Іван Краўцоў Иван Кравцов Ivan Kraucou

Па словах Івана Краўцова, цяпер галоўная задача ў бабарыканцаў — знайсці варыянты, як у Беларусі зрабіць рэжым дэмакратычным. Скрын відэа «Ток»

Навошта пасля выбараў члены штаба Бабарыкі ездзілі ў Маскву

Іван Краўцоў тлумачыць паездкі тым, што яны хацелі разабрацца ў сітуацыі: «Заўсёды былі чуткі пра «руку Масквы», што Масква хоча памяняць Лукашэнку. Хацелася зразумець, ці гэта так. Мы ў прынцыпе зразумелі пасля гэтых паездак, што гэта не так».

На заўвагу аб тым, што згаданыя паездкі ў той час выглядалі як пошук падтрымкі, Краўцоў заўважае, што ў той час усе шукалі падтрымку.

«У сітуацыі, калі Лукашэнка не ідзе на перамовы, то гэта заставаўся адзіны сцэнар, калі ты неяк можаш разгайдаць шалі. Тады гэта была распаўсюджаная рэч. Ціханоўская з Вільні звярталася, не ведаю, як яго назваць, да прэзідэнта Расіі. Латушка пісаў афіцыйныя лісты ад Каардынацыйнай рады, знаходзячыся ў Мінску.

На жаль, гэта рэальнасць, ад якой мы за гэтыя 30 гадоў не можам адысці. Мы залежныя ад Расіі, не самастойныя ў поўнай меры. І гэта заставаўся адзіны варыянт».

На пытанне пра тое, чаму бабарыканцаў не падтрымалі ў Маскве, Краўцоў адказвае, што вельмі складана быць больш прарасійскім, чым Лукашэнка.

«У расіян, на мой погляд, усё проста. Чый Крым? Што там Захад? У цябе ёсць канкрэтныя ідэалагічныя чэк-поінты. Калі ты іх не праходзіш, то аўтаматычна менш цікавы, чым Лукашэнка. Не гаворачы пра тое, што ў цябе няма рэальнай улады. Па такіх чэк-лістах мы не прайшлі».

Чаму цяпер у дэмакратычных сіл Беларусі дрэнныя адносіны з Украінай

Краўцоў кажа, што не шкадуе аб тагачаснай пазіцыі штаба не крытыкаваць Расію і не думае, што цяперашняе стаўленне ўкраінскіх палітыкаў да беларускіх дэмсілаў звязана з тым, што было ў 2020 годзе:

«Мне здаецца, што гэта дастаткова хітрая і вывераная пазіцыя. Я лічу, што ва ўкраінцаў няма асаблівай цікавасці ўступаць у цеснае ўзаемадзеянне з беларускай апазіцыяй. Ім не зразумелая «даданая вартасць» ад гэтага.

На жаль, вайна прымушае цябе быць больш прагматычным. Ты пачынаеш думаць, што табе дапаможа выйграць. Танкі, бензін, пушкі, ракеты. У цябе трохі іншая лінейка. Гэта не палітык у Люксембургу, якому важна зрабіць сумесны здымак і паказаць, што падтрымлівае дэмакратыю. У цябе вайна, бамбяць дамы. Чым [беларускія] дэмакратычныя сілы могуць дапамагчы Украіне, я не вельмі разумею.

Навошта дэмакратычным сілам Украіна, мне вельмі зразумела. Украіна цяпер на вяршыні сусветнага парадку дня. Калі б адбылася сустрэча лідараў беларускіх і ўкраінскіх дэмсілаў, гэта перад усім павысіла б статус беларускіх дэмсілаў, але ніяк бы не змяніла статус Украіны».

Пазіцыя адносна Крыму і Расіі

Іван Краўцоў адзначае, што юрыдычна Крым — украінскі. Гэта сучасная тэрыторыя Украіны. Але дэ-факта ён знаходзіцца пад кіраваннем Расіі.

Выказваючыся аб сваёй пазіцыі адносна Пуціна і Расіі, Краўцоў распавядае, што не верыў, што Пуцін уварвецца ва Украіну. Ён думае, што шмат хто на Захадзе ў гэта не верыў:

«Мы восенню 2021 года ездзілі ў Германію, Злучаныя Штаты. Гэта разглядалася выключна як бязглузды варыянт. Тое, што здарылася, гэта жах. Я ніколі не мог уявіць, калі раней ездзіў у Маскву, што гэта пераўтворыцца вось у такое.

Уся рэч у тым, што яны да гэтага доўга рыхтаваліся. І цяпер пачынаеш разумець. Я памятаю Грузію, 2008 год. І выходзяць такія кнігі, як «Праект Расія». І там нацыянал-патрыятычная ідэалогія, перамяшаная з праваслаўем. Толькі ты цяпер разумееш, як доўга вялася падрыхтоўка да таго, каб пабудаваць нацыяналісцкі рэжым. Цалкам такі агідны. Я думаў, што такога не ўбачу. Але цяпер я гэта бачу. І з гэтым даводзіцца жыць».

Галоўная задача бабарыканцаў

Краўцоў гаворыць, што галоўная задача ў бабарыканцаў — знайсці варыянты, як у Беларусі зрабіць рэжым дэмакратычным.

«У бягучай сітуацыі мала хто што можа зрабіць. Але ў нас ёсць вялікія актывы. Ёсць офіс Святланы Ціханоўскай. Але перад усім для нас ёсць Бабарыка, Марыя Калеснікава, шмат іншых цудоўных людзей, якія знаходзяцца ў турме. Сотні людзей. Гэта таксама вельмі вялікі актыў.

Наш актыў — гэта людзі. Таму што ты робіш у сітуацыі, калі ты не можаш нічога зрабіць? Ты імкнешся не згубіць тое, што ёсць, і чакаеш магчымасці дзейнічаць. Як ты будзеш дзейнічаць, ты не ведаеш. Але гэтага ніхто цяпер не ведае. Ніхто не ведае, калі скончыцца вайна ва Украіне, калі памрэ Лукашэнка і Пуцін», — адзначае Краўцоў.

Глядзіце цалкам:

Клас
12
Панылы сорам
34
Ха-ха
14
Ого
1
Сумна
6
Абуральна
20

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?