Падзеі ў Пінску 9 жніўня, Tut.by

Падзеі ў Пінску 9 жніўня, Tut.by

Раніцай 24 сакавіка мужчыну затрымалі і вынеслі яму абвінавачванне паводле арт. 293 Крымінальнага кодэкса «Масавыя беспарадкі». Валянцін Колб мае інваліднасць па захворванні сэрца, раней ён перанёс інфаркт.

Адразу пасля затрымання мужчыну стала дрэнна, яго даставілі ў Пінскую цэнтральную бальніцу, прыставілі канвой. Валянціна Колба абследавалі, дыягнаставалі перадынфарктны стан і пакінулі для далейшага лячэння. Мужчына некаторы час знаходзіўся ў рэанімацыі, пасля яго перавялі ў палату. Зараз стан у яго стабільны, бягучы дыягназ: ішэмічная хвароба сэрца і іншыя паталогіі, спадарожныя раней перанесенаму інфаркту.

Знаёмыя абвінавачанага лічаць, што інфаркт у яго можа паўтарыцца ў любы момант, а ва ўмовах СІЗА яго сэрца не вытрымае. З-за стрэсаў, звязаных са следствам, Валянцін Колб неаднаразова трапляў у бальніцу. Цяпер яго справа ўжо перададзеная ў пракуратуру.

Вядома, што ў бліжэйшы час мужчыну могуць выпісаць, і хоць яму патрэбная дыета, пастаянны прыём лекаў і рэгулярныя абследаванні, Валянціна змесцяць у СІЗА адразу пасля стацыянара.

Суд, верагодна, адбудзецца не хутка, бо цяпер яшчэ не вынесены прысуды першай групе ўдзельнікаў «Пінскай справы». І ўвесь гэты час Валянціну Колбу прыйдзецца знаходзіцца ў СІЗА, хоць яму патрэбная спакойная абстаноўка. Але, як паказвае цяперашняя практыка, ніхто ўлічваць стан яго здароўя не стане. Якасную экстранную дапамогу інваліду па сэрцы не акажуць, а «хуткая» можа не паспець даехаць у СІЗА.

Людзі, якія ведаюць Валянціна асабіста, упэўненыя, што ён не злачынец, ён не ўдарыў і не пакалечыў ніводнага з супрацоўнікаў міліцыі. Таксама яны перакананыя, што ён не заслугоўвае смерці з-за гэтай сістэмы.

Акрамя Валянціна Колба 24 сакавіка па крымінальнай «Пінскай справе» быў заключаны пад варту 23-гадовы Андрэй Хвескавец. Яго абвінавачваюць у тым, што ён «кідаў бутэльку, бляшаную банку, кавалак асфальту» ў сілавікоў. Хлопца змясцілі ў Баранавіцкае СІЗА-6.

Таксама раніцай таго ж дня з дому забралі Аляксандра Шандыбу. Сваякам пазней паведамілі, што яго павязуць у баранавіцкае СІЗА.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0