Акно камеры №97 на Валадарцы. Малюнак Алега Груздзіловіча

Эйджызм у калёніі

Да зьняволеньня думаў, што ўсе асуджаныя за кратамі маюць мянушкі, якія становяцца іх новымі імёнамі. Але гэта праўда толькі напалову. Шмат хто сапраўды мае мянушкі, прычым даволі сьмешныя і дзіўныя. Некаторыя заяжджаюць у калёнію ўжо зь мянушкай, атрыманай яшчэ на волі ад сяброў.

Зьявіўся ў нашай камэры ў СІЗА хлопец. Імя чалавечае ёсьць, а назваўся Агурчыкам. Усім сьмешна, яму таксама. Пытаюся, ці ня крыўдна табе? Так, крыху ёсьць, адказвае, мянушку атрымаў у дзіцячым доме, дык ужо прызвычаіўся і згодны, што панясе, мабыць, гэтае імя праз усё жыцьцё.

Другому хлопцу ўжо ў СІЗА далі мянушку Шлёмка. Так на турэмным жаргоне завецца алюмініевая міска. Хлопец аднойчы надрапаў на ёй нейкі надпіс, і ў выніку да яго прыклеілася такая крыўдная мянушка. Якой ён, дарэчы, ня быў рады і прасіў называць яго па імені. У камэры да просьбы прыслухаліся, Шлёмкам хлопца называлі адзінкі і то зрэдку.

То-бок я пра тое, што калі асуджаны супраць мянушкі, якая яму дасталася ад калег па няшчасьці, дык гэтаму можна працівіцца. І пасьпяхова. Унутраныя турэмныя законы такі супраціў дазваляюць. Трэба толькі быць настойлівым, прапаноўваць называць цябе па імені ці прозьвішчы, не адгукацца на мянушку і не баяцца праз гэта ісьці нават на жорсткі канфлікт. У выніку абавязкова прагучыць: «Добра, я цябе пачуў». У перакладзе з зэкаўскай мовы гэта азначае, што з табой пагадзіліся і абавязваюцца выправіцца.

Ну, а хто згодны зь мянушкай, той застанецца да канца тэрміну Барбосам, ці Чукчам, ці яшчэ некім, як было ў нашым атрадзе. Чалавеку пад пяцьдзясят гадоў, а навакольныя ўсё будуць дражніць яго, як сабачку.

У асобным становішчы людзі старэйшага веку. Гэтым маладзейшыя зэкі адразу прыклейваюць мянушкі «дзед» ці «стары», і змагацца з такой практыкай надта цяжка. Бо гэта нават не мянушкі, а такая форма звароту. «Дзед, ты чаго тут стаў?», «Стары, а цябе за што пасадзілі?» — чуеш у першыя дні з усіх бакоў. Аднак дрэнна тое, што калі пакінуць справу без рэагаваньня, дык хутка станеш «дзедам» і для сяброў, а тваё сапраўднае імя стане непатрэбным.

Асуджанаму ж вельмі важна захаваць сваё «я», сваю індывідуальнасьць, якая пачынаецца з імя, дадзенага бацькамі, а не сукамэрнікамі. Мяркую, толькі так можна захаваць пачуцьцё годнасьці, а зь ім, адпаведна, павагу да цябе звонку. У тым ліку і з боку турэмнікаў.

Змагаюся зь «дзедам»

За краты я трапіў у 63 гады, і зь «дзядоўствам» давялося змагацца літаральна ва ўсіх вязьніцах. На Акрэсьціна, на «Валадарцы», потым у магілёўскай Т-4 і ў калёніі № 15 — адно і тое ж. Паўсюль знаходзіўся маладзён, які вымяраў аўтарытэт найперш фізычнай сілай і для якога ўдвая старэйшы чалавек — значыць удвая слабейшы. А калі ты старэйшы ўтрая, дык з табой увогуле ня варта лічыцца. Ты — «цьфу», заткніся і маўчы. У крайнім выпадку скажа з падзелам на склады: «Дзя-ду-ля».

На «Валадарцы» давялося такому «ўнучку» паабяцаць пераканаўчым тонам, што наступным разам «конаўка прыляціць яму ў галаву», каб адразу дайшло. На гэтым нашы «сваяцкія адносіны» скончыліся.

У магілёўскім ізалятары сытуацыя паўтарылася, зноў давялося паўдзельнічаць у абмене рэплікамі. «Унучак» зь імем Васіль сам быў з майго роднага гораду Маладэчна, але гэта мяне не спыніла. Праўда, Васіль аказаўся больш адэкватны, да таго ж зь веданьнем турэмнага «кодэксу». «Добра, я цябе пачуў», — сказаў хлопец па выніку дыскусіі аб ужываньні мянушкі «стары», і больш да гэтай тэмы мы не вярталіся.

Збольшага для камэры Васіль быў проста скарбам! Пазьней ён вельмі падрабязна, з прыкладамі і парадамі тлумачыў нам, як трэба сябе паводзіць у калёніі, чаго баяцца, а чаго, наадварот, не баяцца. Ягоны першы ўрок быў пра тое, што свае правы, свой гонар трэба не баяцца адстойваць.

Але спачатку скажу, што азначае для беларускага арыштанта другі СІЗА. У першым ты сядзіш падчас сьледзтва і суду. Калі прысуд вынесены, цябе адпраўляюць у другі СІЗА, звычайна бліжэй да тваёй будучай калёніі, дзе будзеш чакаць апэляцыі. А ўжо калі пройдзе апэляцыя, якая ў Беларусі ў 99% выпадкаў заканчваецца пацьвярджэньнем прысуду, вось адтуль ты паедзеш адразу ў калёнію. І гэтага моманту, вядома, усе чакаюць зь вялікім хваляваньнем, за якім хаваецца пэўная боязь. Што цалкам натуральна, бо да ўмоваў сьледчага ізалятара чалавек ужо прызвычаіўся, а вось што будзе ў калёніі — для ўсіх загадка. І для камэры добра, калі знаходзіцца сукамэрнік, які ўжо пабываў у калёніі і можа да яе падрыхтаваць.

Якія яшчэ парады мы пачулі ад Васіля?

Быць карысным

Важным урокам было такое правіла: трэба быць карысным для людзей, якія вакол цябе. І тут якраз неістотна, якога ты веку ці якой нацыянальнасьці, зямляк ты ці ўвогуле зь іншай краіны, якую маеш мянушку. Але што значыць быць карысным?

У адносінах з суседзямі па нарах, па стале, на працы — аказваць дапамогу, не «хамячыць» — дзяліцца цыгарэтамі, прадуктамі, бытавымі рэчамі, асабліва калі маеш нейкі лішак гэтага дабра. Дарэчы, у гэтым навічка правераць «на вошы» вельмі хутка. Падыдзе сусед па «хаце», папросіць канвэрт, альбо новыя шкарпэткі, альбо папросіць гарбаты, кавы, прыправы да кашы. Адмовіш раз, другі, і ўсё — ты ўжо запісаны ў жмінды, а з такім ніхто па-сапраўднаму сябраваць ня стане.

У магілёўскай турме з намі сядзеў Юры, былы забесьпячэнец на вядомым абаронным прадпрыемстве, які ў турму трапіў за хабарніцтва. Мужчына быў мажны, з волі рэгулярна атрымліваў перадачкі. Уласнымі харчамі сілкаваўся толькі на сваім ложку, да агульнага стала не падсаджваўся і тым, што захоўваў у торбе пад нарамі, ні з кім не дзяліўся. Калі на ноч і выкладваў уласную нарэзку на падваконьне, дзе трымалі так званы «абшчак», дык раніцай забіраў — а раптам што скрадуць? У размовах з сукамэрнікамі былы забесьпячэнец сваё меркаваньне старанна хаваў. «А што, я ня супраць. Я нічога», — пасьміхаючыся, казаў Юры, калі заходзіла пра палітыку.

Праўда, ад удзелу ў агульных справах, як штодзённая прыборка ў камэры ці суботнік, Юры не ўхіляўся.

У камэрах магілёўскага ізалятара, як і на «Валадарцы», штодня прызначаліся новыя дзяжурныя, у абавязкі якіх уваходзіла ня толькі прыбіраць падлогу тры разы на дзень, але і рыхтавацца да прыёму ежы: нарэзаць ніткай хлеб, памыць лыжкі, прыбраць са стала, як усе паядуць. У магілёўскай Т-4 мне давялося пасядзець у трох камэрах, 23-й, 17-й і 16-й, і паўсюль двум прызначаным дзяжурным браліся дапамагчы яшчэ два-тры добраахвотнікі. Іх ніхто не прымушаў, не прасіў, не кантраляваў. Самі далучаліся, у тым ліку да прыборкі санвузла. Юры і ў гэтым удзельнічаў, не цураўся. Правіла «быць карысным» засвоіў моцна, і гэта, відаць, дапамагае яму ў калёніі, дзе жміндаў усё ж не паважаюць.

Чытайце таксама:

«Сярод новых знаёмых аказалася некалькі забойцаў». Пра турэмныя парадкі і розныя катэгорыі зняволеных піша Алег Груздзіловіч

«Вітаем у пекле!» Журналіст Алег Груздзіловіч расказаў пра свой досвед у ШІЗА і растлумачыў, чым ён розніцца ад карцара

«Некаторыя моманты ўсплывалі ў галаве, як у кіно». Алег Груздзіловіч — пра сваю кнігу аб дзевяці месяцах у няволі

Як схуднець да непазнавальнасці. Пра харчаванне ў зняволенні піша Алег Груздзіловіч

Стукацтва пачынаецца на волі

«А, патрыёт, радзіму любіш? Ну паглядзім»

Клас
2
Панылы сорам
1
Ха-ха
0
Ого
1
Сумна
4
Абуральна
4