Ці ўсё так і кепска, як падавалася на старонках беларускіх выданняў

Ад часоў Францішка Багушэвіча ў тагачаснай беларускай літаратуры мала што змянілася карэнным чынам. Менавіта ім быў створаны і сфармуляваны канон, які дзе-нідзе жывы і дагэтуль. А ў тыя часы ён меў проста магістральны кірунак — апяванне нядолі, галоты і гора простага селяніна. Такія сабе адвечныя «Песні жальбы»…

Рэдакцыя «Нашай Нівы», 1910-я гады

Рэдакцыя «Нашай Нівы», 1910-я гады

Многія з беларускіх аўтараў «нашаніўскай» пары шчыравалі тады на гэтай глебе. Пры гэтым самі далёка не заўжды былі такімі ўжо «дурнымі» мужыкамі. Вядома, шыкоўных апартаментаў і мільёнаў на ўласным рахунку яны не мелі, але разам з тым маглі сабе дазволіць весці такі-сякі багемны лад жыцця, наведваць «Чырвоны штраль» або якую яшчэ віленскую рэстарацыю.

З часам стала зразумела: праблема палягае ў тым, што не ўсё так і кепска, як часцяком падавалася на старонках беларускіх выданняў. Пэўна, гэта разумелі многія, але адкрыта прамовіць вырашаўся далёка не кожны. Да ўсяго варта трымаць у галаве той факт, што тагачасны беларускі рух быў зусім нешматлікім.

Пры наяўнасці мільёнаў людзей, якія так ці іначай асацыявалі сябе з Беларуссю, карысталіся кожны дзень беларускай мовай у побыце, рэальны актыў беларускай справы быў у тысячы разоў меншым. Фактычна адны і тыя ж людзі займаліся адразу літаратурнымі, выдавецкімі, культурніцкімі, а часам і палітычным справамі. За што ім даводзілася цярпець пераслед ад царскіх уладаў. За краты кідалі часцей за ўдзел у нелегальных сходах, як было з Якубам Коласам, чым за друкаванне беларускіх вершаў — іх проста не прапускала царская цэнзура, як было ў Янкі Купалы.

Янка Купала і Вацлаў Ластоўскі ў рэдакцыі «Нашай Нівы». Паміж 1909—1914 гадамі

Янка Купала і Вацлаў Ластоўскі ў рэдакцыі «Нашай Нівы». Паміж 1909—1914 гадамі

Атака на тагачасны беларускі літаратурны Парнас

Таму паварот да нэндзы быў у нейкім сэнсе цалкам сабе легальным спосабам падзяліцца праблемамі. Бо адна справа заклікаць да рэвалюцыі і скідання царскага самаўладдзя, а зусім іншая — апяваць занядбаны край з шэрымі хісткімі хатамі. Але вечна так цягнуцца проста не магло, нехта мусіў выступіць супраць.

Такім чалавекам стаў Вацлаў Ластоўскі, які, хаваючыся пад псеўданімам Юры Верашчака, апублікаваў на старонках «Нашай Нівы» артыкул пад назвай «Сплачывайця доўг». Гэты палемічны тэкст пабачыў свет 5 ліпеня 1913 года і сур’ёзна закранаў існуючы парадак рэчаў у тагачаснай беларушчыне.

Артыкул у «Нашай Ніве» за 5 ліпеня 1913 года

Артыкул у «Нашай Ніве» за 5 ліпеня 1913 года

У лепшых традыцыях еўрапейскай літаратуры ён адразу ж атакаваў тагачасны беларускі літаратурны Парнас. Маўляў, тыя, хто там добра ўладкаваўся, занадта шмат увагі надаюць нядобраму — пішуць пра бруд і галечу, нястачу, слабасць, а могуць замест таго апавяць аб прыгажосці і харастве роднага краю. Прычым аўтар узяў даволі рэзкі тон і абвінаваціў калег у касплеі:

«Я разумею ешчэ (ды і то з нацяжкай) енкі і плачы тых нашых бэлетрыстоў і паэтоў, каторые (цыбуляй хіба крыху паціраючы вочы) плачуць над доляй селяніна».

Акрамя таго, ён вымагаў стварэння новых арыенціраў, намякаючы на тое, што і беларусам прыйшоў час выйсці ўжо ў свет:

«Але, дзякаваць Богу, ёсць-жэ у нас ужо і імёны, каторые маюць шырокую славу ня толькі у нашай безграматнай і безінтэлігенцкай бацькоўшчыне, а і далёка па за межамі яе. Ад гэтых апошніх мы, чытаючае і думаючае беларускае грамадзянства, у праве вымагаць чагось для сваей душы, мерыць іхню творчасць меркай эўропэйскай, якую прыкладаюць усе народы на сьвеці да творчасьці сваіх прарокаў».

Нельга не аддаць належнага Ластоўскаму і ў правільным разуменні неабходнасці стварэння новай эстэтыкі.

«Маё штодзеннае жыцьцё шэрае, цяжкае і я хачу з вашых твороў навучыцца бачыць каля сябе красу, каторую, я чую, што яна ёсць, але мая душа не так чутка, каб улавіць яе», — пісаў ён.

Бо далёка не кожны творца можа пахваліцца тым, што ўмее адчуваць прыгажосць і ствараць уласныя прыклады эстэтычных сістэм. Хутчэй, наадварот — многія творцы ідуць ужо пратаптанымі сцяжынамі, паўтараючы за папярэднікамі. Так было ў многіх літаратурах, і беларуская тут зусім не выключэнне.

Хто ўдзельнічаў у палеміцы

Так ці іначай, але Власту ўдалося ўзняць непрыемныя пытанні да абмеркавання і навязаць дыскусію. У хуткім часе не толькі на старонках «Нашай Нівы», але і ў іншых тагачасных выданнях пачалі з’яўляцца лагічныя працягі размовы. Палемізавалі з Ластоўскім крытык Лявон Гмырак і пісьменнік Максім Гарэцкі, не застаўся ўбаку Змітрок Бядуля і Максім Багдановіч, які заняў бок Власта. Галоўны візаві Верашчакі ў гэтай размове так і застаўся невядомым. Падпісаў ён свой адказ даволі лаканічна — «Адзін з парнаснікаў». Прынята лічыць, што пад гэтым псеўданімам хаваўся Янка Купала, але ёсць таксама версія, што гэта мог быць сам … Вацлаў Ластоўскі.

Рэч у тым, што для яго такія фінты не былі нейкай навіной. У час працы ў «Нашай Ніве» яму нярэдка даводзілася напаўняць палосы выдання матэрыяламі, якія былі напісаныя ім самім. Проста хаця б з той прычыны, што патрэбнай колькасці аўтараў банальна не ставала. То чаму б і не распаліць палеміку, куды можна ўцягнуць іншых паэтаў і пісьменнікаў?

Самае цікавае ў гэтай падзеі тое, што добра абазнаны ў літаратуры чалавек, які шмат чытаў, Ластоўскі цудоўна адчуваў подых часу. Правакуючы размову аб літаратуры і змене падыходаў у яе стварэнні, ён, імаверна, цудоўна ўсведамляў: яна ўжо мяняецца сама сабой, бо следам за Якубам Коласам і Янкам Купалам прыйшлі ўжо іх маладзейшыя калегі — Канстанцыя Буйло і Максім Багдановіч.

Яскравае падцвярджэнне гэтаму яшчэ адзін ягоны артыкул — «Па сваім шляху!», які пабачыў свет у лютым 1914 года. Там ужо аўтар займаў абсалютна іншую пазіцыю: беларусы даюць свету добрыя ўзоры мастацтва, але гэтага будзе замала. Маўляў, трэба імкнуцца да таго, каб беларуская літаратура, а шырэй і культура, зрабілася трэндавай. Ну і, вядома, беларускім аўтарам трэба прыкласці максімальныя высілкі для ўвасаблення гэтага.

Прыклад залатой сярэдзіны ад Ластоўскага

Хіба за нейкія паўгода нешта магло істотна змяніцца? Вядома, што не. Кардынальныя перамены не робяцца за месяц, квартал ці нават год. Проста аўтар гэтага палемічнага тэксту, хутчэй за ўсё, быў чалавекам дальнабачным і ўмеў пралічваць наперад свае крокі і рэакцыю на іх.

Вацлаў Ластоўскі ў рэдакцыі «Нашай Нівы». Вільня, 1914 год

Вацлаў Ластоўскі ў рэдакцыі «Нашай Нівы». Вільня, 1914 год

Раскручваючы тэму для роздуму, Ластоўскі здолеў захаваць добры баланс, які даволі рэдкі для такіх спраў: з аднаго боку, ягоны тэкст меў іранічны і нават з’едлівы характар, а з іншага — ягоныя ўшчуванні не былі крытычнымі, адпаведна, не маглі прывесці да нейкіх фатальных наступстваў. Скажам, каб пісьменнікі ў выніку на ўсё жыццё перасварыліся між сабою і спынілі любыя стасункі.

Наступнае пакаленне літаратараў, галоўным чынам «маладнякоўцаў», будзе ўжо «брацца ў рожкі» з класікамі больш сур’ёзна і зацята. Але там будзе свая неразвязаная дылема: з аднаго боку, яны будуць дакараць папярэднікаў тым, што тыя былі надта ўжо плаксівыя, а з іншага — будуць самі ў вядомым сэнсе канфармістамі — апяваць шчаслівую рэчаіснасць і светлую будучыню, што было найперш сацыяльным заказам зверху.

Дыскусія, якую распачаў Вацлаў Ластоўскі на старонках «Нашай Нівы» ў 1913 годзе — гэта добры прыклад залатой сярэдзіны. З аднаго боку, ён прымусіў творцаў задумацца над тым, што і для чаго яны ствараюць, а з іншага — так і не выйшаў за межы прыстойнасці, захоўваючы прыязнасць.

Чытайце таксама:

Адрасы рэдакцый і любімая кавярня Купалы. Гід па віленскіх месцах «Нашай Нівы» ШМАТ ФОТА

«У мэтах адарвання ад Расіі». Царская Расія ці лукашэнкаўская РБ: дзе «Нашай Ніве» працавалася лягчэй

Клас
15
Панылы сорам
1
Ха-ха
0
Ого
1
Сумна
1
Абуральна
1