«Ушчыкніце мяне, я праўда ў маршрутцы?». Менавіта так апісала свае ўражанні ад паездкі з Гродна ў Мінск адна з пасажырак гэтага буса. 

Яе здзіўленне можна зразумець. Кіроўца яшчэ да пасадкі павітаў усіх пасажыраў, а перад адпраўленнем пачаставаў кожнага цукеркай. Сэрвіс у прамым сэнсе — на вышыні. Раней такое прапаноўвалі толькі перад узлётам у самалётах.

«А яшчэ кожнага з пасажыраў ён называў па імені. Прыкіньце?!», — падпісала відэа ў TikTok адна з пасажырак Уладзіміра.

Ролік пра незвычайнага кіроўцу маршруткі паглядзелі больш за 300 000 разоў. Пад ім пакінулі некалькі сотняў захопленых каментароў, многія нават цікавіліся, як можна трапіць менавіта на гэты рэйс.

Уладзімір на маршруце Гродна-Мінск працуе ўжо каля 7 гадоў. Калі ўвёў такі незвычайны сэрвіс, ужо і не ўспомніць. Здаецца, што ўвесь час частаваў пасажыраў цукеркамі і міла камунікаваў з імі.

Ён шчыра прызнаецца, што гэта не асабістае ноу-хау. Падгледзеў ідэю падчас замежных паездак, кажа, там вазы з цукеркамі для пачастункі наведвальнікаў стаялі паўсюдна. Першы бус, дарэчы, быў зроблены з улікам гэтага: адразу ў некалькіх месцах у салоне размяшчаліся нішы, куды кіроўца раскладаў спачатку візітоўкі, а затым і цукеркі.

«А ўсміхацца людзям, быць ветлівым — гэта, напэўна, у мяне ў крыві. Гэта цяпер, дарэчы, у той жа краме або на запраўцы цябе ветліва абслугоўваюць, а гадоў з 20 таму на мяне глядзелі дзіўна, калі я вітаўся з незнаёмым мне касірам», — успамінае Уладзімір.

У паездках таксама выпрацавалася своеасаблівая традыцыя. Уладзімір вітае кожнага з пасажыраў, запамінае, як яго завуць, каб, калі трэба будзе звярнуцца, зрабіць гэта па імені. Далей кіроўца не толькі частуе цукеркамі, але і распавядае, дзе і як можна падзарадзіць гаджэты, падказвае пароль ад Wi-Fi.

Навошта ўсё гэта трэба? «Пасажыр павінен не проста дабрацца з аднаго месца ў іншае, а атрымаць ад паездкі задавальненне. Камфорт — гэта не толькі роўная дарога, дакладны расклад і добры аўтобус. Гэта паняцце нашмат шырэйшае. І калі паездка пачынаецца з усмешкі, то і пройдзе яна ў добрым настроі», — кажа кіроўца.

Уладзімір упэўнены, што кіроўца — гэта твар кампаніі-перавозчыка. Калі ён грубы з пасажырамі, няветлівы, апрануты неахайна або брудна, абыякава ставіцца да працы, то ўсе старанні кіраўніцтва, маркетолагаў і лагістаў могуць сысці на нішто. Пастаянных кліентаў такі падыход не дадасць.

Дарэчы, а як рэагуюць пасажыры на незвычайнага кіроўцу?

«Часам нават бачу нейкі недавер, маўляў, гэта розыгрыш? Усё ж такі не ўсе яшчэ прызвычаеныя да ветлівага абслугоўвання і сэрвісу. Але потым настрой у людзей падымаецца, на тварах з'яўляюцца ўсмешкі, значыць, я ўсё раблю правільна. Ведаеце, калі ў канцы паездкі людзі кажуць «Дзякуй!», то і стомленасць ад цяжкага шляху быццам бы сыходзіць», — прызнаецца Уладзімір.

Ён падкрэслівае, што калі дорыш дабро, яно абавязкова вернецца да цябе бумерангам.

Ці дорага абыходзіцца такі сэрвіс? Суразмоўца кажа, што не задумваўся пра гэта. Цукеркі набывае ад выпадку да выпадку. Прычым кожны раз новы від. Таму нават пастаянным пасажырам яны не надакучваюць.

Зрэшты, не ўсе пасажыры ідэальныя. Гэта жыццё, таму ў ім ёсць месца і непрыемнасцям, і скандалам. Аднак Уладзімір імкнецца ўсе вострыя сітуацыі згладжваць максімальна дыпламатычнымі метадамі, не раздзімаючы канфлікт, а наадварот, паніжаючы градус. Атрымліваецца амаль заўсёды. Хоць аднойчы на пасажыраў давялося выклікаць міліцыю.

«Двое мужчын сталі ўжываць спіртное на заднім сядзенні. Я папярэдзіў раз, два, а потым проста забраў бутэльку, сказаў, што ў Гродне вярну. Але словы на іх не вельмі падзейнічалі. Мужчыны сталі чапляцца да іншых пасажыраў. Прыйшлося спыніцца і выклікаць нарад», — успамінае Уладзімір.

Ён кажа, што мог бы проста высадзіць дэбашыраў на ўзбочыне, але так рабіць не стаў. Усё ж такі выпіўшыя маглі паспрабаваць спыніць спадарожную машыну, выйсці на дарогу, а ў гэтым выпадку і да бяды недалёка. Навошта рызыкаваць чужымі жыццямі?

Уладзімір упэўнены, што дарога не даруе памылак і расслабленасці. Таму падчас рэйса канцэнтрацыя стоадсоткавая. Траса М6 пасля рэканструкцыі стала больш зручнай і бяспечнай, але некаторыя праблемы да гэтага часу не вырашаныя.

«Гэта з'яўленне дзікіх жывёл на дарозе. Здараюцца і аварыі. Прычым прадбачыць, дзе з'явіцца дзікая жывёліна, немагчыма. Даводзіцца быць у пастаянным напружанні, бо я адказваю не толькі за сябе і машыну, але і за пасажыраў», — прызнаецца кіроўца маршруткі.

Ён лічыць, што да меркавання тых, хто кожны дзень ездзіць па трасе, варта прыслухоўвацца. Часам кіроўца можа звярнуць увагу і будаўніка, і праекціроўшчыка, і арганізацыі па абслугоўванні на нюансы, якія варта і можна палепшыць.

Такіх кіроўцаў, як Уладзімір, пакуль не вельмі шмат. Чаму калегі не пераймаюць такі падыход? У адказ на пытанне суразмоўца паціскае плячыма. Кажа, што патэнт на гэта не атрымліваў. Калі хтосьці стане сустракаць пасажыраў такім жа чынам, будзе толькі рады.

«Стаўленне да маршрутак і да маршрутчыкаў фармуецца пры поглядзе збоку. Таму важна быць культурным і ў адносінах да пасажыраў, і ў адносінах да іншых кіроўцаў. Шануй правілы, прапускай іншыя машыны, сам дзякуй «аварыйкай», а далей заўважыш, колькі на дарозе добрых людзей», — усміхаецца кіроўца. 

Чытайце таксама:

«Адсюль я ўжо дакладна нікуды не паеду». У Воранаўскім раёне чалавек адрадзіў вёску продкаў і разводзіць стронгу па асаблівай сістэме 

«Не трэба нічога баяцца, давайце рухацца наперад». Блогерка з Асіповічаў расказвае ў тыктоку, як пад 50 гадоў рэзка змяніла жыццё і стала дальнабойніцай

«Не мог стаяць на нагах, хістаўся з боку ў бок». П'яны маршрутчык у Мастах з 3,1 праміле вёз 12 пасажыраў

Клас
97
Панылы сорам
5
Ха-ха
1
Ого
4
Сумна
3
Абуральна
8