Так апетытна выглядаюць ядомыя цвыркуны. Фота: koko.by

Так апетытна выглядаюць ядомыя цвыркуны. Фота: koko.by

«Насякомыя збалансавана змяшчаюць бялкі, тлушчы і вугляводы»

Сяргей Бесараб стаў цікавіцца новымі і альтэрнатыўнымі крыніцамі харчавання яшчэ ў час працы ў Акадэміі навук. З 2016 года яго ўвагу прыцягнулі прадукты з насякомых

Навуковец лічыць насякомых «харчаваннем заўтрашняга дня». Казюркі збалансавана змяшчаюць бялкі, тлушчы, вугляводы і ўвесь спектр неабходных мікраэлементаў. 

«Насякомыя — гэта адмысловая, амаль дыетычная крыніца бялку і мікраэлементаў, — тлумачыць ён. — Вядома ж, насякомыя розныя, можна знайсці і тых, што будуць пастаўляць тлушчы ці нейкія асаблівыя вітаміны».

Харчы з насякомых вырабляюцца без славутага ГМА, якім палохаюць дзяцей. Адзінае, чаго ім бракуе, — тлушчарастваральных вітамінаў, такіх, як А, D, E, але іх і ў звыклай нам жывёльнай ежы не ўсюды знойдзеш, заўважае навуковец.

Паводле яго слоў, колькасць жалеза ў ялавічыне ў 3,5 разу меншая, чым у «мясе саранчы». У 100 грамах ялавічыны — 6, а ў саранчы — 20 міліграмаў.

Страва з цвыркуноў. Фота: koko.by

Страва з цвыркуноў. Фота: koko.by

Сяргей Бесараб кажа, што ежа з насякомых не толькі спаталяе голад, але і зніжае рызыку заразіцца рознымі інфекцыямі. Напрыклад, трыхінелёз перадаецца праз свініну, сібірская язва — праз ялавічыну, сальманелёз — праз курыныя яйкі, а з насякомымі такіх пагроз няма. Гэта звязана з тым, што казюркі біялагічна адрозніваюцца ад сысуноў.

Эксперт настойвае, што з дапамогаю казюрак можна вырашаць пытанні, якія ўзнікаюць, напрыклад, у жывёлагадоўлі. На яго погляд, традыцыйная жывёлагадоўля набліжаецца да вычэрпвання сваіх функцыянальных магчымасцяў.

Галіна марнуе рэсурсы чалавецтва ды спрыяе глабальнаму пацяпленню.

«Фермы насякомых дапамогуць людзям атрымаць карысную і спажыўную ежу без велізарных затрат для экалогіі, без неабходнасці выкарыстання антыбіётыкаў ды гармонаў», — даводзіць навуковец.

Паводле яго, каб пераарыентаваць ферму саранчы на ферму цвыркуноў, спатрэбіцца толькі змяніць харчовы рацыён для насякомых ды трохі падрэгуляваць тэмпературны рэжым і вільготнасць. І гатовая вытворчасць прадукту з іншымі складнікамі.

«Параўнайце з тым, колькі грошай спатрэбіцца, каб перарабіць кароўнік у свінаферму», — заўважае навуковец.

«Паціху ежа з насякомых заваёўвае еўрапейскі кантынент» 

Запасы насякомых фактычна неабмежаваныя, а разгарнуць вытворчасць харчавання з казюрак можна ў краінах з прымітыўным узроўнем развіцця сельскай гаспадаркі. Яны вельмі эфектыўна засвойваюць тое, чым іх кормяць.

Для параўнання: з 2 кг кармоў атрымоўваецца 1 кг «інсектамяса». Для таго ж, каб атрымаць 1 кг звычайнай ялавічыны, патрэбна 8 кг кармоў, падкрэслівае Сяргей Бесараб.

«Я часта чуў прэтэнзію, што ў насякомых ёсць такое рэчыва як хіцін, а ён шкодны. Дык вось хіцін — гэта другі па распаўсюджанасці на Зямлі поліцукрыд, першы — цэлюлоза. Цэлюлоза забяспечвае трываласць у шкілеце раслін, хіцін — трываласць у шкілеце насякомых. Хіцін ёсць не толькі ў саранчы, але і ў грыбах, у ракападобных, малюсках і нават рыбах. У чалавечым арганізме ёсць ферменты, якія ператраўляюць хіцін, таму тых жа крэветак ядуць столькі, наколькі дазваляе кашалёк. Пра грыбы ўвогуле не кажу», — супакойвае навуковец.

Мука з цвыркуноў і блін з іх. Фота: pixabay.com

Мука з цвыркуноў і блін з іх. Фота: pixabay.com

Паводле Харчовай і сельскагаспадарчай арганізацыі ААН, людзі ў розных кутках планеты спажываюць больш за 1900 розных насякомых. Найбольш каштоўныя віды — жукі, вусені, пчолы, восы, мурашы, конікі, саранча і цвыркуны.

Агулам каля 2 мільярдаў чалавек ядуць насякомых.

У Конга ўлюбёны далікатэс — вусені, у Мексіцы — конікі, у Камеруне — тэрміты, у некаторых раёнах Кітая ласуюцца смажанымі пчоламі, у Тайландзе выбар насякомых большы, чым у Мінску каўбас на Камароўцы, кажа Сяргей Бесараб.

На яго погляд, паціху, але не без супраціву ежа з насякомых заваёўвае і еўрапейскі кантынент.

Ёсць крамы і ўстановы харчавання, якія спецыялізуюцца на стравах з казюрак. Яны папулярныя ў наведвальнікаў.

Сяргей Бесараб адзначае, што ў суседняй Польшчы прапануецца шырокі выбар харчоў з насякомых.

Са студзеня 2023 года набыў сілу дазвол Еўракамісіі на пастаўкі ў ЕС мукі з цвыркуноў і лічынак мучнога хрушчака. Сыравіну з іх выкарыстоўваюць як аснову для хлебабулачнай прадукцыі, бакалеі ды іншых прадуктаў.

«Беларусаў змусяць узбагаціць рацыён насякомымі змены клімату»

Навуковец упэўнены, што «незаўважна нейкае ўмоўнае таннае «мяса механічнай абвалкі» будзе заменена на бялковы канцэнтрат з насякомых. Проста таму што ён будзе таннейшы, а розніцы ў смаку не было і не будзе».

«Мне асабіста да жудасці дзіўна, калі сярэдні чалавек купляе нейкія ўмоўныя самыя танныя сасіскі, нейкую сумесь з гіпсу, загушчальнікаў і так званага мяса механічнай абвалкі і пры гэтым нават адмаўляе саму магчымасць паспрабаваць стэйк з інсектапратэіну з выбітнымі харчовымі характарыстыкамі. Адкуль бярэцца гэта завучаная нянавісць да сябе — мне незразумела», — кажа Сяргей Бесараб.

Ядомыя лічынкі мухі чорная львінка. Смак у смажанай машкары як у белых семак. Фота: Onliner.by

Ядомыя лічынкі мухі чорная львінка. Смак у смажанай машкары як у белых семак. Фота: Onliner.by

На думку навукоўца, людзі брыдзяцца ўжываць насякомых праз бар'ер у галаве, інертнасць мыслення і навязаныя грамадствам стэрэатыпы.

Напрыклад, стравы з прусакоў не вабяць, бо іх больш за ўсё людзі баяцца. Нават ёсць асобны від фобіі — кацарыдафобія — боязь тараканаў.

«Давесці, што звычайны прусак смачны, — немагчыма, — прызнаецца Сяргей Бесараб. — Такія ж, як я, «амбасадары інсектаежы» (інсекты — гэта другая назвы насякомых. — «НН») павінны змагацца з тым, што чалавеку заклала эвалюцыя. Ёсць нават такі навуковы тэрмін «эвалюцыйная агіда».

У Беларусі прусакоў як сыравіну для вырабу харчоў пакуль не чапаюць.

Іншая рэч цвыркуны. Напрыклад, іх выкарыстоўвалі для гатавання пратэінавых батончыкаў «WHAT THE BUG». Іх прадавалі ў сетцы крамаў «Гіпа», і яны былі вельмі смачныя, запэўнівае Сяргей Бесараб.

Ядомых цвыркуноў прадавалі ў мінскім бары «Клумба», які месціўся на славутай вуліцы Зыбіцкай. Там казюрак абсмажвалі ў алеі і падавалі проста з соллю, у кары і вострымі.

Сяргей Бесараб, каб высветліць, з якога насякомага яго падпісчыкі з'елі б страву, у фэйсбуку разгарнуў апытанку.

Прамежкавыя яе вынікі паказалі, што 70 падпісчыкаў аддалі перавагу хрушчам, 50 — пакаштавалі б цвыркуноў і 16 паласаваліся б саранчой.

А так выглядаюць смажаныя конікі. Фота: сузаснавальнік Tut.by і hoster.by Кірыла Валошын

А так выглядаюць смажаныя конікі. Фота: сузаснавальнік Tut.by і hoster.by Кірыла Валошын

Сяргей Бесараб лічыць: беларусаў змусіць узбагаціць рацыён насякомымі змена клімату. Да сярэдзіны XXI стагоддзя ён у Беларусі можа стаць больш падобны да турэцкага. А гэта значыць, што стане больш шкоднікаў і многія расліны будзе немагчыма вырошчваць. 

Можа так здарыцца, даводзіць навуковец, што беларусы апынуцца ў сітуацыі, у якой апынуліся старажытныя егіпцяне. У адной з іх казак тлумачыцца, як у Егіпце сталі спажываць саранчу.

«Егіпцянін цяжка працаваў некалькі месяцаў, каб вырасціць добры ўраджай, — расказвае эксперт. — Але тут наляцела саранча і знішчыла яго. Егіпцянін паглядзеў на голыя палі, узяў саранчу і кажа: «Я гадаваў палеткі цэлы год, каб мая сямʼя не галадала. А ты, саранча, зʼела ўсё, таму зараз мне нічога не застаецца, як зʼесці цябе».

Глядзіце таксама:

Што мы будзем есці ў будучыні

Былы рэжысёр «Бітвы экстрасэнсаў» трымае ў Беларусі ферму лічынак. Навошта?

Кірыл Валошын расказвае пра Мексіку з яе смажанымі конікамі, заборыстымі напоямі і высачэзнымі гарамі + КАРТА падарожжа

Насякомыя — ежа, вартая ўвагі. У Еўропе пачынаюць іх прасоўваць у выглядзе мукі

Клас
17
Панылы сорам
7
Ха-ха
2
Ого
3
Сумна
3
Абуральна
3

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?