Ніка Гварамія. Фота з Вікіпедыі

Ніка Гварамія. Фота з Вікіпедыі

Прэзідэнт Грузіі Саламэ Зурабішвілі памілавала гендырэктара апазіцыйнага тэлеканала «Мтавары архі» і аднаго з самых зацятых крытыкаў кіроўнай партыі і ўрада Ніку Гварамія, як піша Бі-бі-сі.

«Сёння [22 чэрвеня] я падпісала акт аб памілаванні Нікалаза (Нікі) Гварамія. Я прыняла гэтае рашэнне пасля таго, як 19 чэрвеня былі вычарпаныя ўсе прававыя стадыі, калі Вярхоўны суд не прыняў да разгляду касацыйны пазоў. Я не збіраюся даваць нейкія тлумачэнні наконт гэтага рашэння, гэта маё аднамернае права [права дзейнічаць па ўласным меркаванні], якім я сёння скарысталася», — сказала Саламэ Зурабішвілі ў чацвер на спецыяльна скліканым брыфінгу.

Саламэ Зурабішвілі была абраная ў 2018 годзе пры падтрымцы кіроўнай партыі «Грузінская мара», але часта выступае і дзейнічае насуперак іх пазіцыі.

Пасля заявы прэзідэнта ля турмы ў горадзе Руставі сталі збірацца калегі, палітыкі і блізкія Гварамія.

Сам Гварамія, які правёў за кратамі больш за год, з шырокай усмешкай і невялікім пакетам у руцэ выйшаў з брамы турмы праз тры гадзіны пасля заявы прэзідэнта пра яго памілаванне. Яго сустрэлі на выхадзе бурнымі апладысментамі.

«Я, шчыра кажучы, не чакаў гэтага рашэння і не быў гатовы да гэтага, — сказаў ён журналістам. — Хачу пракаментаваць заяву, якую зрабіла сёння Саламэ Зурабішвілі. Я думаю, яна зрабіла гэта не для мяне, а для сваёй краіны, прэзідэнтам якой яна ёсць».

Ён не прасіў аб памілаванні, бо не лічыў і не лічыць сябе вінаватым. Гварамія заклікаў Зурабішвілі вызваліць з-за кратаў таксама экс-прэзідэнта Грузіі, цяпер зняволенага Міхаіла Саакашвілі.

Палітыка і правасуддзе

Тбіліскі гарадскі суд прысудзіў Гварамія да трох з паловай года пазбаўлення волі па артыкуле аб злоўжыванні паўнамоцтвамі ў маі мінулага года.

Абвінавачванні тычыліся перыяду, калі Гварамія быў дырэктарам тэлеканала «Руставі-2». Тэлеканал у 2019 годзе пасля працяглай судовай спрэчкі быў перададзены аднаму з былых уладальнікаў.

Пасля гэтага Гварамія стаў сузаснавальнікам і кіраўніком новага тэлеканала «Мтавары архі». Тэлеканал, куды перайшла частка былых супрацоўнікаў «Руставі-2», рэзка крытыкаваў улады.

Юрыст з адукацыі, Гварамія быў адным з адвакатаў экс-прэзідэнта Саакашвілі.

Праваабарончыя арганізацыі, у тым ліку міжнародныя, заяўлялі, што Гварамія асуджаны па палітычных матывах.

Некаторыя апазіцыянеры звярталі ўвагу і на тое, што прысуд, які не застаўся па-за ўвагай заходніх партнёраў Грузіі, быў вынесены грузінскім судом напярэдадні пастановы аб наданні Грузіі статусу кандыдата ў ЕС.

Грузія, у адрозненне ад Малдовы і Украіны, летам мінулага года не атрымала статус кандыдата ў ЕС — замест гэтага ЕС прапанаваў ёй выканаць 12 рэкамендацый, каб атрымаць гэты статус.

Рашэнне аб памілаванні Нікі Гварамія ўжо віталі некаторыя праваабаронцы і журналісты.

Клас
8
Панылы сорам
0
Ха-ха
1
Ого
1
Сумна
1
Абуральна
0