх развітых краін.

Адзін з кан'юнктурных фільмаў пра вайну, знятых у Беларусі. Кадр з фільма «Не гульня» (2018)

Адзін з кан'юнктурных фільмаў пра вайну, знятых у Беларусі. Кадр з фільма «Не гульня» (2018)

Дзяржава плануе заказваць 21 твор мастацтва штогод на тэмы, звязаныя з гісторыяй і культурай Беларусі. Здаецца, гэта прыкладна адпавядае сённяшнім заказам на стужкі пра вайну з расійска-савецкіх пазіцый. Да 2026 года плануецца, што колькасць гэтай прадукцыі ў кінатэатрах дасягне 30% ад усіх паказаў. 

Класік беларускай літаратуры Вінцэнт Дунін-Марцінкевіч, якога як «польскага пана» патрабуюць адмяніць прарасійскія актывісты

Класік беларускай літаратуры Вінцэнт Дунін-Марцінкевіч, якога як «польскага пана» патрабуюць адмяніць прарасійскія актывісты

Трэці раздзел прысвечаны развіццю беларускай мастацкай літаратуры «як сродку фарміравання нацыянальнай самасвядомасці грамадзяніна». У гэтым раздзеле адсутнічаюць нейкія гучныя заявы, сярод планаў — выданне поўных збораў твораў класікаў нацыянальнай літаратуры і маштабнага акадэмічнага праекта «Залатая калекцыя беларускай літаратуры ў 50 тамах», у якім будуць прадстаўлены шэдэўры нацыянальнай літаратурнай класікі. 

Паказальнай з'яўляецца статыстыка, якая прыводзіцца ў раздзеле: на 20,13 млн экзэмпляраў рускамоўных кніг і брашур даводзіцца толькі 2,83 млн экзэмпляраў беларускамоўных. І гэта не лічачы імпарту кніжнай прадукцыі з Расіі.

Чацвёрты раздзел — «гуманітарная адукацыя, выхаванне дзіцяці як патрыёта Беларусі і прыхільніка традыцыйных маральных каштоўнасцяў» — змяшчае шмат агульных слоў пра народ, гонар, Радзіму і дзяржаву.

Правільныя цацкі, на думку чыноўнікаў, зробяць з дзіцяці патрыёта

Правільныя цацкі, на думку чыноўнікаў, зробяць з дзіцяці патрыёта

Сярод канкрэтных захадаў, якія думаюць зрабіць, — замяніць цацкі з вобразамі замежных герояў на цацкі паводле вобразаў персанажаў беларускіх казак.

Пяты раздзел, прысвечаны захаванню культурнай самабытнасці рэгіёнаў, дэкларуе падтрымку і пашырэнне мастацкай прафесійнай і аматарскай творчасці, а таксама захаванне, вывучэнне і развіццё народнай культуры, павелічэнне турыстычных маршрутаў.

Гэты дакумент — спроба стварэння дзяржаўнай беларускай ідэалогіі, якая пакуль існуе толькі на паперы і ў назве курса, які вывучаецца студэнтамі. 

Многія ідэі, якія змешчаны ў Канцэпцыі, маюць выразную антызаходнюю, антыеўрапейскую скіраванасць, маюць на мэце цэментаванне залежнасці Беларусі ад Расіі і дыктатуры ў краіне, але ў дакуменце не прапаноўваецца амаль нічога новага, што б тычылася менавіта беларускай культуры. Усё гэта ўжо і так фармальна выконвалася ці замацоўвалася ў тым жа Кодэксе аб культуры, але вынікаў не прынесла. 

У Канцэпцыі часцяком ставяцца мэты, але не тлумачацца сродкі, якімі іх можна дасягнуць. Прычына гэтага бачыцца ў карэнным неразуменні праблем, якія стаяць перад беларускай культурай.

Найбольш яскравыя палажэнні дакумента — рэакцыйныя і ізаляцыянісцкія, за імі пазнаецца аблічча савецкай ідэалогіі.

Але пры ўсім тым новая лукашэнкаўская ідэалогія пакуль не калькуе дакладна тое, што Беларусі падсоўвае «рускі свет».

Гэта відаць хоць бы па тым, што маргінальныя прарасійскія блогеры з кола Вольгі Бондаравай, ужо выклалі свой спіс паправак у гэты дакумент, мэта якіх — цалкам знішчыць нацыянальную ідэнтычнасць на карысць расійскай.

Клас
1
Панылы сорам
12
Ха-ха
6
Ого
1
Сумна
3
Абуральна
39

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?