Паводле інфармацыі Tut.by у медыка быў каранавірус.

Павіншаваў са святам і трапіў у рэанімацыю

Шпіталізавалі Руслана Сахарэвіча 20 лютага. На пытанні аб сваім самаадчуванні ён жартаваў і прасіў не хвалявацца за яго. 23 лютага большая частка калектыву зрабіла сюрпрыз кіраўніку: з падарункамі і віншаваннямі прыйшлі да яго бальніцу. Як кажа старшы фельчар Наталля Драневіч, у палаце нават не ўсім хапіла месца.

А раніцай 8 сакавіка загадчык адправіў віншаванні ўсім калегам-жанчынам. Ніхто нават выказаць здагадку не мог, што ўвечары таго ж дня ён апынецца ў цяжкім стане ў рэанімацыі. Не дапамог апарат ШВЛ і моцнадзейныя лекі.

Руслан Сахарэвіч прыйшоў працаваць у хуткую дапамогу ў 2001 годзе адразу пасля інстытута. Працаваў у брыгадзе інтэнсіўнай тэрапіі. Гэта брыгада, якая выязджае на самыя складаныя выпадкі. Па ўспамінах калег, Сахарэвіч у любых сітуацыях захоўваў спакой, дзейнічаў хутка і прафесійна.

У 2018 годзе паспяховага лекара прызначылі загадчыкам падстанцыі.

«Такіх у нас вельмі мала»

Галоўная доктарка Станцыі хуткай медыцынскай дапамогі Брэста Валянціна Пашкевіч распавяла, што на Руслана Сахарэвіча заўсёды можна было спадзявацца. Ён жыў сваёй працай.

— Да моманту шпіталізацыі ні разу не браў бальнічны. Працаваў на 1,5 стаўкі. Браў і дадатковыя змены, калі трэба было замяшчаць кагосьці. У любы час можна было звярнуцца, і ўсё адно, наколькі моцна Руслан Пятровіч стаміўся — не адмовіць, — распавяла галоўны доктар.

У 2019 годзе Руслана Сахарэвіча ўзнагародзілі Граматай Галоўнага ўпраўлення аховы здароўя. За практычна 20 гадоў працы ў хуткай дапамогі на медыка не паступіла ніводнай скаргі. Толькі станоўчыя водгукі ад пацыентаў.

Развітацца з Русланам Сахарэвічам прыйшло шмат людзей — калегі, родныя, сябры і нават пацыенты. Брэст страціў вельмі важнага чалавека.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0