Сёння Мінздароўя адабрала ліцэнзію ў «Новага зроку». Калі справа пачыналася, медцэнтр падазравалі ў выплаце заробкаў у канвертах, але сёння чыноўнікі агучылі зусім іншыя прэтэнзіі, праз якія спынілі дзеянне ліцэнзіі.

«З мэтай увядзення ў зман таксама выкарыстоўваліся дакументы аб памяшканнях і медыцынскіх вырабах, якія не адпавядалі рэчаіснасці, аформленыя на юрыдычную асобу да яе стварэння і рэгістрацыі», — гаворыцца ў паведамленні Мінздароўя.

Кампанія ў адказ заявіла, што спыняе дзейнасць у Беларусі.

Уласнік клінікі Алег Каўрыгін даў эмацыйнае інтэрв'ю «Зеркалу», у якім прайшоўся па фактычных прэтэнзіях да кампаніі.

Раней мы ўжо падрабязна апісвалі шлях кампаніі і яе заснавальніка да топаў беларускай афтальмалогіі, а таксама прэтэнзіі, з якіх усё пачыналася. 

Чытайце таксама: Што ўяўляе сабой імперыя «Новы зрок» і ў якой схеме іх абвінаваціў ДФР

«Новы зрок» быў найбольшым гульцом на рынку афтальмалагічных паслуг Беларусі. «Ладэ» мае большыя абароты, але яна, акрамя аперацый на вачах, займаецца многімі іншымі сферамі, афтальмалогія ў ёй — не асноўная спецыялізацыя. 

«Новы зрок» — вялікая па беларускіх мерках сетка з клінікамі ў пяці гарадах: Брэсце, Гродне, Магілёве, Віцебску, Мінску. Самая вялікая клініка працавала ва ўласным будынку кампаніі ў Мінску на вуліцы Клумава. 

Заснавальнік «Новага зроку» — беларус Алег Каўрыгін. Адукацыю ён атрымліваў у Германіі і першыя свае крокі ў бізнэсе рабіў, займаючыся пастаўкамі абсталявання «Сіменс». 

Тыповы выпадак для лукашэнкаўскай Беларусі: на радзіме бізнэсмен даўно не паказваецца, у 2014 годзе на яго заводзілі крымінальную справу за нібыта кантрабанду медыцынскага абсталявання. Справа нічым не скончылася, яе закрылі, але ў Беларусь Каўрыгін не вяртаўся і вось ужо хутка 10 гадоў як жыве ў эміграцыі. 

Суразмоўцы «Нашай Нівы» лічаць, што гэта таксама адыграла ролю ва ўсім сюжэце. 

«Калі ў Каўрыгіна ў 2014-м узніклі крымінальныя праблемы і ён першы раз уцёк з Беларусі, то гэта быў ягоны адзіны цэнтр.

Але яму ўлады дапамаглі, так бы мовіць, вырасці. Ён усё зразумеў і стаў адкрывацца ў іншых краінах.

Ну і цяпер яму што ад гэтай гісторыі ў Беларусі? Ну, было і было. Зарабляў 100 рублёў, стане 80, але колькі там яму трэба і колькі тут таго жыцця. 

Я думаю, калі б ён чапляўся, то цэнтр удалося б захаваць. А так, ён ужо 10 гадоў тут не з'яўляецца, працэсы кантралюе слаба. Я думаю, нехта з ягоных менеджараў там, можа, і пачаў што муціць, а яму прыляцела. Але гэта тэарэтычна, проста нейкія схематозы ўнутры бізнэсу непазбежныя, калі ты сам там не на месцы», — мяркуе адзін з суразмоўцаў. 

«Сённяшняе ягонае рашэнне пайсці з Беларусі і інтэрв'ю ў адказ, я так разумею, эмацыйнае: «Ды пайшлі вы, мне ўсяго хапае». А што да сітуацыі, то яна такая. Сёння ў нас падрастае пакаленне новых пенсіянераў у пагонах, іншых зацікаўленых, якія кожны дзень задаюць сабе пытанне: «А чаму тут зарабляюць іншыя, а не мы?»

І калі ў цябе ўжо згубленыя сувязі ўнутры краіны, то адбіцца складана, канечне. 

Калі б у яго генерал які адстаўны працаваў у менеджарах ці міністр, які мог бы схадзіць і дамовіцца, то была б іншая гісторыя.

Не знайшлося каму за яго заступіцца. Што ты там, з-за мяжы, грошы тут зарабляеш? Прыязджай, пакажыся. Але дурных няма», — сказаў яшчэ адзін суразмоўца.

«Канечне, казаць, што ў «Новага зроку» доля 1,7% наведванняў у структуры афтальмалагічнай дапамогі ў краіне (так заявіла Мінздароўя. — «НН») — гэта трызненне. 

Зрабіць аперацыю на вочы — гэта не праверыць у кабінеце, у якім 30 гадоў не клеілі новых шпалераў, «МНК-ЫМБШ».

Гэта маніпуляцыя лічбамі, яўная хлусня, якая ставіць пад сумнеў і астатнія тэзісы. 

Але што да саміх аперацый, я не лічу, што сёння ў дзяржаўных клініках значна горш робяцца аперацыі, чым у «Новым зроку», бо па факце і там, і там працуюць адныя і тыя ж дактары, якія да абеду там, пасля — там. І на амаль такім жа абсталяванні.

Але тут іншая праблема. У дзяржаўных — заўсёды чэргі. І не толькі на аперацыі на вочы, а на любыя аперацыі. Пратэзаванне, напрыклад. У цябе ёсць выбар: або сляпым і кульгавым жыць два гады, або пайсці ў прыватную клініку і зрабіць там усё хутка і за грошы.

Фактычна, сістэма так і ўладкаваная: хто можа чакаць, той лечыцца ў дзяржавы, хто не можа чакаць — у прыватніка. Ну і тое, што яны ўдарылі па цэнтры, гэта на нейкі час разбалансуе сістэму: нехта пераплаціць, нехта даўжэй пастаіць у чарзе, нехта плюне і паедзе зробіць аперацыю ў Вільні ці Варшаве.

А потым нехта новы выкупіць тэхніку, якую ў час санкцый не вывезеш нават з краіны, таму прыйдзецца прадаваць на месцы з дысконтам, набярэ амаль тых жа самых людзей і будзе рабіць тое ж самае, напэўна, з горшым сэрвісам, таму што пабудаваць за год тое, што будавалася дзесяцігоддзямі, немагчыма», — рэзюмаваў іншы менеджар з прыватнай медыцынскай сферы. 

Дасведчаны суразмоўца сумняваецца, што персанал клінік удасца перавезці. 

«Стаць доктарам за мяжой вельмі складана. Відавочна, што калі ў цябе ёсць высокакваліфікаваныя кадры, якія не супраць пераехаць, а ты можаш іх прыкрыць: [даць магчымасць працаваць па факце, пакуль чалавек месяцамі даказвае сваю кваліфікацыю і дыпломы ў новай краіне] ў сваёй структуры на час легалізацыі, то яны гэта зробяць. Але гаворка тут, безумоўна, не пра ўвесь штат клінік, а пра нейкую вузкую праслойку высокакваліфікаваных спецыялістаў, якія ўжо з табой гады ў дарозе і якіх шкада губляць», — сказаў наш суразмоўца з медыцынскай сферы. 

Чытайце таксама:

«Тыя людзі, якія прымаюць рашэнні, самі на сабе гэта адчуюць». Заснавальнік «Новага зроку» пракаментаваў пазбаўленне медцэнтра ліцэнзіі

Мінздароўя прыпыніла ліцэнзію вядомай клінікі «Новы зрок»

Клас
13
Панылы сорам
5
Ха-ха
3
Ого
4
Сумна
21
Абуральна
69