Якія навіны ў індустрыі?
▪️ 2 верасня быў затрыманы дыджэй Аляксандр Багданаў, больш вядомы як Papa Bo.
Яго затрымалі ў культурным цэнтры «Корпус», разам са сцэнографам Максімам Круком і арганізатаркай імпрэз Лізаветай Неўмяржыцкай.
Спачатку ўсім траім прысудзілі суткі, але па іх сканчэнні Багданаў і Крук на волю не выйшлі. Праваабаронцы прызналі іх палітвязнямі.
▪️ У кастрычніку па БТ пачаўся паказ беларускага «X-фактара».
У нашым артыкуле, які мы зрабілі разам з экспертам Сяргеем Будкіным, сфармулявалі галоўныя пытанні да рэалізацыі Белтэлерадыёкампаніі.
▪️ Беларусь зноў прапусціць «Еўрабачанне».
У спісе краін-удзельніц папулярнага конкурсу Беларусі няма. Нагадаем, сёлета БТ хацела накіраваць на конкурс гурт «Галасы ЗМеста», але Еўрапейскі вяшчальны саюз забаніў абедзве версіі конкурснай песні. А пасля і БТ выключылі з Еўрапейскага вяшчальнага саюза.
▪️ 29 кастрычніка 3 гады хіміі атрымаў дудар Зміцер Шыманскі, удзельнік гурта «Яварына».
Яго разам з удзельнікамі гурта Irdorath затрымалі 3 жніўня. Пасля суда Шыманскі з'ехаў з Беларусі.
«Я тэлепартаваўся з Беларусі». Асуджаны на «хімію» музыка і палітвязень пра Валадарку, прысуд і пабег з краіны
▪️ 17 лістапада памёр Сяргей Філімонаў, аўтар і вядучы вядомай перадачы «Відзьмо-невідзьмо».
Праграма з'явілася на БТ у 1992 годзе. У ёй расказвалася пра сусветны шоу-бізнэс, навінкі кіно і музыкі. Філімонаву было 62 гады.
10 альбомаў і сінглаў восені
Хочам адзначыць 10 рэлізаў, якія пабачылі свет у папярэднія тры месяцы. Сярод іх як доўгачаканыя навінкі топаў, так і цікавыя дэбютнікі.
Pomidor/OFF — Разьвітаньне з радзімай
Да гадавіны Ночы расстраляных паэтаў Аляксандр Памідораў выдаў сінгл з дзвюх песень. Выданне стала магчымым пры падтрымцы Беларускай рады культуры.
Bez.not — Не рви нервы
Як характарызуюць альбом музыкі, «Не рви нервы» — гэта вінегрэт эмоцый, якія спелі дзесьці на завуголлі падсвядомасці вельмі доўга і, нарэшце, дачакаліся свайго нараджэння.
NAVIBAND — Однажды
У пачатку восені адзін з найбольш вядомых беларускіх поп-гуртоў парадаваў сваіх прыхільнікаў новым пазітыўным сінглам.
Петля Пристрастия — Не тот человек
«Галоўнай тэмай альбома з’яўляецца тэма развітання і вечнай разлукі з сабой ранейшым, са старым светам, са здароўем, у некаторым сэнсе, а таксама з усімі, для каго падарожжа скончылася. Мы запісалі гэта ў дастаткова складаных умовах і фізічнага, і псіхалагічнага характару, цяпер рады падзяліцца сваёй маленькай перамогай. Пачастуйцеся пладамі беларускай восені, якія забрадзілі», — піша група пра навінку.
Polyn — Ледокол
Polyn — гэта прыклад айчыннага супергурта, у які ўвайшлі вядомыя музыкі: Аляксей Ванчук ды Сяргей Краўчанка з Port Mone, а таксама Ілля Чарапко-Самахвалаў з ужо згаданай вышэй «Петли Пристрастия».
«Ледокол» — гэта халодная гісторыя аб алкагольнай залежнасці і ўнутранай самаізаляцыі, якая дакладна трапляе ў адчуванне сённяшняга дня.
Бяз Назвы — Маякі
Гурт Алеся Лютыча апублікаваў сінгл «Маякі» пра надзеі і святло, пра сапраўдную блізкасць. Музыканты ўпэўненыя, што з падтрымкай сяброў атрымаецца ўсё — нават немагчымае.
Ань Хітрык band — Тень
Апошні раз былая актрыса Купалаўскага і салістка гуртоў «Детидетей» ды «S°unduk» Ганна Хітрык давала канцэрт больш за чатыры гады таму, яшчэ да эміграцыі ў Ізраіль. Восенню 2021 года прыхільнікі яе творчасці нарэшце дачакаліся новых песень: новы альбом не такі пазітыўны, як ранейшыя, але поўны цеплыні, надзеі і веры ў чалавека.
Dlina Volny — Dazed
Беларускі англамоўны гурт сабраў у сваім альбоме пачуцці і ўспаміны за апошнія гады, а таксама ўвасобіў у ім цёмныя фантазіі.
Бакей — BELMO
Пасля эксперыментаў з поп-музыкай Бакей вяртаецца ў рэп і выпусціў міні-альбом.
CHORNABROVA — Слова
Акцёрка і спявачка Паліна Дабравольская запісала дэбютны альбом, хаця прызналася ў сацыяльных сетках, што «заўсёды сабе казала, што не здольная пісаць музыку і што я ніколі не змагу напісаць нават адну песню». Chornabrova кажа, што робіць музыку ад сэрца і заўсёды для гледача/слухача.
А якія кліпы выйшлі?
Восень была досыць ураджайнай на музычныя відэа. У наш топ мы выбралі пяць.
Zakharik — Тайна
Спявачка Саша Захарык і прадзюсар Яраслаў Таміла заснавалі праект ZAKHARIK, у якога выйшаў першы сінгл «Тайна». Песню ўхвалілі Іван Дорн і Аляксандр Гудкоў.
Yann Zhanchak — Живой
Ян Жанчак напісаў песню пасля таго, як ягоныя любімыя музыкі памерлі, не справіўшыся са шкоднымі звычкамі. У выніку атрымаўся трэк пра вечную гульню з самім сабой.
РСП — Серый квадрат
У апошні дзень лета РСП выдалі альбом «Ашчушчэнія», а восенню знялі відэа на адну з песень.
TryNici — Царкоўка
Прэм’ера кліпа на купальскую песню ад праекта TryNici (у ім удзельнічаюць Маргарыта Ляўчук, Сяржук Доўгушаў і Іван Кірчук) мусіла адбыцца яшчэ ўлетку 2020 года, але сумныя падзеі ў Беларусі перашкодзілі рэлізу.
БАК — Зямля
«Зямля» — вынік калабу мастака Doctor Oy, Міхаіла Дайлідава і Мікіты Арлова, якіх шырокая публіка ведае па праектах Michael Dailida і «СОЮЗ». Гэта твор пра перажыванне, зняволенне, адзіноту і, безумоўна, надзею на лепшае.