У прыватнасці, з 2022 года падаткам на нерухомасць можа абкладацца нават адзіная кватэра ва ўласнасці, піша Onliner.by.

На сёння ўласнікі жылых памяшканняў плацяць падатак на нерухомасць толькі ў тым выпадку, калі валодаюць двума і больш аб'ектамі. Льгота на першую кватэру прадугледжана артыкулам 228 Падатковага кодэкса краіны (пункт 4.4). Аднак з 1 студзеня 2022 года ўсё можа змяніцца. Адпаведную прапанову ўжо ўнеслі ў праект закона.

Выключэнне зроблена толькі для некалькіх катэгорый ільготнікаў (пенсіянеры, інваліды I і II групы, непаўналетнія, недзеяздольныя, вайскоўцы, удзельнікі Вялікай айчыннай вайны). Пра гэта сведчыць 114-ы пункт новага праекта.

Пры гэтым, калі льготнікі маюць два і больш аб'ектаў падаткаабкладання, то льгота распаўсюджваецца толькі на адзін з іх.

Onlíner спрабаваў высветліць падрабязнасці ў Мінфіне, але там ад каментароў пакуль устрымліваюцца. У прэс-службе растлумачылі, што закон яшчэ не прыняты, ён на стадыі разгляду, у найбліжэйшы час у Міністэрстве выступяць з тлумачэннямі.

Нагадаем, што сёння падатак на нерухомасць для фізічных асоб складае 0,2% ад кошту аб'екта нерухомасці і распаўсюджваецца на другую і наступныя памяшканні ў шматкватэрных і (або) блакіраваных жылых дамах. Тэрмін выплаты падатку — не пазней за 15 лістапада бягучага года.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0