Падставай для крымінальнага пераследу асуджанага на тры гады хіміі актывіста сталі дысцыплінарныя спагнанні за парушэнне ўнутранага распарадку, піша Радыё Свабода.
Працэс праходзіў у судзе Круглянскага раёна пад старшынствам суддзі Дзмітрыя Сасноўскага. Дзяржаўнае абвінавачанне прадстаўляў пракурор раёна Міхаіл Андросенка. Падсудны бараніў сябе сам.
У апошнім слове Валадар Цурпанаў заявіў, што яго незаконна і несправядліва ўзялі пад варту. Ён назваў інкрымінаваны яму артыкул «рудыментам гулагаўскай сістэмы пакарання», які мае быць скасаваным.
Цурпанаў адбываў пакаранне за абразу дзвюх магілёўскіх судззяў Вікторыі Паляковай і Вольгі Краўчанкі. У Круглянскай папраўчай установе № 46 актывіст прабыў з 5 лютага па 10 сакавіка 2021 года. За гэты час на яго наклалі тры спагнанні і паставілі на прафілактычны ўлік як схільнага да экстрэмісцкай і іншай дэструктыўнай дзейнасці.
Сам ён на сваёй старонцы ў Facebook сцвярджаў, што справа заведзеная ў дачыненні да яго за тое, што ён згаджаўся працаваць толькі пры выкананні яго працоўных правоў пры адбыцці «хіміі» — патрабаваў заробак, які адпавядае мінімальнаму памеру, гарантаваным дзяржавай.