Крыш'яніс Карыньш, Фота з яго твітара

Крыш'яніс Карыньш, Фота з яго твітара

Крыш'яніс Карыньш паведаміў СМІ, што ў чацвер падасць прэзідэнту прашэнне аб адстаўцы ўрада. Ён таксама заклікаў партыю «Новае адзінства» вылучыць іншага кандыдата на пасаду прэм'ер-міністра, піша Delfi.lv.

Неафіцыйна прагучала, што наступным прэм'ер-міністрам можа стаць цяперашняя міністарка дабрабыту Эвіка Сіліня («Новае адзінства»). Аднак на прэс-канферэнцыі яна не пракаментавала інфармацыі, што можа заняць гэтую пасаду.

На просьбу пракаментаваць неафіцыйную інфармацыю аб тым, што Карыньш у наступным урадзе можа заняць пасаду міністра замежных спраў, прэм'ер адзначыў, што яго прамая праца ў найбліжэйшай будучыні будзе палягаць у падтрымцы кандыдата ад «Новага адзінства» на пасаду прэм'ер-міністра.

Таксама палітык паабяцаў зрабіць усё магчымае, каб кандыдат на пасаду прэм'ера сфармаваў дзеяздольны Кабінет міністраў.

Карыньш нарадзіўся ў 1964 годзе ў ЗША ў сям'і эмігрантаў. Ягоны дзед па матчынай лініі быў багатым чалавекам у даваеннай Латвіі, займаўся гандлем рыбай на Рыжскім цэнтральным рынку і трымаў буйны кінатэатр.

Сам Крыш'яніс Карыньш першы раз прыехаў у Латвію ў 1984 годзе яшчэ за савецкім часам і потым прыязджаў рэгулярна. Займаў пасаду прэм'ера са студзеня 2019 года.

Клас
5
Панылы сорам
0
Ха-ха
1
Ого
3
Сумна
2
Абуральна
1