Fake News Несапраўдныя навіны Ложные новости

Ілюстрацыйнае фота. https://www.vecteezy.com

Сутнасць аперацыі заключалася ў стварэнні інтэрнэт-старонак дзяржаўных органаў і медыя, якія дакладна паўтараюць афіцыйныя. Пры гэтым на іх размяшчаецца непраўдзівая інфармацыя і артыкулы.

Як адзначае Le Monde, сярод пацярпелых большасць буйных нямецкіх медыя, такія французскія выданні, як Le Parisien і 20 Minutes, а таксама Le Monde. Падобныя падробкі заўважылі і ва Украіне, Італіі і Вялікабрытаніі.

Як адзначае выданне, нядаўна злачынцы размясцілі ў інтэрнэце «двайнік» старонкі Міністэрства Еўропы і замежных спраў Францыі, які графічным дызайнам, лагатыпам і спасылкамі на афіцыйныя ўліковыя запісы міністэрства ў сацыяльных сетках выглядаў як афіцыйны сайт.

На ім размясцілі прэс-рэліз, падобны да тых, што французскае міністэрства друкуе кожны дзень. Але вось інфармацыя ў ім не адпавядала рэчаіснасці. У «дакуменце» ўтрымлівалася інфармацыя аб увядзенні падатку ў памеры 1,5% на «кожную грашовую аперацыю» для фінансавання ваеннай падтрымкі Украіны.

Падробленая старонка сайта МЗС Францыі Fake site of the french Ministry of Foreign Affairs Ложная страница МИД Франции

Падробленая старонка сайта Міністэрства Еўропы і замежных справаў Францыі з паведамленнем аб увядзенні падатку ў памеры 1,5% на «кожную грашовую аперацыю» для фінансавання ваеннай падтрымкі Украіны. Фота: Le Monde

Як піша Le Monde, змест артыкулаў на старонках-двайніках медыя мае мэту ўсхвалення Расіі, пашырэння прарасійскіх настрояў і дыскрэдытацыю падтрымкі Украіны краінамі Захаду.

У аўторак, 13 чэрвеня, МЗС Францыі выступіла з заявай, у якой абвінаваціла Расію ў шырокай і дасканалай аперацыі па дэзынфармацыі.

«Расследаванне, праведзенае Viginum [арганізацыя, якая займаецца супрацьдзеяннем аперацыям уплыву], выявіла шматлікія элементы, якія сведчаць аб датычнасці рускіх ці рускамоўных асобаў і шматлікіх расійскіх арганізацый да рэалізацыі і правядзення кампаніі»,

— цытуе Le Monde прэс-рэліз МЗС Францыі.

У ім таксама адзначаецца, што МЗС Францыі бачыць у гэтым

«новую ілюстрацыю гібрыднай стратэгіі, якую рэалізуе Расія з мэтай падрыву ўмоваў для мірных дэмакратычных дэбатаў і, адпаведна, падрыву нашых дэмакратычных інстытутаў».

МЗС заявіла, што збіраецца правесці кансультацыі па гэтым пытанні з зацікаўленымі краінамі, у тым ліку з Германіяй.

Le Monde нагадвае, што ў канцы 2022 года пасля расследаванняў, якія правялі прадстаўнікі нямецкай прэсы і такія няўрадавыя арганізацыі, як EU DisinfoLab і Qurium, кампанія Meta выдаліла больш за 1600 уліковых запісаў і 700 старонак-двайнікоў.

«Гэта была найбуйнейшая і найскладанейшая расійская аперацыя з пачатку вайны ва Украіне з незвычайным спалучэннем вытанчанасці і грубай сілы»,

— цытуе выданне справаздачу Meta за верасень 2022 года.

Аднак, як адзначае Le Monde, і праз шэсць месяцаў аперацыя «Двайнік» працягвае дзейнічаць, дэманструючы рост тэхнічнай складанасці і дасканаласці. Яна нават пашырыла сваю дзейнасць, стварыўшы фальшывыя старонкі МЗС Францыі, Міністэрства унутраных спраў Германіі. Цяпер аперацыя закранула нават медыя Ізраіля.

У Генеральным сакратарыяце абароны і нацыянальнай бяспекі (SGDSN) выданню гэта пракаментавалі так:

«Добра спланаваная аперацыя, якую правялі людзі, што доўга і ўпарта абдумвалі тое, што яны робяць. Людзі, якія фінансуюць гэтыя аперацыі, падобна, лічаць, што гэта таго вартае».

SGDSN таксама звяртае ўвагу на датычнасць да аперацыі расійскай дыпламатычнай сеткі, якая рэтранслюе фэйкавыя публікацыі праз свае акаўнты, напрыклад, у Twitter ці Telegram.

Le Monde адзначае, што ў рамках аперацыі «Двайнік» былі створаныя асобныя сродкі масавай аперацыі. Напрыклад, сайт Reliable Recent News (RRN). На ім штодзённа друкуюцца артыкулы на некалькіх мовах.

Reliable Recent News

Стартавая старонка сайта Reliable Recent News, створанага для дыскрэдытацыі Украіны і краін Захаду

Гэты сайт, адзначае выданне, раней называўся Reliable Russian News і ў канцы 2022 года быў вызначаны Meta як ключавы элемент інфраструктуры «Двайніка». Ён пазіцыянуе сябе як «некамерцыйны інфармацыйны партал з офісамі ў Германіі, Італіі, Іспаніі і Сербіі», але ніколі не раскрываў асобаў сваіх стваральнікаў і журналістаў.

На сайце сярод іншага выкладаюцца відэа, на якіх французаў, немцаў, палякаў ці нават амерыканцаў распытваюць пра вайну ва Украіне. Зразумела, што ўсе яны крытыкуюць падтрымку Кіева Захадам.

Выданне сцвярджае, што выявіла фэйкавую няўрадавую арганізацыю па абароне прыватнага жыцця Facts Matter, якую стварылі ў рамках аперацыі «Двайнік». Нядаўна на сайце арганізацыі з'явілася публікацыя, у якой ЗША і Apple абвінавачваліся ў правядзенні маштабнай кампаніі сачэння за тэлефонамі расійскіх дыпламатаў.

Le Monde заўважае, што навіны сайта Facts Matter цытуюцца двума дзіўнымі навіннымі сайтамі — La Virgule и France et EU. Іх стварылі ў адзін і той жа час, а размяшчаюцца яны на тых самых серверах, дзе і іншыя фальшыўкі «Двайніка».

Як сцвярджае выданне, у ходзе расследаванняў, якія правялі дзяржаўныя службы Францыі, удалося выявіць і іншыя франкамоўныя інфармацыйныя сайты, такія як Notrepays.today, Candidat.news, Allons-y.social, таксама створаныя ў рамках «Двайніка».

Выданне задаецца пытаннем, хто мог стварыць такую складаную і грувасткую структуру. У якасці адказу яно адзначае, што ў снежні 2022 года кампанія Meta асудзіла дзве расійскія камунікацыйныя кампаніі — «Структура» і «Агенцтва сацыяльнага дызайну», — якія ў асноўным працуюць на расійскія дзяржаўныя органы, уключаючы Міністэрства ўнутраных спраў і Дзяржаўную думу.

Le Monde адзначае, што аперацыя «Двайнік» мае таксама ўнутраную мэту. Шмат якія матэрыялы, якія ствараліся ў межах аперацыі, амаль адначасова з замежнымі рэтранслявалі і рускамоўныя каналы ў Telegram.

Іх змест у асноўным быў скіраваны на тое, каб «даказаць» неэфектыўнасць санкцый супраць Расіі ці каб запэўніць насельніцтва Расіі ў тым, што еўрапейцы адмаўляюцца падтрымліваць Украіну і збіраюцца паўстаць супраць сваіх лідараў.

Пра гэта сведчыць той факт, што паведамленне на фэйкавай старонцы МЗС Францыі спачатку было рэтрансляванае як мінімум у трох рускамоўных і пракрамлёўскіх Telegram-каналах пачынаючы з 26 мая. А першая рэкламная публікацыя, скіраваная на яго распаўсюджанне ў Францыі, з'явілася 1 чэрвеня.

Le Monde заўважае, што людзі, якія стаяць за «Двайніком», здаецца, не збіраюцца спыняцца. Усяго праз некалькі хвілін пасля публікацыі прэс-рэліза МЗС Францыі, які асудзіў гэтую аперацыю, была апублікаваная новая хваля фальшывых дакументаў. На гэты раз ад імя Міністэрства ўнутраных спраў Францыі з папярэджаннем аб «новым спосабе махлярства», якое здзяйсняецца «мігрантамі і бежанцамі, часта з Украіны».

фальшывае папярэджанне ад імя Міністэрства унутраных справаў Францыі A false warning on behalf of the French Ministry of the Interior Фальшивое предумпреждение от имени Министерства внутренних дел Франции

Фальшывае папярэджанне ад імя Міністэрства ўнутраных спраў Францыі. Фота: Le Monde

Чытайце яшчэ:

Расійскія гастралёры інсцэніруюць антыўкраінскія мітынгі ў Еўропе — Le Monde

Рэкламнае агенцтва з расійскімі сувязямі прапаноўвала грошы вядомым блогерам, каб яны раскрытыкавалі вакцыну Pfizer

«Поўны фэйк». Міністр адукацыі пахваліўся поспехамі на цэнтралізаваным экзамене і не прызнаў ані найменшых праблем

Клас
3
Панылы сорам
5
Ха-ха
2
Ого
2
Сумна
2
Абуральна
25

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?