У мяне заўсёды было імкненне да вучобы. Скончыў школу з залатым медалём, атрымаў бакалаўра з чырвоным дыпломам. Пасля гэтага вырашыў паспрабаваць павучыцца дзесьці за мяжой, атрымаць новыя пачуцці, веды і эмоцыі. Асабліва цікава было паглядзець на сябе ў іншай культуры, з іншымі мовай і менталітэтам.

Як паступіць у Нарвегію

Нарвежскі цэнтр міжнацыянальнага супрацоўніцтва вышэйшай адукацыі (Norwegian Centre for International Cooperation in Higher Education) даваў гранты для людзей з краін, якія не ўваходзяць у зону Еўрапейскага Звязу. 

Паступаць ва ўніверсітэты Нарвегіі магчыма як з грантамі, так і без іх. Працэдура падачы павінна быць пазначаная на сайце ўніверсітэта. Зараз студэнтам з Беларусі трэба будзе плаціць і за пражыванне, і за навучанне. Магчыма, будуць выдаваць нейкія гранты, мне складана сказаць. 

Звычайна для паступлення трэба копіі наступных дакументаў:

  • сертыфікату (IELTS Academic, TOEFL і г. д.), які пацвярджае веданне англійскай мовы (ці той мовы, на якой будзе навучанне);

  • атэстата са школы з перакладам на ангельскую з апасцілем; 

  • дыплома з дадаткам (калі паступаеце ў магістратуру), таксама з перакладам і апасцілем;

  • матывацыйны ліст.

Гэта базавыя дакументы, кожны ўніверсітэт можа запрасіць нешта дадатковае.

Ведаю, што парог для IELTS Academic (бо я здаваў менавіта яго) — 6 пунктаў з 9. Гэта моцны B2+ узровень. 

Калі паступаў у Нарвегію, то ўсё навучанне было бясплатным, плаціць трэба было толькі за пражыванне (інтэрнат, ежа, падарожжы). Але з наступнага навучальнага года бясплатным яно будзе толькі для рэзідэнтаў зоны ЕЗ+.

Кошт навучання для астатніх замежнікаў каля 18 000 еўра ў год. Акрамя экзамену па мове, ніякіх дадатковых экзаменаў здаваць было не трэба. Там прымалі па адзнаках у атэстаце і дыпломе. 

Скончыў універсітэт у галіне лагістыкі. Мая кар’ера неяк звязана з гэтай галіною, таму гэта быў каштоўны вопыт.

Вучоба па-ангельску: спачатку было складана, потым — аніякіх праблем

Яшчэ на IELTS самай дрэннай часткай экзамену было аўдзіраванне. Увогуле, для мяне самым складаным было слухаць ангельскую мову, праблем з чытаннем і пісьмом асабліва не было. Таму і лекцыі спачатку даваліся вельмі цяжка. Але там, як і ў нас, седзячы на пары, ты не слухаеш кожнае слова выкладчыка. Дзесьці адцягваешся ад працэсу, дзесьці робіш свае справы. 

У нарвежскім універсітэце няшмат лекцый і заняткаў, але вельмі шмат матэрыялу даецца выкладчыкамі для самастойнага вывучэння. Шмат артыкулаў, кніг, прэзентацый і гэтак далей.

Такім чынам, у большай колькасці выпадкаў ёсць матэрыял, па якім можна зразумець, што адбывалася на лекцыі. Тым больш, што зараз праграмы і мабільныя прыкладанні могуць нават перакладаць цэлыя дакументы. 

Тут трэба дадаць, што на працягу навучання працаваў на беларускі IT-офіс. У першым семестры працаваў дзесьці на паўстаўкі, у якасці перыяду адаптацыі. Потым перайшоў на поўную. Перыядычна было складана сумяшчаць усё: працу, навучанне, а яшчэ ж і краіну хацелася паглядзець, яе прыроду, прыгажосць і культуру. Збольшага, аднак, даў рады.

Як выглядалі ўніверсітэт і вучоба?

Магістратура працягвалася два гады, у першы год былі звычайныя пары, як і ў Беларусі. Але ў Нарвегіі ў першы год было значна менш заняткаў (як практычных, так і лекцый). Гэта быў 2021 год, калі наступствы COVID-19 яшчэ адчуваліся: усе пары запісваліся і трансляваліся, каб была магчымасць прысутнічаць аддалена, або ўвогуле паглядзець запіс потым. Напрыклад, у першым семестры было 4 прадметы, толькі па двух з іх былі практычныя заняткі.

Расклад таксама вельмі адрозніваўся: калі ў Беларусі мы прывыклі, што пары працягваюцца да 14-15 гадзін, то там былі дні, калі пары ішлі нон-стопам з 9 да 18, ці іх не было ўвогуле. Але расклад у Нарвегіі зусім не змяняўся і быў стабільны ўвесь семестр. Аналагічна было і ў другім семестры.

Што тычыцца заданняў, то іх таксама было няшмат. Звычайна на некалькі тыдняў давалася якое-небудзь вялікае заданне або праект, які можна выконваць у групе. 

Самы складаны быў трэці семестр, калі пачаліся «семінары». Звычайна семінар ідзе на працягу ўсяго тыдня, с 9 да 16-17, у пятніцу ці суботу фінальны экзамен. Прыгажосць такога падыходу ў тым, што ты на ўвесь тыдзень заглыбляешся ў адзін прадмет, не адцягваешся на нешта іншае. З другога боку, з такім раскладам цяжэй планаваць і выконваць працу ў беларускай кампаніі.

За семестр было каля 10-12 такіх семінараў, некаторыя з іх былі абавязковыя, але паміж астатнімі можна выбіраць (такіх была большая частка). Выглядала гэта наступным чынам: да чацвярга ў сістэме трэба было выбраць адзін з двух/трох семінараў на наступным тыдні. Семінары не паўтараліся (маю на ўвазе, што семінар, які быў у верасні, не праводзіўся ў лістападзе, і г. д.), таму трэба было думаць двойчы перад выбарам. 

У апошнім семестры ўсе пішуць дыпломную работу. Тут ужо няма пар, няма лекцый, толькі ты і твая дыпломная работа. Да выбару тэмы ставяцца адказна: ёсць два абавязковыя семінары Research Design і Proposal Presentation. На першым на працягу тыдня расказваюць і паказваюць, як знаходзіць навуковыя артыкулы, як ствараць спіс літаратуры, як праводзіць рэсёрчы і правільна фармуляваць пытанні, што трэба казаць на прэзентацыі, а што магчыма прапусціць.

Як вынік — работа, у якой студэнты збіраюць і апісваюць асноўныя артыкулы для будучага дыплому. На другім семінары трэба напісаць 15 старонак пра сваю будучую тэму, аргументаваць яе актуальнасць, паказаць, што новага будзе ўнесена па гэтай тэме. 

Ёсць усё, што трэба для навучання, і нават больш

Што тычыцца матэрыяльна-тэхнічнай базы, то тут ёсць усё, што трэба, і нават больш. У кожным класе пастаўленыя праектары, дошкі, у большай іх частцы ёсць мікрафоны, каб было добра чутно выкладчыка. У маім універсітэце была магчымасць браніраваць пакоі на 4-10 чалавек для індывідуальнага ці групавога навучання. Для выкладчыкаў увогуле існавала асобная тэрыторыя, куды ўваход быў толькі па картках. 

Але ўсё ж такі мы ідзём атрымліваць адукацыю дзеля ведаў, а не дзеля камфортнага баўлення часу. Якасць адукацыі шмат залежыць ад выкладчыка. Добрыя і дрэнныя выкладчыкі ёсць і там, і тут. Вельмі складана сказаць, дзе знаходзяцца найбольш разумнейшыя. На маю думку, збольшага аднолькава: што там, што тут. 

Выкладчыкі да ўсіх студэнтаў ставяцца аднолькава

Хоць ты з Нарвегіі, ЕЗ, Далёкага Усходу, Расіі ці Беларусі. Звычайна выкладчык нават не ведае, адкуль студэнт, бо на лекцыях ён распавядае, пытанняў не задае.

Пры ацэньванні работ ці экзаменаў нават не ведае імя студэнта, бо ўсе работы адпраўляюцца праз спецыяльную сістэму.

Ёсць, праўда, невялікія складанасці з баўленнем вольнага часу, бо значная колькасць мерапрыемстваў праводзіцца на нарвежскай, часам нават аб’явы пра тое, што плануецца якая-небудзь туса, посцяць без перакладу на ангельскую.

Каб вырашыць пытанні з гэтым, ва ўніверсітэтах існуе ESN-арганізацыя (Erasmus Student Network), бо звычайна замежнікі прыязджаюць па гэтай праграме. Увогуле, ва ўніверсітэце шмат розных арганізацый, якія праводзяць шмат актыўнасці, ад выпечкі вафляў у калідоры ўнівера да арганізацыі паездак у іншыя гарады і краіны. Звычайна ўніверсітэт выдзяляе кожнай грошы на мерапрыемства, але нармальна знайсці і спонсараў. 

Кошт жыцця ў Нарвегіі

Базавыя траты — гэта кватэра ды ежа. Я жыў у інтэрнаце, таму плаціў па мерках Нарвегіі невялікую суму, крыху менш чым 500 еўра. Звычайныя апарты ў маім горадзе каштуюць ад 700-800 еўра. На ежу траціў прыблізна 300-400 еўра, але стараўся падбіраць акцыі, маніторыў зніжкі. Часам скідваліся з сябрамі, каб купіць, напрыклад, 5 кг рысу, бо так кошт значна меншы. 

Білет у аўтобусе прыблізна 4 еўра, а праязны на месяц — 50 еўра. На другі год магістратуры нам пашанцавала: у нашым рэгіёне студэнтам выдалі бясплатны праязны на год. Калі хочаш адправіцца ў падарожжа, то тут межаў няма, можна на выхадныя і за 100 еўра выбрацца, а можна і ўсе 10 000 аддаць.

Асаблівасць IT-рынку ў Нарвегіі

Пасля атрымання дыплому вельмі рэальна знайсці працу ў IT-сферы.

Увогуле, IT у Нарвегіі — гэта не панацэя. Нарвежскія прафсаюзы жорстка рэгулююць рынак зарплаты, якую б працу ні атрымаў, плаціць будуць прымальна.

Канешне, спецыяліст з вопытам і дыпломам магістра будзе атрымліваць больш, чым звычайны супрацоўнік. Але не ў пяць або дзесяць разоў.

Каб застацца там пасля навучання, трэба знайсці працу альбо па спецыяльнасці, альбо высокакваліфікаваную (IT, выкладчык, PhD і г. д.). Як казаў раней, на момант паступлення працаваў у беларускім IT-офісе, планую працягнуць працу ў той жа кампаніі і далей.

Чытайце таксама:

Краіна «акуна мататы» і творчых людзей. Як беларускі айцішнік працаваў у Танзаніі

Бойкі «раён на раён» і моцная класавасць. Як беларус паўгода працаваў у Папуа — Новай Гвінеі

«Яны — абслуга. Лёкаі. Ніжэйшыя чыны». Азаронак даў волю «пралетарскай нянавісці» да айцішнікаў і ўсёй «сферы паслуг»

«Хочацца ўсіх абняць і разам паплакаць». Невясёлая гісторыя беларускага айцішніка-сеньёра ў Польшчы, якому ледзь хапае грошай да заробку

Як беларус вучыць людзей кіраваць яхтамі і ладзіць туры ў Нарвегію. Вы здзівіцеся, колькі каштуюць такія круізы

«Нібыта такая багатая краіна, а ўсё так сціпла і звычайна». Беларуска пераехала ў Нарвегію і расказвае, колькі каштуе там жыць

Клас
22
Панылы сорам
5
Ха-ха
1
Ого
6
Сумна
1
Абуральна
8