Рувікі Рувики Ruwiki

27 чэрвеня гэтага года была запушчана расійская анлайн-энцыклапедыя Рувікі. Як казаў яе стваральнік Уладзімір Мядзейка, праект заснаваны на Вікіпедыі, але з праўкамі ў патрэбным кірунку. Сам Мядзейка з 2003 года ўдзельнічаў у рускай версіі Вікіпедыі, быў адным з яе адміністратараў і дырэктарам некамерцыйнага партнёрства «Вікімедыя РУ».

Як сцвярджаў Мядзейка, праца над новай анлайн-энцыклапедыяй арганізавана на аснове спалучэння намаганняў карыстальнікаў (валанцёраў) і прафесійнай рэдакцыі. На момант запуску ў Рувікі, у адрозненне ад рускай Вікіпедыі, было закрыта рэдагаванне ўдзельнікамі-добраахвотнікамі.

Платформа прапанавала новыя фарматы артыкулаў, такія, як «вывераныя» і «рэцэнзаваныя». Сцвярджалася, што гэта гарантуе іх якасць. 21 жніўня было абвешчана, што анлайн-энцыклапедыя адкрытая для рэдагавання ўсімі карыстальнікамі.

Па словах стваральніка, галоўныя каштоўнасці новай анлайн-энцыклапедыі: дакладнасць, нейтральнасць, адкрытасць, зручнасць.

Па словах Мядзейкі, ужо на старце ў Рувікі было 1,9 мільёна артыкулаў. Яны былі тупа перанесеныя з рускамоўнай часткі Вікіпедыі. Але эксперты адзначаюць, што, у адрозненне ад рускай Вікіпедыі, Рувікі «больш дружалюбная расійскаму ўраду». Так, пры стварэнні новага праекту былі выдаленыя скапіяваныя з Вікіпедыі артыкулы на тэмы, забароненыя расійскімі ўладамі.

Прадстаўляючы свой праект у чэрвені Мядзейка сцвярджаў: «Падыход да напісання складаных артыкулаў будзе наступным: матэрыял павінен быць напісаны нейтральна, безацэначна. Напрыклад, матэрыял пра сітуацыю на Украіне плануем назваць «Ваенныя дзеянні на Украіне (з 2022)». У самім артыкуле мяркуецца, у прыватнасці, пазначыць наступнае:

«Ваенныя дзеянні на Украіне пачаліся 24 лютага 2022 года. Гэтаму папярэднічаў крызіс у адносінах Расіі і Украіны».

Пра Крым так: «Дамова ад 18 сакавіка 2014 года паміж Расійскай Федэрацыяй і Рэспублікай Крым вызначае Крым і горад федэральнага значэння Севастопаль новымі суб'ектамі ў складзе Расійскай Федэрацыі. Улады Украіны гэта аспрэчваюць, працягваючы лічыць Крымскі паўвостраў тэрыторыяй Украіны». З гэтымі фармулёўкамі складана паспрачацца».

Паглядзім, ці так гэта.

Ваенныя дзеянні

У артыкуле «Ваенныя дзеянні на Украіне (з 2022)» адзначана: «Ваенныя дзеянні на Украіне («Спецыяльная ваенная аперацыя», «спецаперацыя»; скарочана «СВА») пачатыя 24 лютага 2022 года па рашэнні Прэзідэнта Расійскай Федэрацыі Уладзіміра Пуціна».

Рувікі Рувики Ruwiki

Акрамя гэтага паведамляецца, што

«спецыяльнай ваеннай аперацыі папярэднічалі зацяжны крызіс у адносінах Расіі і Украіны, шматгадовае пашырэнне НАТА на ўсход, зрыў выканання мінскіх пагадненняў, узмоцненыя пастаўкі ўзбраенняў Украіне краінамі НАТА, створаная пагроза бяспецы Расіі, вайна ў Данбасе, якая была распачатая ўладамі Украіны пасля дзяржаўнага перавароту вясной 2014 года і працягвалася да пачатку СВА 8 гадоў».

З гісторыі стварэння і рэдагавання артыкула можна даведацца, што ён быў перанесены з рускай Вікіпедыі 2 красавіка 2023 года. Пасля чаго ў змест былі ўнесены змены. Напрыклад, прыбрана згадка аб тым, што «спецыяльная ваенная аперацыя» — прапагандысцкі эўфемізм, створаны кіраўніцтвам Расійскай Федэрацыі, які выкарыстоўваецца прарасійскімі крыніцамі».

Ruwiki Рувики Рувікі

Майдан 2014 года

Кідаецца ў вочы, што называючы прычыны вайны, аўтары згадваюць «дзяржаўны пераварот вясны 2014 года». Праўда, у артыкуле ён не адзначаны гіперспасылкай і артыкула з такой назвай у Рувікі няма. Але ёсць іншы — «Змена ўлады ва Украіне ў лютым 2014 года», якая перанесена з Вікіпедыі і адрэдагавана.

Крым

Адносна Крыма ў Рувікі (як і ў Вікіпедыі) ёсць некалькі артыкулаў: «Аўтаномная Рэспубліка Крым» — аб рэгіёне Украіны, і «Рэспубліка Крым» — аб суб'екце Расійскай Федэрацыі.

У апошнім, у адрозненне ад тэксту ў Вікіпедыі, пазначана, што гэты суб'ект Расійскай Федэрацыі ўтвораны 8 сакавіка 2014 года «па выніках рэферэндуму пра далучэнне Крыма да Расійскай Федэрацыі. Украіна вынікаў рэферэндуму не прызнае».

Словы «далучэнне Крыма да Расійскай Федэрацыі» забяспечаныя гіперспасылкай на адпаведны артыкул.

Артыкул «Аўтаномная Рэспубліка Крым» фактычна паўтарае аналагічны з Вікіпедыі з невялікімі праўкамі. Напрыклад, у пункце «Спрэчкі аб прыналежнасці паміж Расіяй і Украінай» у Рувікі прыбралі сказ: «Ва ўкраінскім заканадаўстве і дакументах ААН АР Крым разглядаецца як часова акупаваная расійскімі ўзброенымі сіламі».

На тэму Крыма ў Рувікі з'явіўся арыгінальны артыкул «Далучэнне Крыма да Расійскай Федэрацыі», якога няма ў Вікіпедыі. Ён быў створаны 13 чэрвеня гэтага года і поўнасцю адпавядае афіцыйнай расійскай ідэалогіі.

Распрацоўнікі Рувікі не спяшаюцца з унясеннем актуальнай інфармацыі ў падзеі, звязаныя з вайною. Так артыкул «Ваенныя дзеянні на Украіне (з 2022)» станам на 22 жніўня адлюстроўваў апошнія падзеі за 14 жніўня.

А артыкул «Крымскі мост» так і застаўся без зменаў з моманту свайго пераносу з Вікіпедыі. Таму пра выбух, які адбыўся на мосце 17 ліпеня гэтага года, можна даведацца толькі з Вікіпедыі.

У Рувікі няма таксама інфармацыі аб мяцяжы Прыгожына 24 чэрвеня. У артыкуле «ПВК «Вагнер» уся інфармацыя актуальная на красавік 2023 года.

Прапаганда

Аб сістэме праўкі арыгінальных артыкулаў можна даведацца, калі параўнаць змест артыкула «Прапаганда ў Расіі» Рувікі з артыкулам з такой жа назваю з Вікіпедыі. Аўтар творча падышоў да яго пераказу. Калі ў арыгінале прапаганда ў Расіі вызначана як «дзяржаўная сістэма насаджэння ў краіне пэўнай ідэалогіі с мэтаю падтрымання адпаведнага рэжыму», то ў Рувікі —

«дзяржаўная сістэма прасоўвання ў краіне ідэалогіі адзінства, якое гістарычна склалася».

У абодвух артыкулах прысутнічае сцвярджэнне, што для гэтых мэтаў дзяржава кантралюе некаторыя федэральныя каналы і буйныя друкаваныя выданні.

У Рувікі застаўся пункт «Прапаганда ў Расіі ў 2000—2023 гады». Але ён змяшчае толькі тры абзацы, якія напоўненыя сказамі, што ўзятыя з розных частак арыгінальнага артыкула.

У апошні час Рувікі пачалі рэкламаваць за немаленькія грошы ў расійскіх блогераў, што можа азначаць што доступ да рэальнай Вікіпедыі ў Расіі можа быць неўзабаве абмежаваны.

Ну і апошняе: у адрозненне ад Вікіпедыі, Рувікі выкарыстоўвае толькі адну мову — рускую. Іншых не існуе.

Чытайце яшчэ:

«Усе хлусяць». У чым корань пуцінскай ідэалогіі?

Беларусы ўдвая болей сталі чытаць пра сваё па-беларуску. Такі трэнд назіраецца ў «Вікіпедыі» з 2020 года

Скандал у рускай «Вікіпедыі» можа быць прадвеснікам татальнай блакіроўкі свабоднай энцыклапедыі

Клас
0
Панылы сорам
8
Ха-ха
3
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
5

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?