Адміністратары праўладнага канала Berezina. Калаж: Наша Ніва

Адміністратары праўладнага канала Berezina. Калаж: Наша Ніва

Высветліць іх асобы дапамаглі боты, якія захоўваюць звязкі тэлеграм-акаўнтаў і нумароў, а таксама інфармацыя, якую мы атрымалі ад «Кіберпартызанаў».

Што сабой уяўляе тэлеграм-канал Berezina

Тэлеграм-канал Berezina невялікі, як і ўсе лукашысцкія, на 5 тысячаў падпісантаў, але з'яўляецца адным з найбольш агрэсіўных. Ён заснаваны ў жніўні 2020-га і спачатку проста публікаваў розныя навіны. Чытанасць яго была невялікая, на першых публікацыях дагэтуль па 10-15 праглядаў. Напрыканцы 2020-га праглядаць допісы сталі сотні.

Змена ў стылі канала Berezina са жніўня 2020-га да мая 2021-га

Змена ў стылі канала Berezina са жніўня 2020-га да мая 2021-га

Але ў нейкі момант адміністрацыя канала, відаць, вырашыла дадаць «агеньчыку». На канале пачалі ўжываць агрэсіўную і прыніжальную лексіку.

А з пачаткам вайны канал пераключыўся на прарасійскую прапаганду і пачаў распальваць варожасць яшчэ і да ўкраінцаў. Па колькасці і ўзроўні агрэсіі канал можа даць фору шмат якім іншым праўладным рэсурсам

Cкрыншоты з канала за апошні месяц

Cкрыншоты з канала за апошні месяц

Адміністратары рэгулярна публікуюць відэа з «палітычнымі» затрыманымі, глумяцца з палітвязняў, радуюцца паразам украінскай арміі і смярцям украінцаў.

Магчыма, каналам займаюцца больш як два чалавекі, але мы дакладна вызначылі асобы дваіх.

Ад гатэля да прапаганды

Раман Кашырын. Фота: ягоная старонка «Укантакце»

Раман Кашырын. Фота: ягоная старонка «Укантакце»

Адзін з аўтараў канала — Раман Кашырын. Як і ў выпадку з Раманам Ролем, якія вядзе канал «Жоўтыя Злівы. Адукацыя», высветліць яго асобу ўдалося дзякуючы тэлеграм-чатам — агрэгатарам. Ягоны тэлеграм-акаўнт (@roman_brz7) піярыў «Бярэзіну» ад моманту стварэння да канца красавіка 2021-га. Пасля гэтага ў чатах з'явіўся акаўнт з юзернэймам arhivarius_brz, які пачаў рабіць тое самае.

Раману Кашырыну 31 год. Родам ён з Бабруйска — адсюль, імаверна, і назва ягонага каналу (горад стаіць на рацэ Бярэзіне). Мае вышэйшую адукацыю.

Вядомыя некалькі месцаў ягонай працы. У 2012-м ён працаваў на ААТ «Алавес», якое трымала некалькі бараў і клубаў у Мінску, у тым ліку славуты «Дазары», «Махіта» на Ціміразева і сушы-бар «Кайтэн» каля плошчы Якуба Коласа. Імаверна, ён быў звычайным працаўніком бара. Да 2014-га ён перайшоў на працу ў мінскі «Рэнесанс Гатэль». Прапрацаваў нейкі час і ў гатэлі «Еўропа», які знаходзіцца ў самым цэнтры Мінска. Нагадаем, што ў дарагіх гатэлях сталіцы, дзе селяцца замежнікі, штат у значнай долі ўкамплектаваны супрацоўнікамі і агентамі спецслужбаў.

Раман Кашырын, адзін з вядоўцаў канала Berezina. Фота: «Укантакце»

Раман Кашырын, адзін з вядоўцаў канала Berezina. Фота: «Укантакце»

Пазней Раман адкрыў ІП, асноўнай сферай дзейнасцю якога быў «Рознічны гандаль па ўзорах». Звычайна ў Беларусі за такім апісаннем стаяць інтэрнэт-крамы. У 2015-м ён размяшчаў аб'яву ў адну з груп Гомеля:

«Трэба тэрмінова зараз раздаць 250—300 улётак. Кошт пытання 30 000. Працы на паўгадзіны».

У студзені 2017-га мужчына піярыў групу ў сацыяльнай сетцы «Укантакце», якая называлася «Праца ў Мінску: грамадскае харчаванне». З красавіка 2017-га Раман адкрывае ІП, асноўнай сферай дзейнасці якога заяўленая «Дзейнасць па стварэнні рэкламы».

У канцы 2018-га Кашырын паступіў на завочную магістратуру ў Беларускі гандлёва-эканамічны ўніверсітэт спажывецкай кааперацыі, які знаходзіцца ў Гомелі. Спецыяльнасць — «Сусветная эканоміка».

У 2020-м Кашырын пачаў уваходзіць у розныя праўладныя чаты і піярыць канал Berezina.

На мяжы 2021 і 2022 гадоў мужчына стаў весці семінары для дзяржаўных органаў. Цяпер яго прадстаўляюць як «медыяэксперта ЗАТ «Нотамедыя». Гэта піяр-агенства, якое да жніўня 2020-га было незалежным і працавала ў тым ліку з дзяржаўнымі арганізацыямі.

Раман Кашырын падчас выступу. Фота: proftorg.1prof.by

Раман Кашырын падчас выступу. Фота: proftorg.1prof.by

«У актыўную дыскусію аб выкарыстанні фэйкаў у метадалогіі кагнітыўнай вайны аўдыторыю ўцягнуў медыяэксперт Раман Кашырын. Захопленыя спрэчкі, разбор укідаў фэйкаў і наступстваў ад іх уплыву не пакінулі абыякавым ніводнага слухача курсаў, а дыскусіі на гэтую тэму працягваліся яшчэ доўга пасля заканчэння сустрэчы», — так апісваюць сэнс аднаго з выступаў праўладныя рэсурсы.

Праўда, не да канца ясна, якім чынам ён вучыць абараняцца ад фэйкаў, калі Berezina перыядычна стварае іх. Напрыклад, спасылаецца на фэйкавы канал 35-й брыгады, пра які мы пісалі раней.

Скрыншот з тэлеграм-канала Berezina

Скрыншот з тэлеграм-канала Berezina

Бээрэсэмавец з «Хімвалакна»

Антон Сімановіч у 2017-м. Фота: «Укантакце»

Антон Сімановіч у 2017-м. Фота: «Укантакце»

Яшчэ адзін з кіраўнікоў канала — адміністратар чата суполкі, 34-гадовы Антон Сімановіч, які карыстаецца нікнэймам «Гандляр баянамі». Мужчына нарадзіўся ў Магілёве. Вучыўся спачатку ў мясцовай 30-й школе, а пасля паступіў у Ліцэй Беларуска-расійскага ўніверсітэта. У 2008-м Антон паступіў у Беларускі дзяржаўны эканамічны ўніверсітэт. 

Калі верыць звесткам ад «Кіберпартызанаў», па размеркаванні мужчына пайшоў на працу эканамістам у «Магілёўхімвалакно». Прыкладна ў гэты ж час ва Украіне здарылася Рэвалюцыя годнасці. І, мяркуючы па каментарах Антона, ён заняў адкрыта прарасійскую і антыўкраінскую пазіцыю.

У каментарах ён пастаянна скардзіўся на малую зарплату і вучыў украінцаў жыццю, пагражаючы Пуціным, які «змяце Украіну за 2-3 дні». А таксама прызнаўся, што раней нават спачуваў пратэстам.

Каментары Сімановіча пад допісамі «Укантакце»

Каментары Сімановіча пад допісамі «Укантакце»

Паралельна Сімановіч увайшоў у ячэйку БРСМ на «Хімвалакне». 

Антон Сімановіч на сходзе БРСМ на «Магілёўхімвалакне». Ён першы злева

Антон Сімановіч на сходзе БРСМ на «Магілёўхімвалакне». Ён першы злева

Пасля 2020-га ён усплыў у розных праўладных чатах, прычым з вельмі агрэсіўнымі каментарамі. Беларускую мову ён называе «сутуласабачай», беларускіх патрыётаў — «ліцьвінсвіннямі», а беларускі сцяг — «пракладкай». Украінцаў жа ён перыядычна называе «чубатымі».

Прыклады каментароў Антона Сімановіч

Прыклады каментароў Антона Сімановіч

У які менавіта момант ён стаў адміністратарам чата канала «Беразіна», невядома, як і тое, ці піша ён для канала. Але гэта цалкам імаверна, бо там выкарыстоўваецца падобная лексіка («чубатыя», «пракладка» і г. д.). 

Ці можа падпадаць змест канала Berezina пад нормы артыкулаў Крымінальнага кодэкса аб распальванні варожасці? Мы спыталі пра гэта ў юрыдычнай службы праваабарончага цэнтра «Вясна».

«Аналіз пастоў тэлеграм-канала «Berezina» дазваляе зрабіць выснову, што сказанае мае на мэце аказаць актыўнае ўздеянне на пэўную частку грамадства, накіраванага на:

— узбуджэнне нянавісці, г. зн. моцнай устойлівай непрыязнасці да групы асобаў з іншымі палітычнымі поглядамі і тых, хто вымушана з’ехаў за межы Беларусі,

— узбуджэнне варожасці, г.зн. нянавісці паміж групамі людзей (тымі, хто падтрымлівае дзейную ўладу і яе праціўнікаў),

— прыніжэнне годнасці групы асобаў з іншымі палітычнымі поглядамі і тых, хто вымушана з’ехаў за межы Беларусі.

Як бачна з пастоў тэлеграм-канала, яны не толькі прыніжаюць прадстаўнікоў вызначанай сацыяльнай групы … але і распаўсюджваюць наўмысна лжывую інфармацыю адносна гэтай групы з мэтай спарадзіць недавер да асобаў, што належаць да гэтай групы. Называючы людзей з іншымі палітычнымі поглядамі … людзьмі, здольнымі да здзяйснення тэрарыстычных актаў, а таксама заклікаючы грамадства рабіць даносы на прадстаўнікаў гэтай групы, прапагандысты, такім чынам, па-першае, распаўсюджваюць ілжывую інфармацыю з мэтай стварыць недавер і варожае стаўленне да прадстаўнікоў гэтай групы, і па-другое, фармуюць непрыязнасць, варожасць і пачуццё нянавісці да гэтых людзей», — мяркуюць юрысты.

Чытайце таксама:

Як малады камуніст вядзе філіял «Жоўтых зліваў» для моладзі і выкладае ў БДУІР

«Нас не запугать». Вось хто ствараў пралукашэнкаўскія стыкерпакі ў тэлеграме

Міліцэйскі тэлеграм-канал, дзе публікуюць відэа з рэпрэсаванымі, выпадкова выдаў сваіх адмінаў

Клас
31
Панылы сорам
33
Ха-ха
10
Ого
9
Сумна
13
Абуральна
150