Леанід Судаленка. Фота: «Наша Ніва»

Леанід Судаленка. Фота: «Наша Ніва»

«Наша Ніва»: Як вызваляліся?

Леанід Судаленка: З ШІЗА! За 10 сутак да выхаду мяне забралі за фармальнае парушэнне, закінулі ў ШІЗА, я там спаў на падлозе, як туалетная папера скончылася — кулакі пад галаву падкладваў. І адтуль мяне ў дзень выхаду рана-рана раніцай вывелі на волю, яшчэ пасядзеў гадзіны паўтары на вуліцы, пакуль убачыў першага чалавека і папрасіў у яго пазваніць сваім. А яны думалі, што я а 10-й выйду, то яшчэ тры гадзіны чакаў. Ну, а потым дарога з Віцебска да Гомеля, сустрэча з сям'ёй, размовы. 

«Наша Ніва»: Калі даваць апісанне жыццю «Віцьбы», то якое яно? 

Леанід Судаленка: Я б сказаў, што страшнага нічога няма. Калонія вялікая, плошчай як пяць футбольных палёў. Там стаяць баракі, прамысловая зона, сталоўка, ШІЗА, царква таксама ў нашым выпадку.

Побытавыя ўмовы больш-менш, бо зроблены рамонты. У параўнанні з жудасным гомельскім СІЗА можна сказаць, што яшчэ прыстойна. 

Жыве там 12 атрадаў, ад 50-ці да 100 чалавек у кожным, агулам чалавек 900. Палітычных там працэнтаў 25. Пры гэтым у палітычныя, ці «жаўтабірачнікі», трапляюць не заўсёды ідэйныя людзі, цяпер палітычнымі робяць за ўсё: за камент, за фотку тэхнікі, за лайк. 

Быў мужык, п'яным збіў насмерць чалавека, дык яму таксама жоўтую бірку наляпілі, таму што знайшлі сэлфі з акцыі пратэсту, а ён кажа ўсім: «Ды які я палітычны, я па горадзе ішоў, сэлфі зрабіў на фоне калоны і далей пайшоў, ні разу свядома на акцыю не выходзіў». А ў яго проста ў мабіле па іншай справе гэта знайшлі. 

Словам, усё гэта такі мужчынскі інтэрнат. 

У атрадзе мужчыны розных узростаў, выхавання, ладу жыцця. Ад палкоўнікаў МУС да наркаманаў. 

Таму кожны імкнецца знайсці кагосьці блізкага сабе па каштоўнасцях, з кім яму будзе прасцей сядзець.

Тут і прагматычны разлік. Выжыць на той кухні складана, там ні вітамінаў няма, нічога, ну і яе ў прынцыпе часам складана есці, калі толькі не галодны. А гэтыя пасылкі па 50 кілаграмаў раз на чатыры месяцы, яны ратуюць, адпаведна, вось увесь такі гурток па інтарэсах. 

Цяпер табе даслалі — тваё ямо, потым мне — маё. 

Самае страшнае злачынства — быць стукачом, даносчыкам. Ёсць тыя, хто афіцыйна супрацоўнічае, гэта «заўгасы» гэтак званыя, гэта тыя людзі, у якіх гіганцкія тэрміны, па 20 гадоў і 25.

Гэта ясна, ім трэба неяк там выжыць за гэты час, яны афіцыйна супрацоўнічаюць, але гэта не так страшна, як таемна даносіць. Сядзець разам і чай піць, а потым хадзіць дакладваць, хто што сказаў. 

Самая вялікая радасць — спатканні з роднымі, званкі. Палітычным спатканняў не даюць, а вось званіць можна. Чатыры разы на месяц.

Сядзіць аператыўнік, у яго некалькі апаратаў, ён кнопкі націскае і слухае, хто пра што гаворыць. Калі нешта спытаў пра вайну, пра «Вагнера», яшчэ штосьці — адразу абрыў сувязі. Пра гэта не гавораць. 

Ёсць яшчэ атаварка, але палітычным толькі на дзве базавыя, гэта вельмі мала — думаеш, што купіць сабе: салодкага да чаю ці кілаграм яблыкаў. 

Ну, тэлебачанне глядзіш, аб'ектыўнай інфармацыі вобмаль, але аб працэсах нейкую карціну маеш. 

«Наша Ніва»: Чаму вырашылі з'ехаць? 

Леанід Судаленка: Я свабодны чалавек, хачу жыць у свабодным грамадстве. А мне такія ўмовы стварылі, што два гады кожны тыдзень трэба хадзіць адзначацца ў міліцыю, яны ў любы час прыходзяць з уключанымі камерамі. Калі кудысьці выехаць — у іх дазвол прасіць трэба. Адно парушэнне — і штраф ці 15 сутак, а калі другое, то так і сказалі: «Перагледзім твой лёс».

А я яшчэ трымаю ў галаве, што мне па справе «Вясны» могуць штосьці прыдумаць і выставіць. Я і так, пакуль сядзеў, два разы адбіваўся ад следчых, палохалі мяне, што адмова ад дачы паказанняў — злачынства. Вытрымаў. Словам, мне і жонка так сказала, што лепш я да цябе буду ў Вільню ездзіць, чым у «Віцьбу». Ну, 11 дзён пабыў дома і выехаў. Да маці заехаў, разумею, што апошні раз яе бачыў, бо калі наступны раз у Беларусі буду, і не ведаю. А калі б мяне яшчэ раз пасадзілі, то я чалавек ужо немалады і з праблемамі, для мяне гэта квіток у адзін канец будзе. 

«Наша Ніва»: Каго сустракалі ў калоніі? 

Леанід Судаленка: Максім Знак быў у другім атрадзе, я перасякаўся на промцы (прамысловай зоне. — «НН»), папрасіў людзей, каб мяне падвялі. Мы троху пагаварылі, падбадзёрылі адзін аднаго. Для яго самы горшы сцэнарый уключылі, на паўгода яго «забурылі», яшчэ адзін раз такое — і ўсё, паедзе на турму, уключыцца артыкул 411-ы, і так яму могуць па годзе дакідваць. Вось да яго стаўленне жорсткае. 

І быў супрацьлеглы прыклад.

Там жа адбывае пакаранне былы начальнік аховы Лукашэнкі Андрэй Уцюрын. Ён не размаўляе ні з кім са зняволеных, стварыў вакол сябе вакуум. Займаецца спортам, сам вырашае, каму сказаць слова. Ён думае, што не такі як усе. І вось бывае карціна: атрад стаіць каля сталовай, а начальнік калоніі Уцюрына пакліча — і стаяць хвілін 30 размаўляюць як сябры.

«Наша Ніва»: Ёсць там месца для праяў чалавечнасці з боку адміністрацыі? 

Леанід Судаленка: Самую вялікую чалавечнасць яны могуць праявіць у тым, каб не прыніжаць, але не праяўляюць. Як толькі ім скажуць замучыць — за мілую душу. Вось я сказаў бы, што да мяне ставіліся там нармальна, калі б не тое, што ні за што зрабілі злосным парушальнікам, каб я пад амністыю не патрапіў, калі б спатканні давалі, калі б у ШІЗА не кідалі.

А вось таварышы нашы па няшчасці чалавечнасць праяўляюць.

Гэта праяўляецца ў тым, каб падзяліцца чымсьці, дапамагчы з работай на промцы, сказаць «не рві спіну, стары, я сам падыму». А ад тых не дачакаешся. Ніводнага спаткання з жонкай мне не далі — перад Новым годам, калі дазваляецца сваякам прыехаць, пару гадзін пасядзець, і тое не далі. Не кажучы, што на пахаванне сваякоў не адпускаюць. 

«Наша Ніва»: Як у калоніі ўспрынялі навіны пра смерці Пушкіна, Ашурка? 

Леанід Судаленка: Пры мне пра Пушкіна інфармацыя не зайшла ў калонію, пра Ашурка таксама. Казалі толькі па «турэмным радыё», што Бабарыку моцна паламалі і адправілі ў бальніцу. А так, ведаеце… Пры мне толькі мінімум тры разы было, калі чалавека з калоніі забіралі ў морг. Мне яшчэ запомнілася, як нейкі няшчасны ў гомельскім СІЗА ў дзверы калаціў ноччу: «Доктара-доктара!», — а яму такім жалезным голасам з калідора адказалі, што «врач сюда приезжает только в одном случае — зафиксировать смерть». Што з тым чалавекам стала, я не ведаю, а вось у калоніі паміралі. Ад чаго, я не ў курсе, людзі ж і ад хвароб паміраюць, не ведаю абставінаў. 

«Наша Ніва»: А як праходзяць гэтыя падрыхтоўчыя курсы да волі, на якія адпраўляюць тых, у каго хутка «званок»? 

Леанід Судаленка: За тры месяцы да вызвалення мяне выклікалі, сказалі, што «жонка не супраць працягваць з табой жыць, мы зрабілі ёй запыт». Ну і праінфармавалі пра вакансіі фармоўшчыкоў у Гомелі. Пад роспіс. Ну і ўсё. 

«Наша Ніва»: Напэўна, некаму з тых, хто гэты тэкст прачытае, ваш досвед яшчэ прыйдзецца прайсці. Маеце парады? 

Леанід Судаленка: Пражыванне ў такім калектыве дасца лягчэй, калі ты нармальна сябе паводзіш, не ствараеш праблем для іншых, калі нікога не вучыш жыць, заўваг не робіш не па справе. Тады ўсё нармальна будзе. Знайсці трэба сабе тых, з кім будзеш сядзець, і так яно прасцей. 

Чытайце таксама:

Алесь Пушкін мучыўся страшнымі болямі, але яго не шпіталізавалі. Хто начмед у турме, дзе ён памёр

«Пакайся, ты не Дон Кіхот». Бацьку былога палітвязня выклікалі на размову ў КДБ, і ён пасля таго вельмі змяніўся

«Пальчыс саступіў мне месца на нарах». Праграміст адседзеў у калоніі — за кратамі вы б яго не пазналі

Журналіст Алег Груздзіловіч прэзентаваў сваю кнігу пра перажытае за кратамі. І назваў самы папулярны раман на Валадарцы

Клас
24
Панылы сорам
5
Ха-ха
5
Ого
7
Сумна
35
Абуральна
29