Фота: vecteezy / andrewangelo

Фота: vecteezy / andrewangelo

Французскі ўрад хоча абмежаваць доступ да сайтаў для дарослых, каб абараніць дзяцей ад непажаданага кантэнту. Для гэтага ён патрабуе ад такіх інтэрнэт-платформаў увесці сістэму праверкі ўзросту. Калі сайты не зробяць гэтага, яны могуць быць заблакаваныя судом ці рэгулятарам.

Але, як адзначае Le Monde, палітычная воля ўпіраецца ў сцяну тэхнічных праблем.

З тым самым сутыкнуліся ў Вялікабрытаніі, дзе некалькі ўрадаў пачынаючы з 2017 года спрабавалі рэалізаваць падобную ідэю. Нягледзячы на поўны палітычны кансэнсус у дачыненні да ўвядзення блакавання парнаграфічных сайтаў для непаўналетніх, праект абмяркоўваўся чатыры гады, і гэтае абмеркаванне нічым не скончылася.

З тым самым сутыкнулася і Германія.

Сапраўды, як вызначыць узрост інтэрнэт-карыстальнікаў і пры гэтым не парушыць іх ананімнасць?

Як піша Le Monde, вызначыць узрост без ідэнтыфікацыі асобы немагчыма. Карыстальнікі не будуць паказваць порнасайтам копію пашпарта. 

Адзінае рашэнне — працэдура «двайной ананімнасці», у якой удзельнічае «давераная асоба», якая правярае, што чалавек сапраўды паўналетні, і перадае гэтую інфармацыю порнасайту, напрыклад, з дапамогай кода, не раскрываючы яго асобу.

Журналісты згадваюць, што ў Вялікабрытаніі было разгледжана паўтузіна такіх рашэнняў. Адзін з праектаў планаваў продаж «кодаў доступу», якія пацвярджаюць паўналецце асобы, у крамах або ў праграме, што скануе ваш твар, каб вызначыць, непаўналетні вы ці дарослы.

Адзін з самых паспяховых інструментаў нават прапанавала холдынгавая кампанія MindGeek, якая кіруе многімі папулярнымі бясплатнымі парнаграфічнымі вэб-сайтамі, а таксама кампаніямі па вытворчасці парнаграфічных фільмаў.

Выданне цытуе справаздачу Цэнтра лічбавай экспертызы пры ўрадзе Францыі:

«З праведзенага аналізу розных існых метадаў праверкі вынікае, што ніводны з іх не можа лічыцца адначасова эфектыўным, цалкам празрыстым для карыстальніка, мець малую ступень умяшальніцтва ў прыватнасць і быць даступным для ўсіх, хоць некаторыя здаюцца лепшымі за іншыя».

Спецыялісты па гэтым пытанні таксама адзначаюць, як піша Le Monde, што магчымае фільтраванне порнасайтаў будзе лёгка абысці. У некалькі клікаў віртуальная прыватная сетка (VPN) дазваляе падключацца да інтэрнэту з іншай краіны і такім чынам пазбегнуць блакавання.

Журналісты заўважаюць, што гэта нагадвае сітуацыю з французскім законам Hadopi (2009 года), які павінен быў змагацца з нелегальнымі спампоўкамі музыкі і фільмаў, але аказаўся неэфектыўным, таму што інтэрнэт-карыстальнікі знайшлі іншыя спосабы атрымліваць кантэнт без аплаты.

Пірацкія інструменты для спампоўкі, якія пераважалі ў той час і добра паддаваліся кантролю, замянілі новымі сэрвісамі, якія стала складаней кантраляваць. У той жа час зніжэнне пірацтва звязваюць найперш з развіццём такіх недарагіх платформаў, як Spotify, Deezer ці Netflix.

Як піша «Монд», праблема не толькі ў парнаграфіі. 

Журналісты нагадваюць, што ў Францыі, як і ў Вялікабрытаніі, рэгулярна вяртаюцца да іншай ідэі: распрацоўшчыкі абароненых месенджараў павінны даваць сваім карыстальнікам зашыфраваныя каналы камунікацыі, але пры патрэбе дазваляць доступ да зместу паведамленняў дзяржаўным органам (у выпадку барацьбы з тэрарызмам, кібермахлярствам, педафіліяй і г.д.).

Гэтае патрабаванне ўтрымліваецца ў новым англійскім законапраекце аб бяспецы ў інтэрнэце, які скіраваны на процідзеянне распаўсюду дзіцячай парнаграфіі.

«Людзі, якія стаяць за гэтым законапраектам, кажуць, што прызнаюць важнасць шыфравання і канфідэнцыйнасці, але пераконваюць, што можна адсочваць паведамленні без шкоды для скразнога шыфравання. Між тым гэта немагчыма»,

— цытуе французскае выданне адкрыты ліст кіраўнікоў WhatsApp (група Meta).

Le Monde звяртае ўвагу на тое, што акрамя тэхнічных цяжкасцяў, такія законапраекты не могуць быць эфектыўна выкарыстаныя, бо сутыкаюцца з палітычнымі перашкодамі. Большасць карыстальнікаў порнасайтаў — дарослыя, адпаведна, яны галасуюць і не падтрымліваюць празмерных абмежаванняў.

Чытайце яшчэ:

Netflix тэстуе гульні на тэлевізары, якія могуць выкарыстоўваць тэлефоны ў якасці кантролераў

Порна ў розных краінах Еўропы: у чым адрозненне

Што парнаграфія робіць з дзіцячым мозгам і як зрабіць, каб яна не трапляла да падлеткаў

Клас
3
Панылы сорам
2
Ха-ха
5
Ого
2
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?