Васіль Сушко. Фото з суполкі спевака ў Аднакласніках

Васіль Сушко. Фото з суполкі спевака ў Аднакласніках

Гісторыя гучыць як казка. Хлопчык нарадзіўся ў вёсцы каля Жодзіна, у сем гадоў упершыню ўзяў у рукі гітару і зразумеў, што хоча быць артыстам. Калі вучыўся ў старэйшых класах, нават выступаў у складзе аматарскага калектыву — граў хіты Юрыя Антонава і гурту «Зямляне».

А потым пачалося дарослае жыццё — армія, пасля яе трэба было працаваць і зарабляць… І бізнэс. У 2016 годзе партал «Ежедневнік» уключыў Васіля Сушко ў спіс найбольш паспяховых і ўплывовых бізнесменаў Беларусі.

Пра сваю мару бізнэсовец згадаў, калі яго малодшая дачка пачала займацца вакалам. Тады яе настаўніца сказала, што ў бацькі добра выходзіць спяваць. Гэтая думка не давала пакою будучаму артысту.

— Памятаю, я працаваў у офісе — і раптам у галаве зайграла кампазіцыя, — расказваў Васіль на прэс-канферэнцыі. — Адразу ўявіў, як яна загучыць са сцэны. Я запісаў музыку, словы… З таго моманту ўсё і пачалося. Цяпер у маім рэпертуары каля ста пяцідзесяці кампазіцый — добрых, з глыбокім сэнсам. Нарэшце займаюся любімай справай!

Пасля гэтага Васіль (па яго версіі) пакінуў свой пакет акцый кампаніі «Белавежскія сыры» (34%) маме сваіх дзяцей, а сам пачаў займацца творчасцю. Па версіі былой жонкі — Святланы Сушко — яна сама выкупіла ў мужа пакет акцый і самастойна ператварыла праблемнае прадпрыемства ў прыбытковае.

Шукаем мільёны (праглядаў)

Найбольш папулярны кліп Васіля Сушко на YouTube мае мільён праглядаў і 3,7 тысяч лайкаў. Гэта кліп (спявак нават называе яго мініяцюрным мюзіклам) на песню «Каханая», запісаны разам з беларускім дзяржаўным ансамблям «Песняры».

«Наша Ніва» прачытала ўсе 977 каментарыяў пад ролікам, і заўважыла некалькі цікавостак. Па-першае, каментарыі даволі тыповыя і здаецца напісаны як пад капірку.

Каментатары захапляюцца якасцю кліпа (нават добрым мантажом) і глыбокім сэнсам кампазіцыі, дзякуюць за выдатны падарунак да свята (прэм'ера песні адбылася напярэдадні 8 Сакавіка), адзначаюць, што «гэта песня не тое, што цяпер моладзь пяе» ­­— і гэта менавіта тая ідэя, якую сам аўтар агучвае на сваіх прэс-канферэнцыях.

Часам адзін і той жа каментарый апублікаваны двойчы запар з розных уліковых запісаў: «Дзякуй велізарны за выдатную песню, з велізарным задавальненнем праслухоўваю пяты раз!». Некалькі разоў ці то Сушко, ці то «Песняроў» параўноўваюць з вытрыманым віном, якое з гадамі робіцца толькі лепшым.

Скрыншот каментарыяў пад кліпам Сушко «Каханая»

Скрыншот каментарыяў пад кліпам Сушко «Каханая»

Па-другое, здаецца, Васіль Сушко ўвогуле не мае хэйтараў, бо сярод 977 каментарыяў нам удалося адшукаць толькі два ўмоўна негатыўныя. А найбольш крытычным можна лічыць выказванне «Песня не ваў».

Дарэчы, эксперты, якія займаюцца прасоўваннем кантэнту ў інтэрнэце, лічаць прыкметамі накруткі аднатыпныя хвалебныя каментарыі, а таксама адсутнасць хэйту.

Для параўнання возьмем YouTube-канал Алёны Ланской, імя якой усё ж збольшага вядома беларускай публіцы. У яе канала 29,8 тысяч падпісчыкаў (супраць 7,27 тысяч падпісчыкаў у Васіля Сушко). Найбольш папулярнае відэа спявачкі (без уліку афіцыйнага відэа з «Еўрабачання-2013») — гэта кліп «Ніколі», які мае 588 тысяч праглядаў і 197 каментарыяў. І нават там, сярод лавіны хвалебных каментарыяў перыядычна сустракаецца нешта шчырае накшталт: «Алёна, ідзі ты на будоўлю працаваць».

Можна падумаць, што мільён праглядаў кліпа Сушко разам з беларускімі «Песнярамі» — вынік таго, што людзі сталага ўзросту шукаюць ВІА, які быў папулярным у часы іх маладосці. Але не, канал «Беларускія песняры» на YouTube нельга назваць вельмі папулярным: там каля 2 тысяч падпісчыкаў, а максімальная колькасць праглядаў кліпа — 66 тысяч.

Фота з суполкі Васіля Сушко ў Аднакласніках

Фота з суполкі Васіля Сушко ў Аднакласніках

У суполцы «Васіль Сушко — аўтар і выканаўца» ва Укантакце ўсяго 1639 падпісчыкаў. Колькасць праглядаў апублікаваных там відэа часам здзіўляе: напрыклад, відэа, апублікаваны за апошнія паўгады набіралі ад 1 да 299 праглядаў. У 2022 годзе на працягу пяці месяцаў чамусьці быў рэзкі выбух цікавасці да кліпаў Сушко — яго відэа набіралі да 115 тысяч праглядаў.

Калі гаварыць пра 2019 год — пачатак творчай дзейнасці Васіля — дык там таксама ёсць дзіўныя сітуацыі: прэм’еры кліпаў «Дзяўчыны» і «Водар кветак», апублікаваныя прыкладна ў адзін і той жа перыяд, атрымалі 40 (штук, а не тысяч) і 353 тысячы праглядаў адпаведна. І нават калі колькасць праглядаў перавальвае за тры сотні тысяч, пад кліпам часам бывае толькі адзін каментарый.

У інстаграме Сушко 196 тысяч падпісчыкаў. Але, нягледзячы на гэта, асаблівай актыўнасці на старонке спевака нябачна. Апошнія 25 рылз набралі ад 25 да 88 лайкаў. Каментароў амаль няма.

У Аднакласніках у суполцы Васіля Сушко амаль 24 тысячы ўдзельнікаў, а кліпы набіраюць ад 561 да сямі з лішнім мільёнаў праглядаў. Аб’ектыўна кажучы, гэта найбольш паспяховая сацыяльная сетка для спевака. Мы налічылі 18 відэа, якія набралі больш за мільён праглядаў. Рэкорд у кліпа на песню «У сваім Сусвеце»: 7 387 481 праглядаў, 7619 «класаў» і 84 каментарыя (большасць з іх — проста смайлы).

У 2019 годзе, калі Васіль Сушко толькі пачынаў, ён арганізаваў два вялікія сольныя канцэрты — у КЗ «Мінск» і ў Палацы Рэспублікі. Тады ён шчодра раздаваў білеты ўсім ахвотным — ад журналістаў да ветэранаў. 

У прэс-рэлізах таго часу пазначалася, што ён — «брутальны, харызматычны мужчына не толькі з мільённым рахункам у банку, але і з рамантычнай душой і вялікім патэнцыялам таленту — і… са свабодным месцам у сэрцы!».

Скрыншот сайту bezkassira.by

Скрыншот сайту bezkassira.by

Здаецца, цяпер, нягледзячы на «звыш 100 мільёнаў праглядаў на розных платформах», сітуацыя не вельмі вясёлая. Квіткі на канцэрт «Неразгаданая таямніца Кахання…», які адбудзецца ў Моладзевым тэатры эстрады 17 верасня, на сайце bezkassira прадаюцца неяк дзіўна: 7 верасня на сэрвісе адлюстроўвалася, што ўсе вольныя месцы па цікавым супадзенні апынуліся строга ў двух шэрагах — у 12 і 15. Пакуль прадаць 256 квіткоў не ўдалося. Пры гэтым, цана іх усяго 20—25 рублёў.

А 30 верасня Васіль Сушко плануе выступіць у Барысаве, у Палацы культуры імя Максіма Горкага. Там білеты нават крыху таннейшыя — па 15-20 рублёў.

Клас
4
Панылы сорам
12
Ха-ха
44
Ого
3
Сумна
5
Абуральна
10