Фота: Kiryl Balbatunou / vecteezy.com

Фота: Kiryl Balbatunou / vecteezy.com

Самыя дарагія напрамкі сезона: Турцыя ўверсе спіса

Традыцыйна Турцыя застаецца адным з самых папулярных кірункаў для беларусаў. А сёлета яна таксама аказалася ўверсе спіса самых дарагіх кірункаў для адпачынку з вылетам з Мінска (калі не браць у разлік зусім ужо экзотыку). Далей ідуць Егіпет, Грузія і ААЭ.

Сярод напрамкаў з вылетам з Масквы самымі дарагімі можна назваць Турцыю, Егіпет, Шры-Ланку, Грузію і ААЭ. Вядома, аматары люксаў па-ранейшаму могуць выдаткаваць вялікія сумы дзе-небудзь на Кубе або на райскіх Мальдывах.

«Але нават на Мальдывах можна знайсці адносна гэтага рэгіёна (а гэта такі «цяжкі люкс») бюджэтны варыянт за 2500 даляраў з вылетам з Масквы», — каментуе Багдан Цагойка, дырэктар сеткі дыскаўнтараў гарачых тураў MakeTravel.

Але вернемся да Турцыі. Чаму яна такая дарагая?

Цэны на Турцыю скіраваліся ўгару яшчэ летась. На гэта паўплывала адразу некалькі фактараў: няпростая эканамічная сітуацыя ў самой краіне (у тым ліку высокая інфляцыя), а таксама закрыццё многіх іншых кірункаў для турыстаў з СНД.

Атрымліваецца, што попыт апярэджвае прапанову. Нельга спісваць з рахункаў таксама неабходнасць рабіць аблёт і рост цэн на паліва. Ад гэтага «пацяжэлі» і цэны на пуцёўкі.

Мінулым летам за 10 начэй за аднаго чалавека трэба было заплаціць плюс-мінус 1000 еўра. І за гэтыя грошы не даводзілася чакаць прэміяльнага сэрвісу. Калі хочацца лакшэры-ўзроўню, прыйдзецца заплаціць у паўтара-два разы больш.

«Рэзкі скачок цэн пачаўся з мінулага года, два гады таму сапраўды туры ў Турцыю былі таннейшыя на 15—20%. Сёлета цэннік застаўся прыкладна на ўзроўні мінулага года», — адзначае суразмоўца.

Часцей за ўсё беларусы ў гэтым сезоне ляцяць у Аланію і Кемер, крыху радзей выбіраюць Эгейскае ўзбярэжжа, курорты якога лічацца больш элітнымі.

А можна танней?

Прагнозы на цэны адпачынку ў Турцыі пакуль асцярожныя. Хутчэй за ўсё, у бягучай сітуацыі цэны застануцца ранейшымі або вырастуць у наступным сезоне на 3—5%. А вось восенню можна паспець ашчадзіць: туры таннеюць звычайна з канца верасня — пачатку кастрычніка.

Аднак улічыце ўмовы надвор'я, каб не злавацца потым з-за выкінутых на вецер грошай. На Эгейскім узбярэжжы халадае ўжо ў пачатку верасня. А вось на Міжземнаморскім — сезон доўжыцца да канца кастрычніка.

Таксама прадстаўнік турфірмы раіць прыгледзецца да адпачынку ў ААЭ, асабліва ў асенні сезон.

«Калі яшчэ некалькі гадоў таму адпачынак там лічыўся дарагім задавальненнем, то цяпер ён таннейшы за Турцыю ці Егіпет. Сёння можна паляцець у ААЭ на адпачынак за 1200 даляраў на дваіх на 7 дзён. І не толькі папесціцца на пляжы, але і пабываць у горадзе будучыні. Ну і, вядома, пашопіцца. Увогуле, сёлета Эміраты — адзін з хэдлайнераў у турызме».

Чытайце таксама:

Ад Турцыі да Мальдываў. Якія самыя дарагія туры купляюць беларусы ў гэтым сезоне?

«Эпоха гарачых тураў скончылася». У турагенцтвах расказалі, дзе сёлета адпачываюць беларусы і за якія грошы

«Якая вам розніца! Вы ж не мыцца сюды едзеце». Як беларусы шукаюць жыллё для падарожжаў па краіне без Booking.com

Клас
8
Панылы сорам
1
Ха-ха
4
Ого
4
Сумна
1
Абуральна
4