Valery Karbalevich Валерый Карбалевіч Валерий Карбалевич

На думку Валера Карбалевіча, Азаронак і Мукавозчык цяпер гавораць тое, што наўме ў самога Лукашэнкі. Скрын відэа: TOK_talk / Youtube

Канфлікт сярод прыхільнікаў Лукашэнкі

У асяроддзі прыхільнікаў Лукашэнкі ёсць тыя, каму не падабаецца рыторыка людзей тыпу Вольгі Бондаравай і Рыгора Азаронка.

«Як казала Вараніца, [яны] хацелі б, каб іх дзеці жылі ў нармальнай краіне, — адзначае Валер Карбалевіч.

— Яны думалі, што пасля перыяду нейкага напружання, нейкіх палітычных рэпрэсій краіна вернецца да нармальнага жыцця, будзе перагорнутая старонка. Але гэтага не адбываецца. Адбываецца ўсё наадварот. Яны не разумеюць, што азаронкаўшчына — найвышэйшая форма лукашызму.

Калі кажуць, што Азаронак нейкімі дрэннымі словамі кажа пра нейкіх палітычных апанентаў… Але ж Лукашэнка за 30 гадоў кіравання столькі нагаварыў слоў супраць апанентаў. Азаронку да Лукашэнкі яшчэ далёка. Азаронак і Мукавозчык гавораць тое, што наўме ў самога Лукашэнкі. Але ён сказаць не можа».

На думку палітолага, для некаторай часткі чыноўніцтва такія словы з'яўляюцца нечаканасцю, бо яны не думалі, што такою цаною будзе дасягнутая перамога Лукашэнкі.

А тое, што незадаволенасць у шэрагах прыхільнікаў Лукашэнкі вырвалася на паверхню, Карбалевіч лічыць дзіўным.

«Калі Вараніца спрачаецца з Азаронкам, то на самай справе яна спрачаецца з Лукашэнкам, хаця гэтага да канца не разумее, — адзначае Карбалевіч і выказвае некалькі варыянтаў заканчэння канфлікту:

— Ён можа нічым не скончыцца, калі будзе дадзены зверху загад спыніць усякія спрэчкі. Іншы варыянт, што гэтыя спрэчкі цікавыя і самому Лукашэнку. Няхай паміж сабою прыхільнікі сварацца. Канфлікты ў атачэнні для дыктатара бываюць карысныя. І ён часам можа сам нацкоўваць іх, плесці інтрыгі. Ад гэтых сварак улада Лукашэнкі нічога не траціць».

Чаму чыноўнікі слухаюць Бондараву

Погляды Вольгі Бондаравай і Рыгора Азаронка нагадваюць класічнае чарнасоценства пачатку ХХ стагоддзя — антыбеларускасць, антыпольскасць, антыўкраінскасць, антысемітызм, паказная праваслаўнасць, нянавісць да чыноўнікаў, у якіх яны бачаць замаскаваных ворагаў, — і пры гэтым абагаўленне самадзержца. Чаму пры гэтым тыя самыя чыноўнікі становяцца перад імі навыцяжку?

Бондарава «ідзе ў выглядзе авангарду. Чыноўнікі разумеюць, што гэта агульны трэнд, што ён зададзены афіцыйнай уладай з самага верху. Што гэта не проста ініцыятыва «дзіўных» людзей, таму яны рэагуюць.

У такой сітуацыі лепш перагнуць палку, чым недагнуць», — тлумачыць палітолаг.

Хто і калі спыніць прапагандыстаў

На пытанне аб тым, хто і калі ўдарыць чарнасоценцаў па руках, Валер Карбалевіч заўважыў, што не разумее, навошта Лукашэнку гэта спыняць. На думку палітолага, наверсе не асабліва клапоцяцца аб тым, які ўплыў на эканоміку мае цяперашні курс.

«Трымаць грамадства ў сітуацыі тэрору, страху пасля 20-га года — агульная лінія, трэнд, устаноўка. Такія людзі гэтую ўстаноўку выконваюць. Яна мяняцца не будзе, пакуль Лукашэнка пры ўладзе».

Глядзіце цалкам:

Чытайце таксама:

«Азаронкаўшчына — гэта найвышэйшая форма лукашызму». «Ток» з Валерыем Карбалевічам

«Бондарава — гэта Гіркін, якога мы заслужылі»

«Пуцін не даруе». Аналітыкі пра інцыдэнт з Прыгожыным і будучыню вагнераўцаў у Беларусі

Клас
53
Панылы сорам
1
Ха-ха
7
Ого
4
Сумна
17
Абуральна
14

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?