Kastus Kalinovsky among the rebels of 1863 Кастусь Калиновский среди повстанцев 1863 года Кастусь Каліноўскі сярод паўстанцаў 1863 года.

«Кастусь Каліноўскі сярод паўстанцаў 1863 года». Пётра Сергіевіч. Гродзенскі гісторыка-археалагічны музей. Фота: Wikimedia Commons

Складанасці працэсу нацыяўтварэння

Алег Латышонак нагадвае аб тым, што яшчэ ў XVII стагоддзі сярод літоўскай шляхты заставаўся папулярным міф аб яе паходжанні ад агульнага продка Палямона, які нібыта прыплыў з Рыма і высадзіўся на балцкім узбярэжжы. Некаторыя гісторыкі, напрыклад, Мацей Стрыйкоўскі, спрабавалі спалучыць два міфы, заяўляючы, што шляхта паходзіць ад Палямона, а народ — ад племені герулаў, якія адносяцца да сарматаў.

ebastian Munster - Tabvla europae VIII (Sarmatia) Себасцян Мюнстэр Карта еўрапейскай Сарматыі

Карта Еўрапейскай Сарматыі. Гравюра Себасцьяна Мюнстэра. Фота: Wikimedia Commons

Прафесар адзначае, што пазней рымскае паходжанне сталі сабе прыпісваць і польскія арыстакраты. «Сабескія, Пацы згадалі пра рымскіх продкаў. Гэта было крута — мець у каталіцкай дзяржаве рымскае паходжанне», — кажа ён.

Вучоны не пагаджаецца і з меркаваннем англійскага даследчыка Цімаці Снайдэра аб тым, што ў XVII—XVIIІ стагоддзях сфармавалася раннемадэрная нацыя эліты ВКЛ: «Я не бачу нічога такога, бо працэс быў пакручасты. Спачатку фарміравалася літоўская нацыя, але пасля Маскоўскай вайны і Шведскага патопу працэс пачаў ісці ў кірунку ўжо польскай нацыі».

Латышонак лічыць, што фактычна апошняй літоўскай сям’ёй, якая кіравала Вялікім Княствам Літоўскім, былі Пацы. Ад таго часу, як яны страцілі ўладу, за яе змагаліся ўжо неабавязкова так званыя роды гарадзельскія — гэта значыць тыя, што падпісвалі унію з Польшчай і прынялі каталіцтва.

«Я бачу, што ў XVIII стагоддзі ўсё проста ішло ў бок польскай нацыі. Гэта было вынікам таго, што аб’яднанне «літоўскага» і «рускага» пачаткаў патрабавала чагосьці іншага. Ужо ніхто не мог яўна перамагчы, таму адбылося прыняцце польскай мовы. А канчатковы трыумф каталіцтва ў другой палове XVII стагоддзя прывёў да таго, што пачалі мала чым адрознівацца ад палякаў», — выказвае свой погляд Латышонак.

На яго думку, 20-я гады XVIII стагоддзя — канец літоўскага сепаратызму. Пасля гэтага ўжо ніякая сур’ёзная сіла не дэкларавала такога сепаратызму, а літоўская шляхта стала ўтвараць адну нацыю з польскай. І прытым не толькі шляхта.

Вучоны падкрэслівае, што з яго даследаванняў вынікае, што і мяшчанская эліта (прычым не толькі ў Вільні, але і ў Магілёве ці Віцебску), як вынікае з хронік гэтых гарадоў, у той час вельмі паланізавалася і мела сучасную польскую нацыянальную свядомасць.

Магілёў (1765-67) Магилёв (1765-1767) Mohileu (1765-1767)

Магілёў. Фрэска кармеліцкага касцёла з панарамай горада. Невядомы мастак (1765—1767). Фота: Wikimedia Commons

«Гэта вельмі дзіўна гучыць, але яны ўжо аперавалі новым, часоў Асветніцтва, паняткам нацыі. Не народа, а нацыі, а нацыя — гэта дзяржава. Першы раз такое атаясамленне з'яўляецца менавіта ў мяшчанскіх хроніках. І тут, у гэтых хроніках, выразна відаць такі агульнапольскі патрыятызм, асабліва ў магілёўскай», — адзначае Латышонак.

Працэсы нацыяўтварэння спынілі падзелы Рэчы Паспалітай. Гісторык заўважае, што невядома, як бы было далей, ці была б беларуская нацыя такою, якою ёсць, бо працэсы паланізацыі былі вельмі хуткія і вельмі шырокія. У той жа час літоўская шляхта абараняла толькі свае тытулы. «Пра шляхту казалі: «Szlachcic bez tytułu jak pies bez ogona» [шляхціц без тытула як сабака без хваста]. Таму, калі дайшло да ліквідацыі Вялікага Княства Літоўскага, то што яны адстаялі? Тытулы, нічога болей», — адзначае гісторык.

Што дало XVIII стагоддзе

Латышонак пагаджаецца з тым, што адносна XVIII стагоддзя цяжка гаварыць аб нечым станоўчым. У той жа час ён адзначае малазаўважны працэс аб’яднання «рускай» часткі Вялікага Княства Літоўскага.

«Мяжа паміж «Літвой» і «Белай Руссю» раней ішла на ўсходзе ад Мінска, а тут перанеслася з Бярэзіны дняпроўскай на Бярэзіну нёманскую. І гэта выразны працэс у наратыўных крыніцах. У той час людзі «Літву» бачаць ужо за Нёманам, яны лічаць, што на поўдзень ад Нёмана — гэта «Русь», і назва «Белая Русь» пераносіцца ўжо і на захад. Таксама ў гістарычных працах зʼяўляецца тэрмін «князі літоўскія і беларускія».

Гэта азначае, што ўжо зʼяўляецца такая слабая, але свядомасць, што Вялікае Княства Літоўскае дзеліцца паводле этнічнага прынцыпу — на літоўскую і беларускую часткі», — распавядае Латышонак.

Вучоны гаворыць, што гэты працэс нельга патлумачыць. Тут нейкая таямніца. Незразумела, чаму гэта адбывалася, нягледзячы на такія неспрыяльныя абставіны, як паланізацыя шляхты і мяшчанства.

«Беларуская нацыя фарміруецца ў XVIII стагоддзі як народ. Відаць, ішлі нейкія працэсы, намі яшчэ не спасцігнутыя. Можа, мы яшчэ слаба вывучаем даступныя крыніцы, можа, яшчэ мала ведаем. Але калі пасля першага падзелу Рэчы Паспалітай ствараецца Камісія нацыянальнай адукацыі, і ў ёй зʼяўляюцца дэпартаменты, то яны падзеленыя ўжо паводле этнічнага прынцыпу», — кажа прафесар.

Samogitia, Lituania-Russia Bianca, Moscovia (G. Albrizzi, I. Tirion, 1740)

Фрагмент карты Samogitia, Lituania-Russia Bianca, Moscovia (G. Albrizzi, I. Tirion), дзе Літва (Lituania) цалкам атаясамліваецца з Белай Руссю (Russia Bianca), тым часам Жамойць (Samogitia) падаецца асобна ад Літвы, а Масковія (Moscovia) — асобна ад Русі. Венецыя, 1740 г. Фота: Wikimedia Commons

Латышонак адзначае, што пазней, пасля трэцяга падзелу, гэты працэс прыпыняецца і набывае зваротны напрамак: «Раней пачалі лічыць Беларуссю тое, што пад Масквой, а тут ужо ўсюды Літва. Пасля падзелаў Рэчы Паспалітай рух «Русі» на захад спыняецца, а «Літва» пачынае рухацца на ўсход. А на захадзе ўжо Міцкевіч пра «Літву» піша вершы».

Пра тое, што ў пачатку ХІХ стагоддзя беларусы існавалі як асобны народ, сведчыць той факт, што іх бачылі дзекабрысты. Але лічылі, гаворыць Латышонак, што «ніякай нацыі з беларусаў не выйдзе, найлепш іх падзяліць з палякамі».

Пачаткі літоўскага і беларускага нацыянальных рухаў

На погляд прафесара, у пачатку абодвух рухаў знаходзіцца Віленскі ўніверсітэт. Хаця гэта «даволі цьмяна». Больш заўважны літоўскі нацыянальны рух. Літоўцы перанялі ўсе легенды Вялікага Княства Літоўскага: «Ім не было гэта цяжка. Проста ўсё, што напрацавана, і не важна на якой мове, гэта ўсё Літва, усё наша. Праблема была толькі з польскай мовай — як у такіх умовах адрадзіць літоўскую. Але літоўскае школьніцтва існавала бесперапынна».

Латышонак згадвае, што Камісія нацыянальнай адукацыі займалася навучаннем толькі каталікоў. Так як шляхта лічыла сябе літоўцамі («ліцвінамі»), то яны вучылі па-літоўску дзяцей. Беларускага школьніцтва фактычна не было. Часам мог нейкі ўніяцкі святар вучыць пісаць па-беларуску, але гэта былі адзінкі. Не існавала адукацыі для прыгонных сялян. Толькі дзве-тры асобы (Храптовічы, Пацеі) падчас Расійскай Імперыі вучылі сваіх сялян у школках.

На думку вучонага, «літоўская шляхта хацела адначасова быць палякамі і адчуваць сваю пародненасць з балцкім народам». Але тыя, хто ў ХІХ стагоддзі пачаў так званую «этнаграфічную літоўскасць», не хацелі быць палякамі і ім не было сэнсу быць палякамі ў Расійскай Імперыі. «Мы забываемся, у якіх абставінах гэта адбывалася, — заўважае Латышонак і тлумачыць:

— Тут былі беларускія губерні, беларуская шляхта. На гэтых тэрыторыях зʼяўляюцца першыя творы на беларускай мове, аўтараў якіх мы ведаем». 

Вучоны прыгадвае дзейнасць манаха-дамініканца Каятана Марашэўскага і адзначае: «Усе забываюцца, што ён пачаў пісаць ужо пад Расіяй. Дамініканцы з Залесся пад Полацкам мелі на думцы місію па ўсёй Расіі і пачалі да яе рыхтавацца. Першым крокам была беларуская мова, якая ім была бліжэйшая».

Прафесар звяртае ўвагу, што «Энеіда навыварат» зʼявілася на Смаленшчыне — тэрыторыі, якая першай была далучаная да Расіі.

«У частцы, якая засталася ў Рэчы Паспалітай, мы маем «Літву» Міцкевіча і толькі літоўскі нацыянальны міф», — падкрэслівае вучоны.

Кім быў Міцкевіч

Латышонак адзначае, што для Міцкевіча «беларусы» былі «яны». «Адзіны сказ пра беларусаў, які паходзіць ад Міцкевіча, гэта сказ пра «каўтуністых» беларусаў. Для яго гэта добрыя, набожныя людзі. Але ён з імі сябе не атаясамліваў»,

— лічыць вучоны.

Помнік Адаму Міцкевічу ля сядзібы Саюза палякаў Беларусі. Гродна. Архіўнае фота 

Помнік Адаму Міцкевічу ля сядзібы Саюза палякаў Беларусі. Гродна. Архіўнае фота 

На погляд Латышонка, Міцкевіч быў «палякам, які ўсведамляў свае літоўскія карані. Дарэчы, хіба што сапраўдныя, бо рэгіён, з якога паходзілі Міцкевічы, хутчэй за ўсё, быў літоўскім. Але гэта не азначала, што Міцкевіча не цікавіў лёс Польшчы. У першую чаргу цікавіў. А ўжо пасля нейкія рэгіянальныя адметнасці, абсалютна балцка-літоўскія».

Паўстанне 1863—1864 гадоў

На погляд Латышонка, паўстанне 1863—1864 гадоў — яўная катастрофа. Яно дало толькі Кастуся Каліноўскага — адзіную асобу, якую варта звязваць з Беларуссю. Ніводзін з яго паплечнікаў пасля не працягнуў беларускай справы. Таму, лічыць Латышонак,

«трэба нейкім чынам (хоць гэта цяжка) аддзяліць Каліноўскага ад паўстання. Тое, што Каліноўскі зрабіў, для беларусаў вельмі важнае — ягоная публіцыстыка».

Але паўстанне, падкрэслівае прафесар, было суцэльнай катастрофай.

Яно выкапала вялікі роў паміж католікамі і праваслаўнымі, зруйнавала беларускае школьніцтва, якое акурат уводзілася.

Латышонак заўважае, што пра гэты факт ніхто не хоча памятаць:

«Ужо быў выдадзены падручнік, і школьніцтва беларускае, можна сказаць, ужо было задэкрэтаванае».

Прафесар заўважае, што да паўстання ў Расіі ішоў вялікі працэс славянафільства. Украінцы гэтым змаглі скарыстацца і стварылі ва Украіне сотні школ з навучаннем на ўкраінскай мове. Так магло быць і ў Беларусі.

«Але пасля паўстання былі ліквідаваныя і гэтыя парасткі беларускага школьніцтва. І яшчэ ўкраінцам рыкашэтам дасталося, у іх таксама тое ўсё забралі», —

адзначае прафесар.

Вучоны звяртае ўвагу на тое, што з-за паўстання было страчана два пакаленні, пакуль ізноў зʼявілася нейкая магчымасць беларускай дзейнасці. «Можна сказаць, што ў 80-я гады ХІХ стагоддзя быў «Гоман». Але беларускія літаратары, паэты былі вымушаныя заціхнуць або былі высланыя ў Сібір. Так што паўстанне для мяне — поўная катастрофа», — гаворыць Латышонак.

На погляд гісторыка, Кастусь Каліноўскі ў першую чаргу намі паважаецца за беларускую публіцыстыку. Але яна ў тыя часы ніякага ўплыву на беларусаў не мела. Пра асобу Каліноўскага згадалі толькі ў ХХ стагоддзі, калі ўжо рух беларускі нарадзіўся і шукаў сабе ідэйных продкаў. Але ніякай пераемнасці, лічыць Латышонак, паміж Каліноўскім і беларускім нацыянальным рухам няма.

Кім нарадзіўся і кім памёр Кастусь Каліноўскі

На думку Латышонка, Кастусь Каліноўскі нарадзіўся, хутчэй за ўсё, палякам. А паміраў беларусам. «Прынамсі, так выглядае з яго пісьмаў, — кажа вучоны

і адзначае: — У «Мужыцкай праўдзе» нічога беларускага, апрача мовы, няма. Не хачу, каб мяне няправільна зразумелі, але таксама можна ўсе творы Леніна на беларускую мову перакласці і што там будзе беларускага? У «Мужыцкай праўдзе» ідэя абсалютна не беларуская. Ён не сказаў у ёй пра «мужыкоў-беларусаў». Ідэю трэба пашыраць. А калі не пашыраеш ідэю «мы — беларусы», то, значыць, няма таго пашырэння. Для мяне гэта яўна.

Кастусь Каліноўскі. Рэстаўрацыя партрэта з дапамогай нейрасетак

Кастусь Каліноўскі. Рэстаўрацыя партрэта з дапамогай нейрасетак

Але відавочна, што ў Каліноўскім адбываўся працэс выспявання. У паказаннях і мемарандуме ён дайшоў да таго, што Беларусь (ён называе яе Літвою) не мусіць быць з Польшчай. Гэта абсалютна нешта новае і супярэчнае з тым, што ён пісаў у «Лістах з-пад шыбеніцы». Хоць тут адзін час. Я думаю, што не пішуць апошняга верша для каханай дзяўчыны на чужой мове. Гэта значыць, што гэта ішло ад сэрца. Так што, я лічу, ён вельмі хутка даспяваў. І гэта вялікая страта для нас, што ён так рана загінуў».

Асоба генерал-губернатара Мураўёва

Мітрафан Доўнар-Запольскі меркаваў, што рэпрэсіі Мураўёва вызвалілі Беларусь ад значнай часткі польскага элемента і тым самым вызвалілі дарогу беларушчыне, бо аслабілі «пальшчызну».

Але Латышонак не згодны з такім поглядам.

Па словах прафесара, «Мураўёў увёў такі рэжым, што затрымаў краіну ў развіцці на пакаленні. Завялікая цана — гэтае «змаганне з пальшчызнай».

Вучоны спасылаецца на Аляксандра Цвікевіча, які піша, што змаганне з польскай шляхтай працягвалася нядоўга. Яна змагла дамовіцца. «Шляхта мусіла быць, бо Расійская Імперыя была шляхецкай імперыяй. Пра народ яны толькі агульна разважалі, але не падтрымлівалі нават гэтак званых «заходнярусаў» (бо гэта не нацыя, а палітычны напрамак). Сямашкі, Каяловічы прасілі нейкага ўплыву на справу беларушчыны. Але ім гэтага не было дадзена, — распавядае прафесар і канстатуе: — Таму я нічога добрага ў гэтым Мураўёве і дэпаланізацыі не бачу. Тым больш што гэта азначала і паніжэнне культурнага ўзроўню краін».

Чытайце яшчэ:

Шляхта ВКЛ паміж русінствам і польскасцю

Якімі рабамі гандляваў Наваградак і як на гэтым азалаціўся

Хто схаваў гісторыю Полацкай дзяржавы

1863—2023. А ці быў сэнс у тым паўстанні? І ці правільна зрабіў Каліноўскі, што адмовіўся ад эміграцыі?

Клас
37
Панылы сорам
15
Ха-ха
4
Ого
13
Сумна
10
Абуральна
22

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?