Ілан Маск. Фота: Susan Walsh /AP

Ілан Маск. Фота: Susan Walsh /AP

Ілан Маск свядома адключаў глабальны спадарожнікавы інтэрнэт Starlink, каб перашкаджаць аперацыям украінскай арміі не толькі ў Крыме, але і на акупаваным Расіяй усходзе Украіны. Пра гэта ў інтэрв'ю выданню The Washington Post 13 верасня расказаў біёграф мільярдэра Уолтэр Айзексан, які нядаўна выпусціў кнігу з аповедамі Маска.

Паводле Айзексана, Ілан Маск лічыць сябе героем за тое, што ў пачатку вайны прыйшоў на дапамогу Украіне і даў яе арміі доступ да Starlink, бо «без гэтага ўкраінцы былі б разгромленыя».

Аднак калі справа даходзіла не да пасіўнай абароны, а да вызваленчых аперацый на акупаваных Расіяй тэрыторыях, то Маск пачынаў непакоіцца з-за рызыкі пачатку ядзернай вайны і адключаў украінцам Starlink.

«Маск сказаў мне, што ствараў Starlink не для развязвання ядзернай вайны, а для таго, каб людзі паўсюль маглі спакойна глядзець фільмы і граць у відэагульні. 

Таму Маск не ўключаў яго ў Крыме і трымаў гэта ў сакрэце. Больш за тое, ён не ўключаў яго і ў некаторых частках усходняй Украіны, каб Starlink не выкарыстоўваўся ў наступальных мэтах. Бо ён быў упэўнены, што дэакупацыя населеных пунктаў — гэта не абарона», — расказаў Уолтэр Айзексан.

Біёграф тлумачыць гэтую думку Маска тым, што «па кантракце выкарыстанне Starlink прызначалася толькі ў абарончых мэтах».

Але пры гэтым мільярдэр, па словах Айзексана, «вырашыў прадаць Пентагону пэўную колькасць абсталявання Starlink і поўны кантроль над геазонамі яго пакрыцця, каб проста сысці ад усяго гэтага».

«Я думаю, што Маск усё яшчэ цалкам за Украіну і жадае хуткага спынення агню», — мяркуе Айзексан.

Нагадаем, што ў новай кніжнай біяграфіі Ілана Маска было сказана, што яшчэ ў мінулым годзе мільярдэр наўмысна адключаў Starlink у раёне Крыма, бо хацеў перашкодзіць украінцам правесці аперацыю супраць марскога флоту Расіі. Маск абгрунтоўваў свой учынак рызыкай ядзернага адказу з боку Расіі. 

Чытайце таксама:

«О божа, гэта нядобра!» Маск расказаў пра «цудоўную размову» з Пуціным

Ілан Маск планаваў ляцець на Марс на расійскіх ракетах, але здзелка з Масквой з трэскам сарвалася

Твітар Маска паніжае рэйтынг любой публікацыі пра вайну ва Украіне

Клас
4
Панылы сорам
14
Ха-ха
1
Ого
0
Сумна
1
Абуральна
21