Шэраг беларускіх грамадскіх ініцыятыў ставяць задачу стварыць універсітэт у сферы нефармальнай адукацыі.

Пра гэта паведаміла эксперт Агенцтва гуманітарных тэхналогій Святлана Мацкевіч на пасяджэнні круглага стала ў Мінску 22 верасня. Мерапрыемства праходзіць у рамках Тыдня нефармальнай адукацыі — 2009.

На думку Мацкевіч, ліквідаваць прабелы сістэма дзяржаўнай адукацыі не ў стане як па рэсурсных, так і ідэалагічных прычынах. Таму неабходная новая навучальная ўстанова.

«Стварэнне такой навучальнай установы з’яўляецца настолькі глабальнай задачай, што вырашыць яе сіламі малых раз’яднаных груп трэцяга сектара нерэальна. Патрабуецца аб’яднанне многіх суб’ектаў адукацыі, устанаўленне партнёрскіх адносінаў як з замежнымі інвестарамі і універсітэтамі, так і пошук унутраных рэсурсаў»
, — заявіла эксперт.

Былы прарэктар Еўрапейскага гуманітарнага універсітэта (Вільня) прафесар Уладзімір Дунаеў адзначыў, што такі універсітэт мог бы знайсці сваё месца ў нацыянальнай сістэме адукацыі і пры пэўных умовах дабіцца эканамічнай эфектыўнасці. Ён падкрэсліў, што стварэнне навучальнай установы з’яўляецца вельмі затратным мерапрыемствам. На думку Дунаева, перспектыўным рынкам адукацыйных паслуг можа стаць электроннае навучанне, якое ў Беларусі «знаходзіцца на засмучальна нізкім узроўні». Менш чым 1% студэнтаў вучацца праз электронную дыстанцыйную адукацыю.

Вызначальным рэсурсам развіцця для незалежнай ВНУ магла б стаць беларускамоўная адукацыя, лічыць Дунаеў. Ён падкрэсліў, што гэтая ніша застаецца пустой, нягледзячы на даволі выражаную грамадскую патрэбу ў такой ВНУ.
Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?