Аляксей Венедыктаў і Уладзімір Пуцін Alexey Venediktov and Vladimir Putin Алексей Венедиктов и Владимир Путин

Аляксей Венядзіктаў (злева) і Уладзімір Пуцін. Фота: Wikimedia Commons

Як паведамляе расійскае выданне «Ведамасці», спасылаючыся на словы чатырох блізкіх да Адміністрацыі прэзідэнта Расіі крыніц, на маючых адбыцца выбарах прэзідэнта хочуць бачыць «кандыдата ад лібералаў».

У якасці прыкладу прыдатнага кандыдата — статуснага ліберала — гэтыя суразмоўцы назвалі журналіста, былога галоўнага рэдактара «Рэха Масквы» Аляксея Венядзіктава, прызнанага «іншаагентам». Для таго, каб пазбегнуць працэдуры збору подпісаў, «ліберал» можа ісці ад палітычнай партыі. Пакуль, праўда, не вырашана, ад якой канкрэтна.

Як адзначыў адзін з суразмоўцаў «Ведамасцяў», удзел такога кандыдата — нялёгкі крок з боку ўладаў, бо падчас выбарчай кампаніі ён павінен будзе крытыкаваць улады. У той жа час ліберальны кандыдат прадэманструе, што гэтая частка палітычнага спектру на выбарах таксама прадстаўлена.

Яшчэ адзін суразмоўца падзяліўся сваім меркаваннем аб тым, што з'яўленне такой фігуры ў цэлым правільнае для кампаніі: «Чым больш выбары абмяркоўваюцца, тым вышэйшая яўка». А нязначная колькасць галасоў, пададзеных за кандыдатуру ад лібералаў, толькі падкрэсліць падтрымку палітыкі дзейнага прэзідэнта.

Ёсць яшчэ адзін важны момант вылучэння Венядзіктава. Як вядома, ён мае статут «іншаагента». Ніхто не пагодзіцца фінансаваць ягоную кампанію. Таму, як сказаў суразмоўца выдання, гэты статус можа быць з журналіста зняты.

«Ведамасці» адзначаюць, што на іх пытанне аб удзеле ў будучых выбарах Венядзіктаў адзначыў, што да яго ніхто не звяртаўся з гэтай нагоды.

«Гэта па-за маімі інтарэсамі. Палітыка — справа калектыўная, і гэта не па мне. У мяне не было і няма жадання ўдзельнічаць [у кампаніі]. Ніхто з тых, хто мяне ведае, мне такога не прапануе, а тыя, хто мяне не ведае і прапануе, атрымаюць маю адмову», — цытуе выданне словы былога галоўнага рэдактара «Рэха Масквы».

Адна з крыніц выдання звяртае ўвагу, што размова ішла аб статусным кандыдаце «тыпу Венядзіктава», таму напэўна ёсць і іншыя патэнцыйныя кандыдатуры.

У той жа час, пакуль асноўны сцэнарый выбарчай кампаніі, якая стартуе ў снежні, выглядае хутчэй інэрцыйным. Суразмоўцы выдання сярод магчымых кандыдатур называюць Генадзя Зюганава (КПРФ), Леаніда Слуцкага (ЛДПР) і Аляксея Нячаева («Новыя людзі»).

У прэзідэнцкіх выбарах у 2018 годзе псеўдакандыдатам ад «лібералаў» ішла Ксенія Сабчак, якая ў выніку «набрала» 1,68% галасоў.

Рэальна апазіцыйны лідар, антыкарупцыйны блогер Аляксей Навальны, адбывае 19-гадовы тэрмін турэмнага зняволення. Раней ён ледзь выжыў пасля атручэння.

У той жа час псеўдаапазіцыйныя, падкантрольныя Крамлю партыі, такія, як Камуністычная, Ліберальна-дэмакратычная, «Справядлівая Расія» і «Новыя людзі», засядаюць у Думе і ўдзельнічаюць у выбарах у якасці спарынг-партнёраў кандыдатаў ад «Адзінай Расіі».

Чытайце яшчэ:

Рэдактар «Эхо Москвы»: Расійскія кіраўнікі ставяцца да Беларусі як да Крыма. Калі ўпадзе ў рукі — тады і возьмем

Брэнд «Эхо Москвы» можа перайсці дзяржаве. Заяўку на таварны знак падала «Россия сегодня»

Расійскія апазіцыянеры прасілі ЕС зняць санкцыі з уласнікаў «Альфа-груп». Дакументы зліў Венядзіктаў

Клас
1
Панылы сорам
13
Ха-ха
6
Ого
2
Сумна
1
Абуральна
2

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?