Illegal immigrants Нелегальныя імігранты Нелегальные имигранты

Мігранты, якія жадаюць нелегальна трапіць у Еўропу праз Міжземнае мора. Фота: Yassine Gaidi/Anadolu Agency via Getty Images

Журналіст, сябра амерыканскага аналітычнага цэнтру Atlantic Council Бэн Джуда (Ben Judah) апублікаваў кнігу «Гэта Еўропа. Як мы жывем цяпер» (This is Europe. The Way We Live Now), у якой на аснове дваццаці трох лёсаў жыхароў Еўропы распавядаецца аб пераўтварэннях на кантыненце.

Сам аўтар з франка-брытанскай сям'і. Ён рос у Бухарэсце, Бялградзе і Лондане, правёў некалькі гадоў у Маскве і цяпер жыве паміж Нью-Ёркам і Лонданам. Французскае выданне Le Monde узяло ў яго інтэрвʼю

Імігранты і Еўропа

Аўтар заўважае, што лад жыцця ў Еўропе мяняецца вельмі хутка і глыбока, нават хутчэй, чым у Злучаных Штатах, дзе ён зараз жыве. Па-першае, гэта іміграцыя, якая карэнным чынам мяняе структуру паўсядзённага жыцця. І не толькі ў гарадах, але таксама і ў невялікіх паселішчах ды вёсках.

Еўропа заўсёды ведала хвалі іміграцыі. Але працэнты былі іншыя. За два пакаленні Вялікабрытанія, Францыя і Германія сталі такімі ж разнастайнымі, як Злучаныя Штаты. Сёння ў Германіі 18% насельніцтва складаюць імігранты. Гэта вельмі глыбокая трансфармацыя.

«Еўропа мяняецца дэмаграфічна, культурна, этнічна. Адмаўляць гэты факт пад уплывам іміграцыі, старэючага насельніцтва і эканомікі таннай працоўнай сілы азначала б пакінуць дыскусію ў руках тэарэтыкаў змовы, якія ўяўляюць, што замена карэнных еўрапейцаў будзе арганізавана нейкай ценявой элітай — амаль заўсёды яўрэямі. Я хацеў прапанаваць проціяддзе ад гэтай змовы, паказаўшы рэальнасць гэтай трансфармацыі і чалавечнасць тых, хто прыходзіць», — кажа Бэн Джуда.

Сусветнае павуцінне і лёсы людзей

Вялікая ўвага ў кнізе надаецца таму, як новыя тэхналогіі ўплываюць на любоўныя гісторыі, сяброўства, сямейныя адносіны. Два чалавекі з Турцыі і Аўстрыі, якія пасябравалі падчас студэнцкага абмену па праграме Erasmus і закахаліся, але страцілі адно аднаго з-пад увагі, змаглі знайсціся дзякуючы Facebook і Skype.

Партугалец убачыў у інтэрнэце абʼяву аб продажы дома на вёсцы і вырашыў пачаць новае жыццё ў незнаёмым месцы. Старыя шведскія гаспадары гасцініцы шукаюць лекі ад адзіноты на сайце знаёмстваў.

«Утоеныя бакі грамадства цяпер перамясціліся ў інтэрнэт. Еўрапейцы часта думаюць пра схаваны свет як пра месцы ў горадзе, напрыклад, пра завулак за чыгуначным вакзалам або пра раён чырвоных ліхтароў. Але насамрэч гэтыя месцы ў сеціве.

Я расказваю гісторыю латвійскай дзяўчыны, якая мае вялікую патрэбу ў грошах на вучобу і вымушана распранацца перад камерай, каб зарабіць.

Або гісторыю сірыйскага бежанца, які марыць стаць знакамітым і спрабуе зарабіць на лайках у свеце порна. Сёння гэты таемны свет ёсць у кожным нашым тэлефоне», — адзначае Бэн Джуда.

Кліматычныя змены

Некалькі гісторый расказваюць аб уплыве змянення клімату на жыццё еўрапейцаў. Знаходзячыся ў Бургундыі, аўтар быў глыбока ўзрушаны апавяданнямі вінаградараў.

Сёння збор ураджаю ў гэтым рэгіёне адбываецца на месяц раней, чым калісьці. Па словах журналіста, буйныя вінаробы імкнуцца купіць землі ў Японіі, на поўначы Англіі, у Румыніі, у Патагоніі (Паўднёвая Амерыка), таму што яны ведаюць, што існуе вельмі вялікая рызыка таго, што Бургундыя праз дваццаць ці трыццаць гадоў больш не зможа вырабляць такое ж віно.

У кнізе ёсць аповед расійскага інжынера, які будуе порт па перавалцы звадкаванага прыроднага газу ў Сабеце (на паўвостраве Ямал), пра тое, як статкі паўночных аленяў у Арктыцы гінуць на яго вачах з-за змены клімату. З аднаго боку, гэты чалавек вельмі ганарыцца тым, што пабудаваў гэтую інфраструктуру ва ўмовах, якія нагадваюць ГУЛАГ, але, з другога, разумее, што ён можа мець дачыненне да разбурэння прыроднага асяроддзя.

Палітычныя высновы

У інтэрвʼю Бэн Джуда звяртае ўвагу на высновы, якія ён можа зрабіць на аснове ўбачаных ім пераўтварэнняў.

Першы і ключавы момант заключаецца ў тым, што вялікай памылкай зʼяўляецца погляд еўрапейскіх і амерыканскіх палітычных эліт на Еўропу як на «музей, у якім нічога не адбываецца». На думку аўтара,

«палітычная Еўропа мусіць быць сумленнай перад сваімі грамадзянамі, сказаць, што мы перажываем глыбокія змены. Яна павінна распавесці іншую гісторыю Еўропы, а не толькі гісторыю ХХ стагоддзя, якая пачынаецца з духу Франца Фердынанда, які лунае над Сараевам, і заканчваецца падзеннем Берлінскай сцяны».

Калі Еўропа мінулага — гэта замкі, менгіры, гала-рымскія храмы, то Еўропа сучаснасці — гэта Еўрапейскі Саюз, гандлёвыя пагадненні, адзначае аўтар і дадае:

«Але для мяне Еўропа — гэта перш за ўсё агульнасць лёсаў, звернутых у будучыню. Усе людзі ў маёй кнізе, нават калі яны прыехалі з Афрыкі ці Сірыі, лічаць сябе еўрапейцамі, бо бачаць там сваю будучыню. Важна, каб еўрапейцы больш думалі пра будучыню і выбудоўвалі палітычную ідэнтычнасць у гэтым сэнсе».

Чытайце яшчэ:

Сярэдні клас у Германіі паволі скарачаецца

Вось як памянялася французскае грамадства. Тое самае чакае грамадства беларускае?

Бэстсэлер: Чаму адны краіны багатыя, а другія — бедныя 

Клас
19
Панылы сорам
6
Ха-ха
3
Ого
5
Сумна
7
Абуральна
2

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?